RADA AWARDS’16

RADA AWARDS’16
.

17 снежня 2016 г. адбылася цырымонія ўручэння першай нацыянальнай моладзевай прэміі RADA AWARDS. Нацыянальная моладзевая прэмія – гэта сімвал прызнання і падзякі маладым людзям Беларусі за іх каштоўны ўнёсак у стварэнне будучага, у якім беларусы жывуць свабодна і годна!

Прэмія была заснаваная Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” і ўручаецца выбітным маладым актывістам і ініцыятывам. Лаўрэатаў абіраюць розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія з’яўляюцца экспертамі і прафесіяналамі ў сваёй галіне.

Сёлета прэмія ўручалася па шасці намінацыях:

  • “Маладыя людзі ў мастацтве”
  • “Маладыя людзі ў нефармальнай адукацыі”
  • “Маладыя людзі ў справе абароны навакольнага асяроддзя”
  • “Маладыя людзі ў развіцці рэгіёнаў”
  • “Маладыя людзі ў сацыяльным бізнэсе”
  • “Маладыя людзі ў справе абароны Правоў Чалавека”

Уручалі прэмію адпаведна намінацыям Галерэя сучаснага мастацтва Ў, Моладзевы адукацыйны цэнтр “Фіальта”, Таварыства “Зялёная сетка” і Цэнтр экалагічных рашэнняў, Фонд “Інтэракцыя”, конкурс сацыяльных праектаў “Social Weekend”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.

RADA AWARDS’16
Аляксей Талстоў - лаўрэат прэміі "Маладыя людзі ў мастацтве"

У намінацыі “Маладыя людзі ў мастацтве” перамог Аляксей Талстоў. Узнагароду ён атрымаў з рук прадстаўнікоў Галерэі сучаснага мастацтва Ў – Валянціны Кісялёвай, Ганны Чыстасердавай і Аляксея Лунёва.

Аляксей Талстоў – малады мінскі мастак, які працуе з разнастайнымі жанрамі, але найчасцей абірае інсталяцыю і перфоманс. Яго мастацкая дзейнасць у 2016 годзе была звязана з пераасэнсаваннем міфалогіі сучаснага беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі, а грамадская – з тэмай празрыстасці інфармацыі пра закупкі ў фонды Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва. У межах куратарскай дзейнасці Аляксей, сярод іншага, працаваў над праблемай чачэнскіх бежанцаў на беларуска-польскай мяжы.

RADA AWARDS’16
Жывая бібліятэка (Марыя Лукашук) - лаўрэтат прэміі "Маладыя людзі ў нефармальнай адукацыі"

Намінацыю “Маладыя людзі ў нефармальнай адукацыі” ўручалі Вольга Аполька, Ганна Агеева і Вікторыя Макей з Моладзевага адукацыйнага цэнтра “Фіальта”. Пераможцам стаў асветніцкі прыект “Жывая бібліятэка”.

Мэта Жывой бібліятэкі – барацьба са стэрыятыпамі і дыскрымінацыяй у грамадстве. Арганізатарамі “Жывой бібліятэкі” ў Беларусі выступае МПГ “Студэнцкая Рада”. Першая “Жывая бібліятэка” адбылася ў Мінску ўвосень 2014 года пры падтрымцы “РАДА”. З таго часу ініцыятыва разраслася і стала сапраўды папулярнай. У 2016 годзе было праведзена каля 20 Жывых бібліятэк па ўсёй Беларусі.

У межых Жывой бібліятэкі “кнігамі” выступаюць людзі з уражлівых груп насельніцтва. Кожны прысутны можа стаць “чытачом”. Такі фармат дазваляе развеяць стэрыятыпы ў дачыненні да меншасцяў праз нефармальную камунікацыю з імі.

RADA AWARDS’16
Рыгор Цярэнцьеў (БМГА "Час Зямлі") - лаўрэат прэміі "Маладыя людзі ў справе абароны навакольнага асяроддзя"

Намінацыю “Маладыя людзе ў справе абароны навакольнага асяроддзя” ўручалі адразу дзве арганізацыі – Таварыства “Зялёная сетка” (Анора Лангар) і Цэнтр экалагічных рашэнняў (Надзея Бунта). Пераможцам абвешчаны малады актывіст Рыгор Цярэнцьеў.

