Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”

Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”

Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА” ў сувязі з вынесеным прысудам аб смяротным пакаранні 10 студзеня 2020 году на выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве ў дачыненні да двух 19 і 21 гадовых братоў – Косцева Іллі і Косцева Станіслава.

Мы, саюз дваццаці трох дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду аб’яднанняў, іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе, дзе дагэтуль існуе такая мера чалавечага пакарання як смяротны прысуд. “РАДА” лічыць, што адной з галоўных мэт беларускага грамадства сёння павінна быць увядзенне мараторыя на забойства людзей ад імя дзяржавы, а таксама аказанне юрыдычнай дапамогі людзям, асуджаным да смяротнага пакарання. 

Мы настойваем, каб Рэспубліка Беларусь выконвала свае міжнародныя абавязкі згодна Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года, а таксама прыняла ўсе меры, каб ратыфікаваць Другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычных правах, скіраваны на скасаванне смяротнага пакарання, які быў прыняты Рэзалюцыяй 44/128 Генеральнай Асамблеі ААН ад 15 снежня 1989 года. 

“РАДА” шчыра падтрымлівае кампанію беларускіх і міжнародных праваабаронцаў “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і надалей будзе займацца інфармаваннем беларускай моладзі аб смяротным пакаранні ў нашай краіне. 

Сыходзячы з разумення каштоўнасці чалавечага жыцця, мы, “РАДА”, просім здзейсніць акт гуманізму і замяніць вынесеныя смяротныя прысуды Іллі і Станіславу Косцевым на працяглыя тэрміны пазбаўленні волі ці пажыццёвае зняволенне.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”

17.03.2020