Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў

У канцы сакавіка ўрад прыняў праграму «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016-2020, якую моладзевыя ініцыятывы і грамадства чакалі цягам апошніх пяці год. Пра што праграма і якую карысць нясе гэты маштабны дакумент па моладзевай палітыцы? Rada.fm паспрабавала разабрацца ў праграме і зразумець, ці прынясе яна пазітыўныя змены для простых маладых беларусаў.

Што зрабіла дзяржава для моладзі?

“Моладзевая палітыка” – не асобная праграма, а падпраграма ў межах агульнага дакумента, адказным замоўцам якога з’яўляецца Міністэрства адукацыі. Пасля ліквідацыі Камітэту па справах моладзі пры Савеце Міністраў, усе пытанні моладзевай палітыкі былі перададзеныя Міністэрству адукацыі, якое разам з іншымі дзяржаўнымі органамі рыхтуе справаздачы аб стане моладзі, вызначае накірункі моладзевай палітыкі. У межах падпраграмы “Моладзевая палітыка” была апублікаваная справаздача “Сучасны стан і прагноз рэалізацыі моладзевай палітыкі”, у якой дзяржава падсумавала зробленае за апошнія гады і акрэсліла накірункі будучай дзейнасці.

У якасці крытэрыяў паспяховасці моладзевай палітыкі дзяржава вызначае тое, наколькі актыўна маладыя людзі ўдзельнічаюць у працы студэнцкіх атрадаў, у валанцёрскім руху, а таксама ўзровень “патрыятычнага” выхавання, змяншэнне колькасці тых, хто паліць цыгарэты і ўжывае алкаголь. Тое, наколькі актыўна маладыя людзі прымаюць удзел у жыцці грамадства, могуць рэалізоўваць свой патэнцыял, у якасці крытэрыю не вызначаецца.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
wikimedia.org

Барацьба з дрэннымі звычкамі

У справаздачы адзначаецца, што за апошнія гады знізілася колькасць курыльшчыкаў і тых, хто ўжывае алкаголь цалкам і сярод моладзі. Насамрэч Беларусь зараз толькі на 10 месцы па ўжыванні алкаголю ў свеце (у 2014 мы былі першымі), але сярэдняя колькасць спажыванага алкаголю на адну асобу знізілася на 0,5 літра, а ўзрост пачатку “алкагольнай кар’еры” так і застаўся на мяжы 15 гадоў.

Па ўжыванні цыгарэт Беларусь так і засталася на 9 месцы ў свеце, і паводле дадзеных Белстату за апошнія 5 гадоў на 1,3% павялічылася колькасць маладых дзяўчат (16-19 гадоў), якія стала паляць тытунь. Павялічылася колькасць і маладых жанчын, якія ўжываюць табак. Больш стала маладых людзей і нават дзяцей з нарказалежнасцю. Паводле статыстыкі, большасці беларускіх нарказалежных ад 20 да 40 гадоў. Дарэчы, праблему нарказалежнасці дзяржава плануе вырашаць праз правядзенне канферэнцый, круглых сталоў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

З іншага боку, паводле дадзеных ААН, Беларусі ўдалося прыпыніць эпідэмію СНІДу сярод нарказалежных: за апошнія 5 гадоў знізілася колькасць выяўленых новых выпадкаў інфіцыравання. Але катэгорыі “ВІЧ” і “СНІД” і іншыя не ўпамінаюцца ў  справаздачы Міністэрства Адукацыі, нягледзячы на тое, што менавіта ў гэтых кірунках Беларусь мае значныя дасягненні.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
wikimedia.org

Дзеці і сям’я

Сярод іншых дасягненняў у сферы моладзевай палітыкі дзяржава таксама адзначыла, что ёю былі “прынятыя меры па стварэнні ўмоў для ўмацавання інстытута сям’і, стымулявання моладзі ствараць сем’і, дзе ёсць дзеці, паляпшэнні жыллёвых умоў маладых сем’яў”. У падтрымку гэтага тэзісу ў праграме не прыведзеная статыстыка. Факты ж сведчаць, што толькі за апошні год фінансаванне праграмы ільготнага будаўніцтва ўрэзалі на 40%, некаторыя катэгорыі грамадзян пазбавілі права першай чаргі на ільготнае будаўніцтва, а таксама з 1 сакавіка 2016 зменшаны метраж кватэры, якую сям’я можа пабудаваць на ільготнай аснове (да 20 кв. м на чалавека). Таксама занепакоенасць выклікаюць і новыя правілы налічэння працоўнага стажу, паводле якіх час дыкрэту не залічваецца як частка працоўнай дзейнасці. А значыць, жанчыны, якія адзін за адным нарадзілі двух ці нават трох дзяцей, пазбаўляюцца 3-9 гадоў стажу.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
wikimedia.org

