Вынікі RADA AWARDS 2019
20 снежня 2019 г. адбылася чацвёртая цырымонія ўручэння нацыянальнай моладзевай прэміі RADA AWARDS.

Прэмія была заснаваная Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” у 2016 годзе і ўручаецца маладым актывістам і актывісткам, ініцыятывам і праектам.

Сёлета прэмія ўручалася па 11 намінацыях:
- “Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект”
- “Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва”
- “Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект”
- “Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека”
- “Гендарная моладзевая арганізацыя/ініцыятыва”
- “Моладзевая ініцыятыва/праект па развіцці мясцовай супольнасці»
- “Самы нашумелы моладзевы медыйны праект”
- “Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання культурнай спадчыны”
- “Вечны рухавік” у моладзевым сектары
- “Факап года”
- “Прыз глядацкіх сімпатый”
Арганізатары і арганізатаркі атрымалі больш за 2000 галасоў!
Хто ж яны – пераможцы RADA AWARDS 2019?
У намінацыі «Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект» перамог Zero Waste Market.

Ксюша Малюкова і Карына Маліноўская 21 ліпеня 2019 года зладзілі першы ў Беларусі маркет па прынцыпе «Нуль адкідаў».
У намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва» узнагароду атрымала выстава «Бязмежнікі» – з працамі пацыентаў «Навінак» і беларускіх дамоў-інтэрнатаў, а таксама артамі прызнаных мастакоў.

Лепшымі ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання культурнай спадчыны” стала Ініцыятыўная група па ўвекавечанні памяці Алеся Адамовіча.

Лаўрэатам намінацыі «Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект» стаў Фэст «Кілямэтар грамадзскай актыўнасьці».

На фэсце вы маглі пазнаёміцца з беларускімі грамадзкімі арганізацыямі, наведаць лекцыі, майстар-класы, дыскусіі ад розных арганізацый і экспэртаў і экспертак на тэмы экалогіі, гендару, смяротнага пакарання, правоў чалавека, мовы і культуры.
А таксама падчас фэсту дзейнічаў Free Market і Жывая Бібліятэка.
Прэмію ў намінацыі “Самы нашумелы моладзевы медыйны праект” атрымаў тэлеграм-канал «Отчислено».

«Канал для тых, каму свеціць папіццот і светлая будучыня ў IT-краіне. Як выжыць і не спіцца, а таксама галоўныя навіны студэнцтва».
Лепшыя ў намінацыі “Гендарная моладзевая арганізацыя/ініцыятыва” – ініцыятыва “Больш цела”.

“Больш цела” – гэта маладая жаночая ініцыятыва, якая прасоўвае ідэі бодзіпазітыву і займаецца асветай праблем разладаў харчовых паводзінаў і сацыяльных праблем, звязаных з адчуваннем свайго цела.
Узнагароду ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека» атрымала кампанія #учёбаважнее.

Гэта кампанія была створана для інфармавання студэнтаў і студэнтак, неабыякавых грамадзян і грамадзянак аб руху за адмену закона «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржаў» ( «Аб адтэрміноўках»).
У намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект па развіцці мясцовай супольнасці» пераможцам абвешчана ініцыятыва “Новыя рэгіёны”.

“Новыя рэгіёны” – ініцыятыва з Магілёва, якая робіць мерапрыемствы, звязаныя з гендарнай ідэнтычнасцю і сэксуальнасцю, інклюзіўнасцю, фемінізмам, а таксама псіхатэрапіяй, правамі чалавека, экалогіяй і іншымі важнымі паняццямі.
“Факап года” – кампанія #онотогонестоит.

Студэнты і студэнткі БДУ запусцілі гэтую кампанію, каб выказаць свой пратэст супраць павышэння кошту навучання, пераздач і адпрацоўкі. Вось толькі іх актыўнасць не ўвянчалася поспехам. Каманда кампаніі атрымала падарунак – сертыфікат на праектны менеджмент.
«Прыз глядацкіх сімпатый» атрымаў праект «Наш двор у Маладзечна».

Гэтая ініцыятыва развівае добрасуседства: тут ладзяць суботнікі, фестывалі, разам гатуюць пірагі і робяць пірацкія вечарынкі.
У намінацыі «Вечны рухавік у моладзевым сектары» ўзнагароду атрымала Марыя Значонак!

Марыя – дырэктарка культурнага цэнтра «Корпус», а адзін з яе важных сёлетніх праектаў – валанцёрская школа «Рабі – будзе!».
Фота: Таня Капітонава