Рыгор Цярэнцьеў – малады брэсцкі экалагічны актывіст, які пасля заканчэння “Школы экалагічнага актывіста” ў 2015 годзе заснаваў уласную арганізацыю – Брэсцкае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Час Зямлі”. Арганізацыя дзейнічае ў Брэсце і Пінску. Яна актыўна ўключаецца ў агульнарэспубліканскія акцыі, супрацоўнічае з мясцовымі моладзевымі ініцыятывамі і праводзіць уласную школу актывізму. Уся дзейнасць скіравана на папулярызацыю “зялёнага” руху, захаванне зялёных зон у гарадской і сельскай мясцовасці, рашэнню канкрэтных экалагічных праблем у Брэсцкім рэгіёне.

RADA AWARDS’16
Наваполацкая асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў - лаўрэат прэміі "Маладыя людзі ў развіцці рэгіёнаў"

Лепшымі ў намінацыі “Маладыя людзі ў развіцці рэгіёнаў” сталі прадстаўнікі Наваполацкай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў. Пераможцу намінацыі абвяшчалі Іван Шчадранок, Ірына Іванова і Святлана Паддубная з Фонду “Інтэракцыя”.

Наваполацкую асацыяцыю студэнтаў-архітэктараў (НАСА) можна назваць самай актыўнай маладой супольнасцю, якая працавала на карысць развіцця свайго рэгіёну ў 2016 годзе. Асноўнымі тэмамі яе дзейнасці стала развіццё роварнага руху і інфраструктуры, прасоўванне ідэй энергетычнай ефектыўнасці сярод маладых людзей, арганізацыя гарадскіх фестываляў і пікнікоў. Пры рэалізацыі сваіх задач НАСА актыўна супрацоўнічае з мясцовай адміністрацыяй і ўлічвае меркаванні насельніцтва.

Найбуйнейшымі мерапрыемствамі НАСА можна назваць гарадскія пікнікі, Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (у межах каторага была адкрыта першая роварная дарожка ў Полацку і арганізаваны масавы велапрабег Полацк-Наваполацк) і Форум -АРХ.ПРО.СВЕТ- , мэтай якога было вызначэнне ролі асвятлення ў фарміраванні гарадскога асяроддзя, вывучэнне праблемы і магчымасцей стварэння архітэктурнага асвятлення, выпрацоўка бачання гарадской тэрыторыі і прапановы стратэгіі яе развіцця.

RADA AWARDS’16
Праект "Ніці сяброўства" (Арцём Галавій) - лаўрэат прэміі "Маладыя людзі ў сацыяльным бізнэсе"

Лаўрэатам намінацыі “Маладыя людзі ў сацыяльным бізнэсе” стаў праект “Ніці сяброўства”. Узнагароду атрымаў дырэктар праекта Арцём Галавій. Пераможца атрымаў узнагароду ад Святланы Зінкевіч і Анастасіі Вінаградавай з конкурса сацыяльных праектаў Social Weekend.

Ніці сяброўства” – сацыяльны праект, які займаецца пошукам, навучаннем і суправаджэннем Настаўнікаў для дзяцей-сірот з беларускіх дзіцячых дамоў. Настаўнік – гэта дарослы чалавек, які хоча і можа стаць значным у жыцці дзіця-сіраты падлеткавага (11-15 год) ці юнацкага ўзросту (16-23 гады) з мэтай паспяховай падрыхтоўкі да самастойнага жыцця.

Асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што дзецям у дзіцячых дамах недастаткова перыядычных святаў і падарункам, тое, што ім насамрэч патрэбна – блізкі чалавек, “старэйшы брат” ці “сястра”, які зможа ўдзяляць увагу, даваць парады, развіваць таленты і навыкі. Настаўніцтва дае сіраце адчуць сябе сапраўды патрэбным, атрымаць досвед даўгатэрміновых, рэгулярных адносінаў.

RADA AWARDS’16
Валанцёрсакая служба "Вясны" - лаўрэат прэміі "Маладыя людзі ў абароне Правоў Чалавека"

Прэмію ў намінацыі “Маладыя людзі ў абароне Правоў Чалавека” з рук Вольгі Смалянка і Галіны Чарапко з Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend атрымала Валанцёрская служба “Вясны”.

Валанцёрская служба «Вясны» была прызнаная найлепшай моладзевай праваабарончай ініцыятывай 2016 году перш за ўсё за рэгулярнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі, маніторынг і распрацоўку рэкамендацый па зменах у заканадаўства.

Валанцёрская служба “Вясны” займаецца грамадскімі назіраннямі за судамі, выбарамі, масавымі мерапрыемствамі; распрацоўвае крэатыўныя ідэі па тэматычных накірунках; арганізуе адукацыйныя мерапрыемствы; дапамагае ў дзейнасці грамадскай прыёмнай (напісанне скаргаў, зваротаў і г.д).

0
Каментары
Няма каментарыяў.
RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16
RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16 RADA AWARDS’16