RADA CAMP 2016 у асобах

RADA CAMP 2016, 5-дзённы інтэнсіў па праектным мэнэджменце, скончыў сваю працу. У зладжаным Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” трэнінгу паўдзельнічалі грамадскія актывісты, якія працуюць у галіне абароны правоў моладзі розных сацыяльных груп, ствараюць спартыўныя, культурныя і адукацыйныя праекты для маладых людзей. Хто яны, удзельнікі RADA CAMP 2016? Чым займаюцца маладыя актывісты і што іх хвалюе?

RADA CAMP 2016 у асобах
Удзельнікі RADA CAMP 2016 з трэнерамі

Кацярына Фіраго. “Здольная”

“Што мяне хвалюе, як малодога чалавека ў Беларусі? Першае, што прыходзіць у галаву – безыніцыятыўнасць. Мне б вельмі хацелася назапашваць і збіраць вакол сябе актыўных і зацікаўленых людзей. Але яшчэ больш важнай мне бачыцца неабходнасць каталізаваць тых, хто нібыта заснуў, ад нібыта мірнага, нібыта сытага жыцця без відавочных праблем. Гэтых мух беларускай моладзі. Каб тых, каму не ўсё роўна, стала больш, каб з нас утварыўся натоўп, каб можна было змяняць і змяняцца”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Кацярына Фіраго

«Здольная» – спартыўна-сацыяльны праект для жанчын, які накіраваны на папулярызацыю прафесійнага жаночага спорту, правядзенне курсаў самаабароны і адкрытых заняткаў па розных відах спорту, паўдзельнічаць у якіх зможа любая жанчына без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі.

Каця Дамаева. “Леванія”

“Мне здаецца, што вельмі вялікая праблема для нашай моладзі – адукацыя. Дакладней, тое, што адукацыя ў Беларусі можа прапанаваць. Адукацыя, на мой погляд, у першую чаргу павінна фарміраваць у рабят маральныя арыенціры, каштоўнасці, здольнасць разумець сябе, імкненне да новых ведаў. Але на практыцы вельмі часта вучоба выяўляецца простай зуброжкай. І калі маладыя людзі выпускаюцца са школы і нават з універсітэта, шмат хто з іх не можа асэнсаваць свае патрэбы і імкненні. Апроч гэтага, шмат у каго працуе пазіцыя спажыўца ў адносінах да свету, яны абыякавыя да ўсяго, што не тычыцца іх асабіста, нецярпліва ставяцца да “іншага”, “чужога”. Ну і канечне, у сітуаціі эканамічнага крызісу маладым людзям ўсё цяжэй знайсці працу, атрымаць эканамічную самастойнасць”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Каця Дамаева

“Леванія”  – інавацыйны праект па інклюзіўнай адукацыі. Сваю задачу арганізацыя бачыць ў стварэнні інклюзіўнага сэрвісу і запуску эксперыментальных пілотных пляцовак, на якіх рэалізуецца комплексны, заснаваны на правах падыход да адукацыі ў найбольш сучасных формах. “Леванія” таксама працуе над тым, каб прадстаўляць розным навучальным установам і мясцовым супольнасцям поўны спектр паслугаў па кансультаванню і стварэнню інклюзіі на месцы, займаецца прасоўваннем практык уважлівасці і асэнсаванасці для дзяцей, выкладчыкаў і бацькоў, інавацыяйных метадаў рэабілітацыі і навучання дзяцей з неўралагічнымі захворваннямі.

Ілля Прохараў. Партал “Ягада”

“На мой погляд, асноўная праблема сучаснай беларускай моладзі, як і агулам беларускага грамадства,  – адсутнасць неабходнага ўзроўню інфармаванасці па сацыяльна важных  пытаннях. Асабліва яскрава гэтая сітуацыя адчуваецца ў рэгіёнах, дзе людзі, здаецца, жывуць па панятках часоў Савецкага Саюза. Перад намі, маладымі, актывістамі, стаіць няпростая задача, але менавіта мы павінны намагацца гэта змяніць. І дзякуючы такім праектам, як Rada Camp 2016, мне гэта бачыцца найбольш рэальным”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Ілля Прохараў

“Ягада” – інфармацыйны рэсурс, які калекцыянуе навіны ЛГБТК-супольнасці, публікуе матэрыялы пра актывістаў і членаў ЛГБТК-супольнасці. Асноўная мэта рэсурса – барацьба са стыгматызацыяй людзей ЛГБТК, прасоўванне прынцыпаў талерантнасці.

Ная Балотнікава. Vitebsk4.me

«Калі я думаю пра тое, што мяне хвалюе, праблем у галаву прыходзіць шмат. Але я яшчэ студэнт, то абяру тую, якая больш за ўсё тычыцца студэнтаў. Гэта сістэма выкладання. У нашым універсітэце, напрыклад, праграма складзеная абсалютна нелагічна: спачатку ты на практыцы самастойна вывучаеш пытанне ці праграму, а потым табе даюць яе тэорыю – праз год-два. Не ўлічваецца меркаванне студэнтаў пры складанні раскладу. Няма ў нас і значнага акцэнту на профільных прадметах – шмат пабочных заняткаў, якія забіраюць сілы, а ў выніку нічога не даюць, як кажуць неакторыя студэнты, акрамя адзнакі ў залікоўцы. Я пыталася і ў студэнтаў іншых ВНУ і прыйшла да высновы, што такая сітуацыя назіраецца шмат дзе па краіне. Я разумею, што гэта пытанне да Міністэрства адукацыі, але можна прыцягнуць да ўдзелу і саміх студэнтаў”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Ная Балотнікава

Vitebsk4.me – гэта адкрытая пляцоўка, прысвечаная віцебскай гарадской культуры. Каманда ініцыятывы імкнецца даць мясцовым жыхарам максімальна шырокую, аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю пра канцэрты і выставы, фестывалі і кінапрэм’еры, а таксама стварае платформу для самарэалізацыі маладых музыкаў, журналістаў, мастакоў, фатографаў, пісьменнікаў.

Дзіяна Якаўлева. Валанцёрская служба “Вясны”

“Мяне хвалюе праблема адсутнасці ў маладых людзей крытычнага мыслення і нізкі ўзровень зацікаўленасці працэсамі, якія адбываюцца ў розных галінах жыцця краіны. Пасіўнасць і прыземленасць, страх станавіцца ў апазіцыю да чагосьці і няведанне сваіх правоў і абавязкаў. З іншага боку, мяне непакоіць “псеўдаактывізм”: часам тыя, хто ўступае ў чэргі “свядомых”, не робяць канктэрных спраў па вырашэнні  вызначаных праблем, спыняюцца пасярод дарогі. Мы спрабуем працаваць, а прадукт не матэрылізуецца: ваняе, гніе, усіх раздражняе, але ляжыць”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Дзіяна Якаўлева

Валанцёрская служба “Вясны” – частка праваабарончага цэнтра “Вясна”. Асноўная задача валанцёрскай службы – практычная дапамога ў працы арганізацыі і стварэнне пляцоўкі для перадачы досведу маладому пакаленню праваабаронцаў.Валанцёры могуць прыняць удзел у актыўнасцях па розных накірунках: удзел у грамадскіх назіраннях (за судамі, выбарамі, масавымі мерапрыемствамі), распрацоўка крэатыўных ідэй па тэматычных накірунках, арганізацыя адукацыйных мерапрыемстваў, дапамога ў грамадскай прыёмнай (напісанне скаргаў, зваротаў і г.д.) і інш.

Ала Сівец. Культуролаг, актывістка

«Самае важнае, што мяне турбуе, – узровень асэнсаванасці чалавека. І пад гэтым я маю на ўвазе не толькі грамадзянскую ці прававую пазіцыю, але ў сукупнасці – асэнсаванне карэляцыяі ўсіх элементаў, дзеянняў, узаемадачыненняў, рэзультатаў, культур, асаблівасцяў псіхікі і пабудовы асобы. І гэта шмат у чым гэта дасягаецца шляхам неперарыўнай адукацыі і самаадукацыі напрацягу жыцця,  інтраспекцыі, увагі і актыўнай жыццёвай пазіцыі. Дыскрымінацыя, асуджэнне і абыякавасць па якойсьці прычыне ці крытэры сталі б відавочна абсурднымі, а камунікацыя больш эфектыўнай, калі б асэнсаванасць і развіццё адукацыі сталі дамінуючымі ідэямі ў грамадстве”.  

RADA CAMP 2016 у асобах
Ала Сівец

Сяргей Каспяровіч, DOTYK

“Я думаю, што змены магчымыя пры супольнай працы розных людзей. Мяне хвалюе тое, што твае інтарэсы ўлічваюць, толькі калі ты іх абараняеш ці хаця б неяк сігналізуеш, што яны ў цябе ёсць. Трэба ўмець супрацоўнічаць і арганізоўвацца самастойна, пачынаючы са школы, для абароны сваіх правоў і асабістага развіцця. Але гэтаму не вучаць і не тлумачаць, навошта гэта патрэбна. Трэба ведаць, што дзяржава працуе на цябе і ты можаш патрабаваць ад яе выканання ўзятых на сябе абавязкаў. Таксама стварэнне ўласных ініцыятыў і праектаў, вывучэнне заканадаўства краіны і міжнароднага права, сплачэнне вакол ідэй і камандная праца буксуе на розных узроўнях праз адсутнасць такога вопыту і разумення яго неабходнасці сярод маладых людзей. Гэта маё меркаванне. Такая сітуацыя прыводзіць да таго, што маладыя людзі не могуць сфарміраваць запыт і гучна заявіць: “Мы сіла, вы без нас не зможаце, і супраць не пойдзеце, бо не па зубах!”

RADA CAMP 2016 у асобах
Сяргей Каспяровіч

DOTYK – культурна-адукацыйны праект і квір-фестываль, мэтай якога з’яўляецца распаўсюд ведаў пра дыскрымінацыю, якая існуе ў грамадстве, а таксама сплачэнне дыскрымінуемых людзей, павышэнне ўзроўню рэфлексіі ЛГБТК-супольнасці. DOTYK супрацоўнічае з творчымі людзьмі, незалежна ад таго, наколькі яны вядомыя і папулярныя, працуе над стварэннем арт-праектаў, актуальных у беларускім кантэксце, агранізуе фестывалі, кінапаказы, выставы, вечарыны.

Раман Багадухаў. “Аматарская ліга тэнісу”

 “Мяне хвалююць пытанні падтрымкі маладых прадпрымальнікаў. Бо ні для кога не сакрэт, што толькі ад актыўнай падтрымкі маладых бізнэсоўцаў залежыць развіццё эканомікі ў цэлым, таму што паспяховыя камерцыйныя праекты з часам могуць прыносіць вялікую карысць грамадству. Таму я лічу, што дзяржава павінна ствараць спрыяльны асяродак і падтрымліваць маладых людзей у прадпрымальніцкай дзейнасці”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Раман Багадухаў

“Аматарская ліга тэнісу” – праект па папулярызацыі аматарскага тэнісу для маладых людзей. Афіцыйныя турніры па тэнісе ў Беларусі праводзяцца толькі для асобаў, старэйшых за 35 гадоў, і атрымоўваецца, што моладзь можа сур’ёзна займацца толькі ў прафесійным ключы. У “АЛТ” займаюцца ўсе, незалежна ад ўзросту і полу.

Джон Краўцоў. “Праўныя дарэктары”

“Мяне хвалюе нізкая адукаванасць моладзі, а ў прыватнасці тое, што маладыя людзі не вельмі цікавяцца гісторыяй Беларусі. Такім чынам, атрымоўваецца, што моладзь выключаная з гістарычных працэсаў, не разумее, хто яна. Адсюль нізкая грамадзянская адказнасць і дэгуманізацыя грамадства. Бо без гісторыі мы ніхто. Без гісторыі людзі – проста маса, а не народ, нават не нацыя, і імі лягчэй маніпуляваць. Я лічу, што без мінулага складна будаваць будучае, бо людзі пазбаўленыя падмурка, яны становяцца пасіўнымі”. 

RADA CAMP 2016 у асобах
Джон Краўцоў

“Праўныя дарэктары” – магілёўская ініцыятыва, праца якой накіраваная на аднаўленне “дарэктарства” (народнага настаўніцтва) і прасоўванне правоў чалавека. Каманда займаецца правядзеннем лекцыяў, сэмінараў, кінапраглядаў, дыскусіяў, прысвечаных правам чалавека, гуманізму, актывізму і актуальным праблемам беларускага грамадства.

Святлана Гатальская. MAKEOUT

“У якім ракурсе мы б не казалі пра моладзь, амаль заўсёды ўсе пытанні тычацца адукацыі. Напрыклад, мяне хвалююць пытанні сэксуальнай адукацыі маладых людзей. Бо ў нас вельмі нізкая сэксуальная культура, што асабліва відавочна, калі выязджаеш у рэгіёны, як мы робім з MAKEOUT, калі ладзім мерапыемтвы па пытаннях гендару і сэксуальнасці.  У нас у грамадстве гэтая тэма табуяваная, ні ў школе, ні ва ўніверсітэце не праводзіцца нават элементарных заняткаў па сэксуальнасці, па кантрацэпцыі. Але менавіта недастатковая інфармаванасць па пытаннях сэксуальнага жыцця і гендару прыводзіць да негатыўных наступстваў, якія могуць ўплываць на лёс маладога чалавека. І гэта не толькі незапланаваная цяжарнасці і розныя захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку ВІЧ і гепатыты, але і пытанні псіхалогіі. Бо ніхто не распавядае падлеткам, як мяняецца іх цела, што з ім адбываецца і як гэта можа ўплываць на настрой і паводзіны”.

RADA CAMP 2016 у асобах
Святлана Гатальская

MAKEOUT – праект пра гендар, сэксуальнасць і асаблівасці іх праяваў у Беларусі. Праект збірае і архівуе гісторыю ЛГБТ і квір-жыцця Беларусі, захоўвае асабістыя досведы самавызначэння, стварае прастору, дзе кожны можа быць сабой, незалежна ад гендару ці сэксуальнай арыентацыі.

0
Каментары
Няма каментарыяў.
RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах
RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах RADA CAMP 2016 у асобах