Youth Power – праграма для моладзевых лідараў і лідарак, працаўнікоў і працаўніц з моладдзю з Беларусі

Youth Power – праграма для моладзевых лідараў і лідарак, працаўнікоў і працаўніц з моладдзю з Беларусі

Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый вырашыў зрабіць крутую праграму Youth Power для моладзевых лідараў, лідарак, працаўнікоў і працаўніц з моладдзю з Беларусі. Таму што мы верым, што за маладымі людзьмі сіла, энергія і крэатыўная будучыня.

Калі вам ад 16 да 35 гадоў і вы арганізуеце мерапрыемствы для маладых людзей ці плануеце пачаць гэта рабіць – тэрмінова падавайце заяўку на ўдзел да 20 лістапада 2019.

Навошта мы вырашылі навучаць моладзь

Часта маладыя людзі ўспрымаюцца толькі як удзельнікі і ўдзельніцы праграм: «дарослыя» прапаноўваюць ідэю, а моладзь толькі выконвае канкрэтныя заданні. І гэта несправядліва!Мы лічым, што ў маладых людзей таксама ёсць ідэі і сваё бачанне вырашэння праблем. Але часта ім не хапае рашучасці, вопыту ці ведаў.Таму мы хочам перавярнуць гэтую сістэму з ног на галаву: вы самі зможаце агучваць праблемы, якія вас хвалююць, і шукаць унікальныя спосабы іх вырашэння, а потым яшчэ і размяркоўваць рэсурсы на рэалізацыю моладзевых ініцыятыў.

Для каго мы прыдумалі гэтую крутую праграму

Мы запрашаем усіх людзей ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў, хто з’яўляецца актывістам або актывісткай, валанцёрам або валанцёркай моладзевых і іншых некамерцыйных арганізацый або ініцыятыў, а таксама тых, хто не прадстаўляе моладзевыя арганізацыі, але працуе з моладдзю.

Цяпер падрабязней пра Youth Power 

Наш курс у першую чаргу накіраваны на людзей, гатовых працаваць з моладдзю:– праводзіць для іх трэнінгі па ўдзеле, крытычным мысленні, бяспечных паводзінах у Інтэрнэце, супрацоўніцтве, здзяйсняць дапамогу ў стварэнні мерапрыемстваў і ініцыятыў, суправаджаць моладзевыя групы.Мы рыхтуем мультыплікатараў і мультыплікатарак – тых, хто будзе працаваць з маладымі людзьмі і ўзмацняць іх пазіцыю і ўдзел у грамадстве.

Пасля навучання вы зможаце:

  • развіць свае лідарскія кампетэнцыі і знайсці аднадумцаў і аднадумак па ўсёй Беларусі,
  • правесці для моладзі варкшопы/трэнінгі,
  • дапамагчы маладым людзям распрацаваць і рэалізаваць свае ідэі і знайсці рэсурсы.

Цяпер давайце распавядзем вам пра праграму паэтапна Youth Power уключае ў сябе тры двухдзённыя трэнінгі і практычныя заданні. Практычныя (хатнія) заданні – гэта правядзенне трэнінгаў/воркшопаў для маладых людзей на месцах: у сваёй арганізацыі, школе, супольнасці, горадзе, а таксама ментарства (суправаджэнне) моладзевых ініцыятыў.Навучанне пачнецца ў снежні 2019 і скончыцца ў сакавіку 2020. А вось ваша праца ў якасці мультыплікатараў пройдзе са студзеня да жніўня 2020.

Трэнінг 1 «Як рабіць сумесна, а не замест: грамадзянскі ўдзел і нефармальная адукацыя моладзі» (7-8 снежня 2019 года)

На трэнінгу мы разбярэмся, што такое нефармальная адукацыя, яе падыходы і каштоўнасці. А яшчэ навучымся праводзіць трэнінгі/воркшопы па моладзевым удзеле, крытычным мысленні, бяспечных паводзінах у Інтэрнэце і інш., заснаваныя на падыходах і метадалогіі нефармальнай адукацыі.

Трэнінг 2 «Як можа ўдзельнічаць і ўплываць моладзь: прынцып роўны роўнаму» (1-2 лютага 2020 года)

На гэтым трэнінгу разбярэмся, што такое моладзевы ўдзел, механізмы ўдзелу. І прааналізуем практычны досвед працы з моладдзю на месцах. Makethon («мэйкатон» – ад англ. to make – рабіць, marathon – марафон) (14-15 сакавіка 2020 года)Своеасаблівы марафон, на якім каманды маладых людзей будуць распрацоўваць ідэі сваіх ініцыятыў/мерапрыемстваў. Дзе вы, удзельнікі і ўдзельніцы курсу, выступіце як ментары і ментаркі і будзеце прымаць рашэнне пра тое, якія ініцыятывы падтрымаць фінансава.

Трэнінг 3 «Як рэалізоўваць моладзевую ініцыятыву» (28-29 сакавіка 2020 года)

На фінальным трэнінгу мы разбярэмся, што такое моладзевая ініцыятыва, як яе суправаджаць, і самае галоўнае – якая роля ментара і ментаркі на кожным этапе.

Умовы ўдзелу

Удзел у кожным этапе навучання і выкананне практычных заданняў абавязковы.Трэнінгі пабудаваныя на двух прынцыпах нефармальнай адукацыі: актыўны ўдзел і навучанні ў групе.Трэнінгі пройдуць у г. Мінску або ў Мінскім раёне. Арганізатары пакрываюць выдаткі па пражыванні, харчаванні, падрыхтоўцы раздатачных матэрыялаў, прадастаўленні матэрыялаў, неабходных для правядзення мерапрыемстваў на месцах; дарожныя выдаткі ўдзельнікаў не пакрываюцца. Удзельнікі і ўдзельніцы праграмы часткова пакрываюць выдаткі, звязаныя з правядзеннем трэнінгаў. Арганізацыйны ўнёсак складзе 10 BYN (беларускіх рублёў) за кожны трэнінг. Калі вы не можаце аплаціць удзел у праграме, адзначце гэта пры запаўненні анкеты, і мы прапануем вам альтэрнатыўны варыянт на выбар: валанцёрства, публікацыю для прасоўвання праграмы ў сацыяльных сетках або запіс матывацыйнага відэа.Кантактны е-мэйл, па якім можна звяртацца па пытаннях, звязаных з удзелам у праграме: [email protected].

Як падаць заяўку на ўдзелДля ўдзелу ў праграме запоўніце анкету не пазней, чым 20 лістапада 2019 года (уключна). Адбор кандыдатаў і кандыдатак будзе адбывацца на аснове заявак, з улікам матывацыі, магчымасцяў удзелу ва ўсіх этапах праграмы і правядзення воркшопаў/трэнінгаў на месцах. Мы паведамім пра вынікі адбору не пазней, чым 28 лістапада 2019 года.Праграму рэалізуе асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact, якая падтрымліваецца Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID).