Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў упершыню ладзіць Летнік для студэнтаў і моладзі “Усё будзе ЗБС!”

Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў упершыню ладзіць Летнік для студэнтаў і моладзі “Усё будзе ЗБС!”

Летнік “Усё будзе ЗБС!” – гэта 3 дні на свежым паветры ў асяроддзі актыўнай моладзі краіны. Калі табе надакучылі нудныя пары, а сесіі нарэшце прыйшоў канец, тады з намі ты зможаш цудоўна распачаць гэтае лета, а таксама актыўна і карысна адпачнуць на прыродзе!

Летнік ладзіць Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў. Мэтай Летніка арганізатаркі і арганізатары ставяць пашырэнне нефармальнай адукацыі па методыцы “роўны навучае роўнага”. Актывісткі і актывісты ЗБС будуць самастойна праводзіць усе часткі праграмы, тым самым заахвочваючы моладзь да адказнага, актыўнага і карыснага адпачынку.

На Летніку цябе чакаюць:

  • Знаёмства з методыкай форум-тэатра, напісанне сцэнароў па хвалюючых тэмах, якія абіраюць самі ўдзельнікі;
  • Пашырэнне светапогляду і змена светаўспрымання;
  • Яркія размовы з неардынарнымі людзьмі з усёй краіны;
  • Магчымасць падзяліцца сваімі ведамі і навыкамі з іншымі ўдзельнікамі;
  • Лагерная рамантыка: намёты, вогнішча, зоркі, песні;
  • Зарад пазітыва для развіцця і змен

Летнік ЗБС – гэта месца свабоднае ад дыскрымінаціі і непавагі. Агульнымі арганізатарскімі сіламі і намаганнямі будзе створана адкрытая і свабодная прастора для ўсіх удзельніц і удзельнікаў.

Пра месца правядзення будуць паведамлены толькі адабраныя удзельніцы і ўдзельнікі, але арганізатарскі бок можа запэўніць, што гэта будзе гістарычнае і маляўнічае месца ўдалечы ад шумных гарадоў.

Кошт удзелу складае 20 BYN. Сюды ўваходзіць даезд у абодва бакі з Менска, харчаванне, уся праграма. Удзельніца / удзельнік самастойна забяспечвае сябе спальнікам і дыванком.

Для ўдзелу трэба запоўніць анкету да 15 чэрвеня.