Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст

Першая палова ліпеня для моладзі і моладзевай палітыкі шмат у чым была звязаная са словам “альтэрнатыўны”. Уступіў у дзеянне закон аб альтэрнатыўнай службе, у рэгіёнах і акругах завяршылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп, і сярод альтэрнатыўных кандыдатаў шмат маладых палітыкаў, БРСМ правёў свой Дзень вышыванкі. Гэтыя і іншыя навіны чытайце ў дайджэсце.

Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Фота: rada.fm

Альтэрнатыўная служба ў дзеянні

З 1 ліпеня пачаў дзейнічаць закон «Аб альтэрнатыўнай службе». Паводле заканадаўства, цягнуцца альтэрнатыўная служба будзе 3 гады для тых, хто не мае вышэйшай адукацыі, і 2 гады – для тых, хто скончыў ВНУ. Пры гэтым тэрміны для тых, хто праходзіць звычайную вайсковую службу, значна меншыя: 18 месяцаў – для грамадзянаў, што не маюць вышэйшай адукацыі, і 12 месяцаў – для выпускнікоў ВНУ.

Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Фота: webmesse-planbar.de

Разлічваць на альтэрнатыўнае праходжанне службы ў войску змогуць тыя, для каго прыняцце прысягі, нашэнне, выкарыстанне зброі, баявых прыпасаў і баявой тэхнікі непрымальнае паводле рэлігійных перакананняў. Для таго, каб давесці камісіі, што звычайная вайсковая служба не падыходзіць, рэкрут можа запрасіць на камісію па прызыве сведкаў. Сведкамі могуць быць члены рэлігійнай абшчыны, святар ці іншыя людзі, якія могуць распавесці пра прычыны, па якіх малады чалавек зацікаўлены ў альтэрнатыўнай службе. Рашэнне пра тое, дзе малады чалавек будзе праходзіць службу, будзе прымацца камісіяй. Накіраваць на службу “альтэрнатыўшчыка” могуць у арганізацыі аховы здароўя, жыллёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, ва ўстановы, якія займаюцца дабраўпарадкаваннем тэрыторый.

БРСМ правёў Дзень вышыванкі

БРСМ вырашыў падхапіць ініцыятыву “Арт-сядзібы”, арганізаваўшы свой альтэрнатыўны Дзень вышыванкі напярэдадні Дня незалежнасці. Ідэолагі БРСМ лічаць, што такім чынам яны напомнілі беларусам пра іх этнічныя карані. Меркаванне актывістаў “Арт-сядзібы” адрозніваецца ад таго, як прэзентуюць сваю ініцыятыву БРСМ.

«Просили же по-человечески БРСМ: захотели подхватить инициативу с вышиванками, то делайте это красиво, не превращайте в агратрэш в формате праздник с дешевым бухлом и беляшами», – напісала каманда Арт-Сядзібы ў сваім Фэйсбуку.

Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Фота: brsm.by

Маладыя праваабаронцы зладзілі шэраг семінараў

Дзякуючы калабарацыі маладых праваабаронцаў і сацыяльна актыўных дзеячоў культуры быў праведзены шэраг семінараў па правах чалавека і формах салідарнасці. Падчас мерапрыемстваў былі абмеркаваныя пытанні таго, як зацікавіць правамі чалавека розныя тыпы аўдыторыі, як крэатыўна праяўляць салідарнасць, якія выклікі і праблемы для беларускага грамадства найбольш актуальныя зараз і як з дапамогай мастацтва можа вырашыць сацыяльныя праблемы. Слухачы трэнінгаў вучыліся выкарыстоўваць простую анімацыю, відэа, інсталяцыі, перфомансы для папулярызацыі грамадскіх свабод і правоў чалавека.

Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Фота: belmpd.info

Адным з экспертаў на семінары выступіў вядомы мастак Міхаіл Гулін, які распавёў, як зрабіць артэфакты з падручных матэрыялаў. Створаныя пад кіраўніцтвам Міхаіла Гуліна праекты ўдзельнікаў семінараў маладыя праваабаронцы плануюць прэзентаваць на выставе ў верасні 2016 года.

Маладыя палітыкі сутыкаюцца з перашкодамі пры зборы подпісаў

Ініцыятыўныя групы па ўсёй Беларусі працягваюць збіраць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», больш за ўсё ініцыятыўных груп было зарэгістравана ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі – 39 (гэта 24% ад колькасці зарэгістраваных партыйных), Партыі БНФ – 29 (18%), Беларускай партыі «Справядлівы свет» – 23 (14%), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 16 (10%).

Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Фота: bchd.info

Сярод кандыдатаў ёсць і маладыя палітыкі, якія паведамляюць пра ціск на іх і іх ініцыятыўныя групы з боку ўлад. Так кандыдат у дэпутаты, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, якая балатуецца па 104 выбарчай акрузе, падала скаргу ў ЦВК па факце інцыдэнту, які адбыўся ля метро Пушкінская 13 ліпеня. Паводле звестак БХД, «сябры акруговай камісіі перашкаджалі Марыне Хоміч збіраць подпісы менчукоў, абражалі сябраў ініцыятыўнай групы, а людзі ў цывільным нахабна вялі відэаздымку пікету, чым аказвалі псіхалагічны ціск на сябраў ІГ». Малады кандыдат ад БСДП («Народная грамада») з Наваполацку заявіў пра пагрозы, якія паступалі ў яго адрас і ў дачыненні яго блізкіх з-за таго, што малады чалавек плануе пайсці на выбары.

Пра перашкоды ў працэсе збору подпісаў заявіў 28-гадовы фермер Вадзім Леван з «Руху за Свабоду», які балатуецца ў Наваградку. Яго ініцыятыўную групу не пусцілі на тэрыторыю інтэрната швейнай фабрыкі “БелКрэда”, дзе яны планавалі сабраць подпісы. Камендантка, па словах актывістаў, забараніла прадстаўнікам альтэрнатыўнага кандыдата збіраць подпісы, бо «гэта яе тэрыторыя». Дзве гадзіны ў пастарунку прабылі кандыдат ад АГП Павел Стэфановіч і кіраўнік яго штабу Зміцер Кавалгін. Іх затрымалі падчас збору подпісаў у адным з мінскіх інтэрнатаў, нягледзячы на тое, што, паводле заканадаўства, збіраць подпісы там можна.

Вясна запрашае валанцёраў

Кранальнае відэазапрашэнне ў склад валанцёрскай службы апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Асноўная задача валанцёрскай службы – практычная дапамога ў працы арганізацыі і стварэнне пляцоўкі для перадачы досведу маладому пакаленню праваабаронцаў.

Валанцёры могуць прыняць удзел у актыўнасцях па розных накірунках: удзел у грамадскіх назіраннях (за судамі, выбарамі, масавымі мерапрыемствамі), распрацоўка крэатыўных ідэй па тэматычных накірунках, арганізацыя адукацыйных мерапрыемстваў, дапамога ў грамадскай прыёмнай (напісанне скаргаў, зваротаў і г.д.) і інш.

0
Каментары
Няма каментарыяў.
Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст
Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст Альтэрнатыўныя навіны моладзевай палітыкі: дайджэст