Грамадская актыўнасць

У справаздачы Міністэрства адукацыі ёсць пункт пра тое, што “моладзь прыцягваецца да сацыяльна- грамадскай дзейнасці праз органы самакіравання, грамадскія аб’яднанні моладзі, валанцёрскі рух”. Згодна са статыстыкай на 1 студзеня 2013 года, у Беларусі зарэгістравана 248 моладзевых грамадскіх аб’яднанняў, з іх толькі 16 маюць дзяржаўную падтрымку.

Гэты паказчык вельмі невялікі. Асабліва ўлічваючы, што паводле звестак Справаздачы па моладзевай палітыцы Беларускага нацыянальнага моладзевага савету “РАДА”, большасць зарэгістраваных моладзевых арганізацый працуюць у спартыўным кірунку, шмат якія ініцыятывы існуюць толькі фармальна ці не функцыянуюць наогул, а дзяржаўную падтрымку атрымоўвае ў асноўным БРСМ. Таксама на  нізкую матываванасць маладых людзей уступаць у моладзевыя арганізацыі ўплывае тое, што ў Беларусі наўмысна ствараецца вобраз моладзевых арганізацый як апазіцыйных, палітызаваных устаноў. Гэты вобраз эксплуатуецца дзяржаўнымі медыямі. Такім чынам, атрымоўваецца, што маладыя людзі няшмат ведаюць пра рэальную дзейнасць НДА і ўспрымаюць іх праз прызму стэрыятыпаў.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
youngpeopleinrecovery.org

Праблемныя падлеткі і маладыя людзі
На думку стравальнікаў справаздачы, сацыялізавацца маладым беларусам перашкаджае інтэрнэт. Распаўсюджванне інфармацыйных тэхналогій вядзе да “сціскання кола інтарэсаў, збегу ад рэальнасці ў віртуальны свет”. А значыць, неабходна “прыняць меры па забеспячэнні інфармацыйнай бяспескі маладога пакалення ў інфармацыйных сетках”. Абараняць неакрэплыя, як лічаць чыноўнікі, розумы маладых людзей дзяржава ўжо пачала, напрыклад, праз унясенне зменаў у закон “Аб сродках массавай інфармацыі”. Паводле іх любы сайт, які Мінстэрства інфармацыі палічыць небяспечным (напрыклад, які ўтрымлівае “экстрэмісцкія матэрыялы”), можна зачыніць без рашэння суда, а замежным сайтам неабходна асобна рэгістравацца ў Беларусі, інакш доступ да іх будзе забаронены.
Пасля таго, як моладзь будзе выратаваная ад шкоднай інфармацыі, дзяржава мяркуе “кадрава ўзмацаваць кіраўнічую вертыкаль па працы з моладдзю” і стварыць шматпрофільныя цэнтры для моладзі ў рэгіёнах.

Накірункі моладзевай палітыкі

Першае, што кідаецца ў вочы падчас аналізу праграмы – тое, што агульны фокус моладзевай палітыкі, заяўлены яшчэ ў 2002 годзе, не змяняецца. Стаўка робіцца на актывізацыю патрыятычнага выхавання моладзі і прасоўванне дзяржаўнай ідыялогіі. Так для правядзення сваёй палітыкі дзяржава плануе стварыць рэспубліканскі моладзевы інфармацыйны рэсурс ў Інтэрнэце (выдзелена 50 млн. руб. адзінаразава), правесці навуковыя і сацыялагічныя даследванні моладзі (цалкам 36 млн руб.), а таксама пачаць арганізоўваць ва ўстановах адукацыі акцыі інфармавання па актуальных праблемах соцыуму і палітыкі (каля 870 млн руб). Больш за 2,5 мільярды рублёў дзяржава плануе выдаткаваць на святкаванне Дня Незалежнасці і Дня Перамогі – ключавых мерапрыемстваў па “выхаванні парыятызму” сярод маладых людзей.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
licey5.minsk.edu.by

