Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Rada.fm

Размеркаванне – перажытак савецкага часу ці механізм дапамогі маладым спецыялістам, сістэма прымусу ці спосаб падтрымкі выпускнікоў без вопыту працы? У экспертаў Грамадскага Балонскага камітэта, БАСС, прадстаўнікоў ВНУ, студэнтаў і выпускнікоў розныя меркаванні пра гэты інстытут.

У мінулым годзе Беларусь уступіла ў Балонскі працэс. Паводле Балонскага пагаднення, наша краіна павінна рэфармаваць размеркаванне як інстытут: перайсці ад татальнага размеркавання выпускнікоў фактычна ўсіх спецыялізыцый да размеркавання толькі тых, хто вучыўся на некаторых спецыяльнасцях. Напрыклад, можна пакінуць размераванне для дактароў і спецыялістаў іншых галінаў, дзе назіраецца відавочны недахоп спецыялістаў. Але за апошні год адмыслоўцы, якія займаюцца вывучэннем пытання размеркавання ў межах БАСС і Грамадскага Балонскага камітэта, не зафіксавалі спробаў дзяржавы рэфармаваць інстытут размеркавання на заканадаўчым узроўні.

Затое экспертам БАСС, якія праводзілі даследаванне праблемных выпадкаў размеркавання і рабілі апытанне сярод студэнтаў па гэтай тэме, удалося сабраць цікавыя выпадкі. Напрыклад, на некаторых спецыяльнасцях гуманітарнага профілю выпускнікі размяркоўваюцца на 0,25 стаўкі (фактычна адну заяўку падзяляюць на чатырох чалавек, каб размеркаваць хоць куды-небудзь), частку ўчорашніх студэнтаў пакідаюць працаваць на кафедры, не забяспечваючы ім пры гэтым дастатковы аб’ём працы і прыстойны заробак. З-за недахопу заявак на некаторых спецыяльнасцях дэканаты гатовыя прымаць індывідуальныя заяўкі не па профілі, размяркоўваць да ІП, нават патрабаваць ад выпускнікоў адчыняць ІП, каб іх можна было накіраваць на працу на ўласную фірму. З іншага боку адзначаюцца выпадкі дыскрымінацыі выпускнікоў платнай формы навучання. Напрыклад, былі зафіксаваныя сітуацыі, калі на месца па заяўцы, прынесенай «платнікам», быў размеркаваны «бюджэтнік».

Сяргей Вятохін, загадчык кафедры сертыфікацыі БДТУ

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Сяргей Ветохін. Фота: eurobelarus.info

Размеркаванне было задуманае, як механізм задавальнення народнай гаспадаркі працоўнымі кадрамі. Прычым не дзяржаўных устаноў, а ўсіх рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь. Зараз дэфіцыту кадраў няма амаль ва ўсіх галінах, за выключэннем, можа быць, выкладчыкаў у сельскай мясцовасці і ўрачоў. Дакладную статыстыку я не глядзеў, я так мяркую. Проста ўмовы працы, заробкі ў гэтых галінах не вельмі, таму цякучка там вялікая. У іншых галінах дэфіцыту няма, а механізм размеркавання захоўваецца. Мне здаецца, што тут праблема нумар адзін. І атрымліваецца, што ідзе нейкі прымус, хаця ён са згоды адбываецца. Бо, калі студэнт паступае ва ўнівесітэт, ён падпісвае дамову, што згодны з адпрацоўкай. І такая дамова замацавана заканадаўствам. Не гатовы згадзіцца з тым, што працоўных месцаў для выпускнікоў няма. Не скажу, што гэта зусім няпраўда. Але гэта не зусім так. Месцы ёсць, але згодна з заканадаўствам іх нельга замяшчаць выпускнікамі. Напрыклад, у маёй практыцы гэтага года былі выпадкі, калі студэнты знаходзілі кампаніі, якія згодныя іх узяць. Але месца, на якое прэтэндаваў выпускнік, належала супрацоўніцы-дыкрэтніцы. І такіх выпадкаў шмат. Таксама кіраўнікі некаторых прыватных фірмаў не разумеюць, што прыём выпускніка на працу не нясе фінансавых абавязкаў. Маўляў, сёння такіх абавязкаў няма, а заўтра будуць, і мы пацерпім. І калі б два гэтыя фактары не дзейнічалі, то на нашай кафедры ніякіх праблемаў з размеркаваннем не было б. І яшчэ, калі мы кажам пра Еўропу, то там пад працаўладкаваннем пасля заканчэння ВНУ разумеецца і нейкая самастойная дзейнасць. Прадпрымальніцтва, напрыклад. У нас гэтага няма, і больш за тое, як выявілася падчас кампаніі размеркавання ў нашым ВНУ, накіраваць на працу да індывідуальнага прадпрымальніка таксама нельга.

Уладзімір Дунаеў, член Грамадскага Балонскага камітэту

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Уладзімір Дунаеў. Фота: eurobelarus.info

Беларускае размеркаванне адносіцца да прымусовай працы, якая можа мець месца толькі падчас ваенных дзеянняў, экалагічных катастроф. І некалі Вярхоўны суд прызнаў, што падпісанне дамовы пра згоду студэнта пасля заканчэння ўніверсітэта паехаць на адпрацоўку, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але пакуль гэта ніяк не паўплывала на практыку. І калі мы кажам пра размеркаванне, гэта не толькі праблема заканадаўства. Брыдкая сістэма размеркавання на нашых вачах памірае. Яна пераўтвараецца ў пустую форму, якая запаўняецца неправавымі метадамі.
Сёння ў нашай краіне адбываецца пераход ад дэфіцыту кадраў да дэфіцыту працоўных месцаў. Па-першае, колькасць звольненых з кожным месяцам расце ў параўнанні з колькасцю прынятых на працу. Па-другое, паводле статыстыкі рэсурсу Работа.Tut.by, на адну вакансію прыходзіцца 92 рэзюмэ, па іншых дадзеных, у сярэднім у краіне 12 прэтэндэнтаў на працоўнае месца. І ў сітуацыі, калі рынак працы кардынальна змяніўся, то існаванне размеркавання становіцца абсурдным. Калі ВНУ не могуць забяспечыць выпускнікоў працай нават у прымусовым рэжыме, то навошта размеркаванне? З іншага боку, калі дзяржава адмовіцца ад размеркавання, то якім чынам наагул яна зможа гарантаваць выпускніку першае месца працы?

Антаніна, студэнтка хімфаку БДУ, гатовая праводзіць лікбез па размеркаванні для іншых студэнтаў

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Антаніна Брадовіч

Калі ты прыходзіш на першы курс і табе кажуць пра размеркаванне, то ў галаве ўзнікае думка «Вось пяць гадоў я вучуся, а потым мяне размяркуюць. І на сем гадоў жыццё больш-менш наладжанае». І вось ты прыходзіш на чацвёрты курс, а нічога не вызначана. І ты сам асабліва не прыкладаў намаганняў, бо спадзяваўся на дзяржаву, а дзяржава не прадставіла. І мне здаецца, што трэба першапачаткова даводзіць студэнтам, што яны самі павінны шукаць месца праца, а не спадзявацца на кагосьці. І трэба працаваць над практыкай. Вось мая сяброўка, якая вучыцца ў Германіі, мне распавядала, што яна з першага курсу супрацоўнічае са сваім патэнцыйным працадаўцам. У іх адразу кажуць: «Рабяты, вы нікому не патрэбныя, ідзіце і шукайце». У нас жа студэнтаў не рыхтуюць да размеркавання, не распавядаюць пра тое, што яны павінны знайсці працу, не ладзяць заняткаў па прафарыентацыі. І таму часта навучэнцы выпускных курсаў не ўсведамляюць, што калі яны самі не знойдуць сабе месца, універсітэт не зробіць гэтага за іх. Я і некалькі іншых актывістаў гатовыя рабіць такія семінары, але ўніверсітэт не зацікаўлены ў гэтым. Мы гатовыя самі хадзіць па аўдыторыях і распавядаць іншым студэнтам пра юрыдычныя ды іншыя аспекты размеркавання, і мы прапаноўвалі гэта, але нам адказалі, што гэта не патрэбна.

Таццяна, студэнтка, ІТ-спецыяліст

У мяне іншая праблема. Я знайшла сабе працу з годным узроўнем заробку ў кампаніі, якая мне падыходзіць. Але я вельмі перажываю, што маю заяўку могуць не задаволіць. Бо я добра вучуся і па ўсім відаць, што я, як шмат хто з маіх аднакурснікаў, запатрабаваныя на рынку працы спецыялісты. Але нас могуць накіраваць не на фірму, якая выпісала на нас індывідуальную заяўку, а падымаць айчынную прамысловасць. Я чула пра выпадкі, калі лепшых выпускнікоў, нягледзячы на індывідуальную заяўку, размяркоўвалі ў дзяржаўныя ўстановы, якія адчуваюць дэфіцыт высокаадукаваных спецыялістаў з высокім балам, якія добра сябе зарэкамендавалі падчас навучання і практыкі.

Крысціна Мурашова, старшыня БАСС

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Крысціна Мурашова. Фота: bolognaby.org

У мяне, напрыклад, усведамленне таго, што мне прыйдзецца працаваць, з’явілася яшчэ на трэцім курсе каледжа. І калі ўжо ў ВНУ я пайшла на практыку ў Міністэрства юстыцыі, я прыходзіла туды кожны дзень і сядзела на крэсле і нічога не рабіла. І мяне не адпускалі, хоць у мяне ўжо была праца, дзе я зарабляла грошы, а мне казалі: «Сядзі». І тады я зразумела, што трэба шукаць месца для размеркавання. І разумела гэта з-за таго, што мяне так выхоўвалі. Але не ўсе такія.
Таму і патрэбныя цэнтры кар’еры, дзе выпускнікоў будуць вучыць вельмі простым рэчам. І на гэта не патрэбныя вялікія грошы ці высілкі. Прычым працаваць у цэнтрах кар’еры маглі б актывісты студэнцкіх арганізацый, каб гэта не было фармальным вывешваннем на сайце інфармацыі пра вакансіі і прафарыентацыяй два разы на год. У цэнтрах кар’еры павінны распавядаць простыя рэчы: як ствараць рэзюмэ, як рыхтавацца і паводзіць сябе на сумоўі. На ўсіх спецыяльнасцях вывучаюць прававыя асновы, дзе мімаходзь распавядаюць і пра грамадзянскія, і пра працоўныя правы. А чаму б не распавесці студэнтам на гэтых занятках пра тое, што ім спатрэбіцца рэальна?

Дар’я Кароль, рэжысёрка фільма пра размеркаванне

Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Дар'я Кароль

На мой погляд, асноўныя праблемы размеркавання ў нашай краіне тычацца менавіта ўмоў (месца жыхарства, узроўню заробка, магчымасцяў самарэалізацыі на працы). І неабавязкова жыць у сталіцы, каб займацца любімай справай і быць шчаслівым, але важна, каб у цябе быў камфортны дом, любімая справа, прыстойная аплата працы, натхняльнае асяроддзе.
Наш фільм называецца «Test-730». Ён пабудаваны на гісторыях трох рабят, якія скончылі сталічныя ВНУ і былі накіраваныя адпрацоўваць размеркаванне ў маленькі горад ці вёску. Тым не менш гэтыя рабяты верныя сваім марам і не даюць цяжкасцям іх зламаць і праходзяць тэст-730 з гонарам. Хочацца, каб гэты фільм стаў натхненнем як для тых, хто знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі, так і для ўсіх маладых людзей, якія сутыкаюцца са складанасцямі, якія перашкаджаюць ім пачаць свой пасляўніверсітэцкі шлях. Мы паспрабавалі атрымаць грант на здымкі, і для заяўкі зрабілі трэйлер.

На дадзены момант мы плануем зняць поўную версію фільма ў добрай якасці, для чаго ў ліпені будзем праводзіць краўдфандынгавую кампанію на ulej.by. Мы вельмі спадзяемся на падтрымку ад усіх, каго хвалюе гэтая тэма! У сваіх працах я імкнуся да ўзроўню human kind – калі можна змяніць паводзіны людзей у лепшы бок, натхніць і дапамагчы. Тэма размеркавання – як раз з такіх, бо кожны год мноства выпуснікоў накіроўваецца не туды, куды б хацела, і робіць не тое, пра што марыла. На мой погляд, гэта сур’ёзная праблема – бо менавіта ў гэты перыяд ў цябе шмат моцы, амбіцыяў, ідэй, каб пачаць займацца чымсьці важным для цябе і для свету. Табе патрэбныя грошы для падарожжаў і іншага, што можа радаваць і натхняць. Але ты апынаешся кардынальна ў іншым вымярэнні, дзе цябе дэматывуе практычна ўсё: тое, што людзі вакол пляткарнічаюць ці співаюцца, на працы саўковыя парадкі, заробка хапае толькі на ежу і на некалькі паездак дадому, а месца жыхарства больш падыходзіць для хорар-фільма. Рабяты-выпускнікі ўразлівыя да ўсяго – навакольнага асяроддзя, паводзінаў людзей. І ёсць вялікая рызыка, што той, хто ўчора марыў пра поспех і насычанае жыццё, сёння, наглядзеўшыся на тых, хто нікуды не імкнецца, таксама перастае імкнуцца.
Акрамя фільма мы запусцілі паблікі ў facebook.com і vk.com «Test-730. Распределение в Беларуси». У іх будзе шмат карыснай інфармацыі для тых, каго размяркоўваюць, пра тое, якія скілы можна пракачаць праз інтэрнэт, пра дыстанцыйную працу, што паглядзець і пачытаць ад цікавых людзей. Хацелася б аб’яднаць тых, каго размеркавалі, каб яны маглі дзяліцца парадамі, падтрымкай, чым заўгодна – бо ў іх шмат кропак перакрыжавання інтарэсаў.

0
Каментары
Няма каментарыяў.
Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты
Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты Размеркаванне: як бачаць праблему студэнты, ВНУ і эксперты