РАДА правяла зімовы Сход прадстаўнікоў
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” 5 снежня правёў зімовы, дарадчы, Сход прадстаўнікоў, падчас якога былі абмеркаваныя найбольш важныя пытанні дзейнасці арганізацыі.
Адным з асноўных пытанняў Схода было абмеркаванне Мемарандума аб супрацоўніцтве беларускіх моладзевых НДА ў межах Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, які заменіць Дэкларацыю аб альтэрнатыўнай моладзевай палітыцы. Дэлегаты Сходу абмеркавалі асноўныя каштоўнасці і прынцыпы будучага дакумента. Сярод безумоўных каштоўнасцей, якімі павінна кіравацца “РАДА”, былі пералічаныя дэмакратыя, правы чалавека, плюралізм, роўнасць, недыскрымінацыя, нацыянальная самасвядомасць і прынцыпы ўстойлівага развіцця. Раней, падчас папярэдняга Сходу прадстаўнікоў, арганізацыі адзначылі, што Дэкларацыя АМП у свой час мела велізарнае значэнне, але на жаль страціла сваю актуальнасць, таму яна павінна быць захаваная, як гістарычны дакумент. Мемарандум адкрые новую старонку ў гісторыі “РАДА”.



Акрамя таго, дэлегаты Сходу азнаёміліся з бягучай дзейнасцю “РАДЫ”, абмеркавалі магчымасці далучэння новых ініцыятыўных груп і арганізацый і міжнародную палітыку “РАДЫ”. Праца над Мемарандумам аб супрацоўніцтве, стратэгіяй міжнароднай палітыкі і распрацоўцы крытэрыяў сяброўскіх арганізацый “РАДЫ” будзе працягнутая ў фармаце працоўных груп і пашыраных паседжанняў Савета. Вынікі працы над гэтымі пытаннямі будуць прадстаўленыя на наступным, справаздачна-выбарчым, Сходзе ўвесну 2016 года.
Сход прадстаўнікоў завершыўся інтэграцыйным вечарам, падчас якога ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца бліжэй і ў нефармальнай атмасферы даведацца пра найлепшыя практыкі дзейнасці беларускіх моладзевых арганізацый і планы дзейнасці.
Даведка:
Сход прадстаўнікоў” сяброўскіх арганізацый “РАДЫ” – найвышэйны орган нацыянальнага моладзевага савета, які фарміруецца па прынцыпе дэлегавання ад кожнай сяброўскай арганізацыі ўпаўнамоцненага прадстаўніка. Сход прадстаўнікоў можа прыняць да разгляду любое пытанне дзейнасці “РАДЫ”.