Галоўныя суб’екты праграмы – дзяржава, БРСМ, адміністрацыі ВНУ, а не сама моладзь. У дакуменце дэтальна распісаныя мерапрыемствы, на якія дзяржава будзе выдзяляць грошы. Цікава, што ў праграме няма нават ніводнага ўпамінання пра магчымасць выдзялення грошай мясцовым моладзевым ініцыятывам, калі тыя звернуцца да ўладаў. Затое ёсць праект БРСМ “100 идей для Беларуси“, які накіраваны на пошук цікавых ідэй для развіцця нашай краіны.

Для сельскай моладзі

Асаблівая ўвага надаецца таксама развіццю моладзі на сяле і ў рэгіёнах. Прычым відавочна, што стваральнікі праграмы вельмі добра ведаюць, што гэтай моладзі патрэбна, а таму адмыслова для маладых сяльчан плануюць правесці конкурсы “Уладар сяла”, ”Моладзь за чысціню гарадоў і сёлаў” і іншыя падобныя мерапрыемствы. Між тым у Беларусі працягваецца працэс урбанізацыі – маладыя людзі імкнуцца з’ехаць з вёскі ў горад. Паводле апошніх дадзеных Белстата, больш за 80% маладых людзей жывуць у гарадах. Моладзь не імкнецца заставацца на вёсцы, нягледзячы на намаганні дзяржавы. Кожныя пяць гадоў прымаюцца рэспубліканскія праграмы “ўстойлівага развіцця” на сяле. У іх спыненне адтоку кваліфікаваных кадраз і заахвочванне маладых спецыялістаў з’яўляецца адной з асноуных мэтаў. Дзяржава выдзяляе субсідыі на будаўніцтва і нават гатовыя дамы тым, хто прыедзе падымаць сяло. Аднак адсутнасць развітай інфраструктуры для маладых людзей на сяле запавольвае гэты працэс.  Таксама, як адзначаецца ў Справаздачы Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, на сяле не вырашаная праблема алкагалізацыі насельніцтва. Вялікая колькасць маладых сяльчан, якія не знаходзяць магчымасці рэалізаваць сябе ў вёсцы, пачынаюць злоўжываць алкаголем.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
krupki.by

Моладзевыя сталіцы

Для рэгіёнаў дзяржава ўжо запусціла праект моладзевых сталіц, які павінен паспрыяць паляпшэнню становішча маладых людзей у канкрэтных гарадах, стварэнню лакальных культурных, адукацыйных пляцовак і інфраструктуры для моладзі. Пакуль жа звестак, што ў першай моладзевай сталіцы Баранавічах адчыніліся новыя ўстановы для развіцця моладзі ці моладзевыя цэнтры, няма. За год у Баранавічах плануецца правесці 130 мерапрыемстваў, якія не будуць прафінансаваныя у межах праграмы “Моладзевая палітыка” ў адрозненне ад самаго конкурса на статус новай сталіцы. На яго  ў гэтым годзе выдаткавана 38 мільёнаў рублёў.

Цалкам на конкус моладзевых сталіц дзяржава выдзеліла 176 мільёнаў рублёў на 5 гадоў з рэспубліканскага і 61 мільён з абласнога бюджэту Віцебскай вобласці. Цікава, што ў гэтым годзе сталіцай моладзі быў абраны горад Брэсцкай восласці і пакуль цяжка прадказаць, гарады з якіх абласцей будуць выбірацца ў якасці моладзевых сталіц цягам наступных 4 гадоў, але плаціць за мерапрыемствы праекту чамусьці будзе Віцебская вобласць. У самой жа Віцебскай вобласці адным з самых маштабных мерапрыемстваў для моладзі стане “Славянскі Базар”, частка бюджэту якога таксама будзе прафінансаваная ў межах праграмы моладзевай палітыкі. Прычым тут выдаткі прыйдзецца падзяліць усім абласцям рэспублікі. Усяго ў правядзенне “свята талента” плануецца ўкласці 3,08 мільярда рублёў. І гэтыя грошы пойдуць на “правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне пазітыўнага іміджу моладзі”.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
Парад маладых сямей на Дажынках. Фота: dzr.by

