АБСЕ назвала моладзь прыярытэтам на 2016 год

АБСЕ назвала моладзь прыярытэтам на 2016 год

У 2016 годзе Германія ўзначаліла Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У адкрытым доступе быў апублікаваны дакумент па асноўных накірунках яе старшынства ў арганізацыі. “Абнавіць дыялог, вярнуць давер, аднавіць бяспеку” – лейтматыў працы на 2016 год. 

У дакуменце прадстаўлены асноўныя накірункі дзейнасці АБСЕ на бягучы год. Сярод іх “Узмацненне абмену паміж грамадствамі і насельніцтвамі”. Менавіта ў гэтым прыярытэце апісаныя планы арганізацыі адносна моладзі.

Германія плануе ўмацоўваць транснацыянальны моладзевы абмен і ўдзел маладых людзей ў палітычных працэсах. Для рэалізацыі абазначаных планаў яна працягне ініцыятывы сваіх папярэднікаў (Швейцарыі і Сербіі) па ўключэнні моладзі ў працэс прыняцця рашэнняў. Сярод іншых захадаў, для ўзмацнення голасу моладзі ў АБСЕ кожная краіна-ўдзельнік Міністэрскай тройкі прызначыць уласнага Спецыяльнага прадстаўніка па пытаннях моладзі і бяспекі.

Таксама, у супрацоўніцтве з прыватнымі фондамі, Германія падтрымае правядзенне двух форумаў Моладзевага Еўрапарламента і правядзе ў два этапы “Канферэнцыю маладых лідараў” (“Young Leaders Conference”) для маладых палітыкаў, эканамістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Напрыканцы 2016 года адбудзецца фінальнае мерапрыемства з удзелам моладзі з усіх дзяржаў-удзельніц АБСЕ і, пажадана, сябраў Парламентскай асамблеі АБСЕ.

АБСЕ не ўпершыню звяртае ўвагу на моладзь, значнасць ролі гэтай сацыяльнай групы адлюстравана, сярод іншага, у “Стратэгіі ў стасунку пагрозы па бяспецы і стабільнасці ў 21 стагоддзі”. Напрыканцы 2015 года Савет міністраў АБСЕ прыняў “Дэкларацыю аб моладзі і бяспецы“, у якой нагадаў пра прынятыя ў межах АБСЕ абязальніцтвы, датычныя моладзі, і падкрэсліў важнасць спрыяння іх выкананню.