Праграма візітаў Еўрапейскага саюза

Праграма візітаў Еўрапейскага саюза арганізуе пяцідзённыя візіты ў Брусэль для спецыялістаў і спецыялістак, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з Еўрапейскім союзам, каб пазнаёміцца з працай інстытутаў ЕС.

У якасці госця Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламента кожны ўдзельнік ці ўдзельніца ажыццяўляе пяцідзённы азнаямляльны візіт, спланаваны з улікам яго/яе прафесійных інтарэсаў.
У мінулым годзе міжнародны сакратар РАДА Лявон Марозаў прымаў удзел у дадзенай праграме.

“Ці варта ўдзельнічаць у праграме? Гэта залежыць ад таго, якія ў вас мэты. Можна, канешне, проста паглядзець дыпламатычную сталіцу Еўропы, але ўсё ж дадзеная праграма дае магчымасць даведацца пра ўнутраную “кухню” інстытутаў ЕС. Таму калі ў вас ёсць да іх пытанні – то дакладна варта падавацца.
Вам не будуць ладзіць экскурсіі і распавядаць пра гісторыю ўзнікнення Еўрапейскага Саюза. Яшчэ да візіту вы асабіста выбіраеце, каго вы хацелі б наведаць, даведацца, як і над чым гэты чалавек зараз працуе. Мне было цікава сустрэць людзей, якія разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, а пазней нават і папрацаваць з імі.
Падчас праграмы я пазнаёміўся з Клэр Бігг, супрацоўніцай па камунікацыях і кантактнай асобай па Беларусі і Азербайджану ў аддзеле стратэгічных камунікацый Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці (EEAS), з Жэроенам Віліамсам, намеснікам начальніка аддзела “Арменія, Азербайджан, Беларусь і Усходняе партнёрства” ў Генеральнай дырэкцыі па пытаннях добрасуседства і перамовах аб пашырэнні Еўрапейскай камісіі, і з Анамарыяй Мальчутэску, супрацоўніцай па сувязях з Беларуссю і Арменіяй Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці (ЕЕАС).
Паспрабуйце і, магчыма, пасля вы зможаце дапамагчы зрабіць нашу краіну дэмакратычнай і еўрапейскай”.
Хто можа прыняць удзел?
дзяржаўныя служачыя, навукоўцы, даследчыкі_цы, журналісты_кі, прадстаўнікі_цы прафсаюзаў, некамерцыйных і няўрадавых арганізацый, іншыя спецыялісты_кі, сферы прафесійных інтарэсаў якіх уключаюць сярод іншых пытанні зялёнай эканомікі, эканамічнага і сацыяльнага развіцця, абароны правоў і свабод, лічбавая трансфармацыя, развіццё і ўмацаванне дэмакратычнага кіравання.
Удзельнікі і ўдзельніцы павінны мець закончаную ўніверсітэцкую адукацыю або эквівалентную падрыхтоўку і досвед працы ў сваёй прафесійнай сферы на працягу некальніх гадоў.
Удзельнікі і ўдзельніцы павінны мець асноўныя веды пра інстытуты Еўрапейскага саюза, а таксама валодаць англійскай ці французскай мовамі у ступені, дастатковай для вядзення працоўных сустрэч падчас візіта.
Еўрапейскі саюз аплочвае пералёт, пражыванне, візу і страхоўку.
Заяўкі на ўдзел у праграме прымаюцца да 5 чэрвеня 2020 года.
Неабходна запоўніць тры формы, прыведзеныя ніжэй, і адправіць іх электроннай поштай Прадстаўніцтву Еўрапейскага саюза ў Беларусі на адрас delegation-belarus-press@eeas.europa.eu з пазнакай «Application for EUVP 2021».
Для таго, каб індывідуальна распрацаваная праграма вашага візіта адпавядала вашым прафесійным інтарэсам і задачам, ліст павінны ўключаць у сябе кароткае апісанне Вашых бягучых абавязкаў, пытання (-яў), звязанага (-ых) з ЕС, якое (-ія) вы хочаце вывучыць, тэму (тэмы), якую (якія) вы хочаце абмеркаваць, і пералік інстытутаў ЕС, з прадстаўнікамі якіх вы хацелі б сустрэцца.
Вынікі адбору будуць вядомыя напрыканцы 2020 года, пасля чаго Прадстаўніцтва звяжацца з кожным з адабраных удзельнікаў і ўдзельніц, каб ўзгадніць даты візіта ў Брусэль у 2021 годзе.