Для маладых сямей

Цягам 2016-2020 гадоў дзяржава плануе фінансава падтрымаць маладыя сем’і, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў. Але не ўсіх, а ў першую чаргу тых, хто пасля размеркавання паедзе працаваць у забруджаныя радыяцыяй рэгіёны, пачне працоўны стаж у органах МУС і МНС, Следчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. На ільготныя крэдыты пойдзе большая частка ўсяго бюджэту праграмы – 110 мільярдаў рублёў (за 5 гадоў). Усім астатнім маладым сем’ям дзяржава падрыхтавала суцяшальныя прызы: ад 2016 года пары, якія у першы раз уступаюць у шлюб, будуць атрымоўваць у падарунак падчас рэгістрацыі выданні Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Таксама Міністэрства адукацыі абяцае правесці шэраг мерапрыемтваў, “накіраваных на свядомае бацькоўства і прысвечаных этыцы і псіхалогіі сямейных зносін”.

За здаровую моладзь

Заахвочваць да пераходу да здаровага ладу жыцця ўрад плануе праз арганізацыю турзлётаў, спартыўных спаборніцтваў, сусветных дзён здароўя і інш. Самае маштабнае з мерапрыемстваў – правядзенне спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Па традыцыі ў межах гульні па ўсёй рэспубліцы на базе навучальных устаноў фарміруюцца каманды. Спаборнічаюць удзельнікі ва ўменні страляць, ставіць намёты, хадзіць строем, апранаць процівагаз і іншых. Усяго гульня абыдзецца бюджэту краіны ў 290 млн рублёў. Амаль у тры разы больш (каля 900 млн руб.) будзе выдаткавана на барацьбу з тытуня-, алка- і нарказалежнасцю цягам пяці гадоў. Таксама бюджэтнае фінансаванне атрымаюць спаборніцтвы па чырлідзінгу, сучасным танцы, хакеі, футболе і іншых відах спорту.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
belayarus.by

Выдаткоўваючы грошы на ЗОЖ, дзяржава ўзяла накірунак на барацьбу з ажырэннем нацыі, бо паводле статыстыкі Белстата, апублікаванай у 2013 годзе, за апошнія гады павялічылася колькасць маладых людзей з празмернай вагой. Адзначаецца, што маладыя людзі набіраюць вагу праз нездаровае харчаванне і нізкую цікавасць да спорту. Аднак у справаздачы аб стане моладзі за 2013, падрыхтаванай Міністэрствам адукацыі, і статыстычным зборніку Белстату “Дзеці і моладзь” за 2015, дзе выказваецца думка пра неабходнасць барацьбы з ажырэннем, бракуе звестак пра хранічныя захворванні моладзі, фактары рызыкі для здароўя маладых людзей, звязаныя з наступствамі аварыі на ЧАЭС, агульным пагаршэннем экалогіі і інш. У Беларусі пакуль не дастаткова маштабных агульнанацыянальных комплексных даследванняў здароўя маладых людзей, якія б маглі выявіць рэальную статыстыку захворванняў.

Маладым людзям з інваліднасцю

У праграме абазначанае адзінае асобнае мерапрыемства ў напрамку падтрымкі маладых людзей з інваліднасцю. Ім прапаноўваюць прадэманстраваць свае таленты ў конкурсе “Запалі сваю зорку”. А таму ўзнікае пытанне, наколькі добра дзяржава ведае патрэбы і інтарэсы людзей з інваліднасцю. Як адзначаецца, напрыклад, у справаздачы Офіса па правах людзей з інваліднасцю, людзей з інваліднасцю хвалюе, што дзяржава не ўспрымае іх як тых, хто можа самастойна прымаць удзел у прыняцці рашэнняў, размеркаванні рэсурсаў. Пры чым нават рашэнняў і рэсурсаў, ад якіх наўпрост залежыць якасць іх жыцця. Таксама Офіс па правах людзей з інваліднасцю адзначае, што пакуль у Беларусі ёсць вялікія пытанні з дасяжнасцю і стварэннем  безбар’ернага асяроддзя, працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю і атрымоўваннем імі вышэйшай адукацыі і інш.

Маладым прадпрымальнікам

Сярод мерапрыемстваў для маладых прадпрымальнікаў дзяржава таксама пазначае конкурсы, круглыя сталы, некалькі адукацыйных мерапрыемтваў і конкурс “Беларусь-Стартап”. Апошні, дарэчы, рэальна дае магчымасць студэнцткім стартапам заявіць пра сябе, бо акрамя рэзанансу таленавітыя стартаперы атрымоўваюць магчымасць паўдзельнічаць у міжнародных конкурсах і там пашукаць сабе інвестара. Адраснай дапамогі і мерапрыемстваў па стварэнні спрыяльнага мікраклімату ў сферы бізнэсу праграма не прадугледжвае.

Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
startupweekend.by

Крыніцы фінансавання

З’яўленне праграмнага дакумента ў сферы моладзевай палітыкі можа разглядацца недзяржаўнымі грамадскімі ініцыятывамі як пазітыўная з’ява, бо цягам апошніх 5 гадоў моладзевая палітыка рэалізоўвалася праз прамое пералічэнне сродкаў на рахункі ГА “БРСМ”. А таму галоўным актарам моладзевай палітыкі і бенефіцыярам дзяржаўных фондаў было ГА “БРСМ”, якое на свае патрэбы штогод атрымоўвала прыкладна 4-6 мільёнаў долараў. Фінансаванне ГА “БРСМ” было закладзена ў Рэспубліканскі бюджэт у раздзеле “Моладзевая палітыка”, і гэта пры тым, што пра неабходнасць пераходу гэтай арганізацыі на самафінансаванне гаворыцца з 2011 года . У 2014 годзе БРСМ атрымаў ад дзяржавы 43,7 мільярды рублёў (4,5 млн дол.) на рэалізацыю сваёй дзейнасці, у 2015 – 51,2 млрд (4,5 млн дол.), 2016 – 63,9 мільяраў (3,4 мільёны долараў). Новая праграма не змяніла фінансавай сітуацыі – грошы з бюджэту як і раней ідуць на БРСМ, але дзяржава ўзяла на сябе абавязак па рэалізацыі комплексу мер ў сферы моладзевай палітыкі, а НДА атрымалі магчымасць маніторынгу і ацэнкі эфектыўнасці дзяржаўнай моладзевай палітыкі.

Цікава, што з моманту адмены дзяржаўнай праграмы “Моладзь Беларусі” выдаткі дзяржавы на моладзевую палітыку толькі раслі.  Хоць фактычна 98% дзяржаўных грошай выдзяляліся толькі на ўтрыманне ГА “БРСМ”. Агульная праграма падтрымкі моладзі, якая закончылася ў 2010 годзе, каштавала дзяржаве каля 15,2 млрд рублёў (5,4 млн дол.), а ўжо з 2011 года без нейкіх праграмаў, толькі фактычна на дзейнасць БРСМ было выдаткавана 20 млрд рублёў (6,9 млн дол.), што ў беларускіх рублях ўсяго на чатыры мільярды менш за суму, выдзеленую ў 2016 на рэалізацыю падпраграмы “Моладзевая палітыка”.

Заклапочанасць выклікае той факт, што рэспубліканскім бюджэтам-2016 не прадугледжанае фінансаванне асобнай падпраграмы моладзевай палітыкі. Адкуль дзяржава возьме грошы на яе рэалізацыю?

Варыянтаў вырашэння  праблемы ў дзяржавы некалькі.  Напрыклад, частка мерапрыемстваў, якія прадугледжаныя падпраграмай моладзевай палітыкі, рэалізуюцца праз дзейнасць ГА “БРСМ”, а значыць, магчыма, частку грошай возьмуць з бюджэту гэтай арганізацыі. У другім варыянце ёсць верагоднасць, што Савет Міністраў падпіша асобную пастанову пра выдзяленне дадатковых грошай з рэспубліканскага бюджэту. Тады ГА “БРСМ” можа атрымаць дадаткова яшчэ некаторую частку бюджэту, выдаткаванага на рэалізацыю моладзевай палітыкі.

0
Каментары
Няма каментарыяў.
Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў
Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў Урад прыняў праграму, якую маладыя людзі чакалі 5 гадоў