Праект «Чыстая горка — бяспечныя прыборкі» стартуе ў Віцебску

Праект «Чыстая горка — бяспечныя прыборкі» стартуе ў Віцебску

Самыя папулярныя словы гэтага сезону: сацыяльная дыстанцыя, ізаляцыя, каранцін і, здаецца, адзінота.

Нават пры такім раскладзе ёсць магчымасць займацца важнымі і карыснымі справамі, выконваючы ўсе нормы бяспекі. У красавіку актывісты і актывісткі з Віцебска прыступілі да прыборкі Юр’евай гары – любімага месца многіх гараджан і гараджанак. З просьбай дапамагчы з прыборкай звярнулася Адміністрацыя чыгуначнага раёна Віцебска.

Юр’ева гара – лесапарк у Чыгуначным раёне Віцебска, дзе часта адпачываюць людзі. Сёння горка выглядае досыць сумна: не ўсе адпачывальнікі прыбіраюць смецце за сабой.

Як вырашыць гэтую праблему ва ўмовах самаізаляцыі? Ёсць рашэнне!

За сакавік і красавік 2020 года актывісты і актывісткі горада правялі больш за 10 прыборак горкі ў бяспечных умовах. На кожную ўборку запрашалася некалькі валанцёраў і валанцёрак. Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы прыборак экіпіраваныя маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі. Уборкі праводзіліся на бяспечнай дыстанцыі. Яшчэ і свежае паветра вакол!

За два месяцы ў гэтых маленькіх акцыях паўдзельнічала 15 валанцёраў і валанцёрак, якія прыбралі паўночную частку Юр’евай гары. Смецце збіралася ў арганізаваныя кучы, якія пасля вывозіла Адміністрацыя Чыгуначнага раёна. Але гэта толькі пачатак ініцыятывы па поўнай прыборцы тэрыторыі гары.

Што плануецца зрабіць далей?

Як толькі эпідэміялагічная сітуацыя стане больш роўнай і большая колькасць людзей захоча прыняць удзел у прыборках, арганізатары і арганізатаркі будуць рады бачыць новых валанцёраў і валанцёрак, якія хочуць сумясціць прыемнае з карысным: пагуляць на прыродзе, падыхаць паветрам і зрабіць Віцебск крыху чысцей. А можа быць, у будучыні збірацца на штомесячны пікнік-прыборку стане добрай традыцыяй для жыхароў і жыхарак Чыгуначнага раёна.

5_plogging
1_plogging
3_plogging
2_plogging
4_plogging

Крыху пазней у рамках праекта арганізатары і арганізатаркі плануюць усталяваць прыгожыя і інфарматыўныя таблічкі і арт-аб’екты, якія б нагадвалі гараджанам аб неабходнасці захоўваць чысціню і прыбіраць за сабой пасля адпачынку.

Бяспечныя прыборкі можна сумяшчаць практычна з любым відам дзейнасці і адпачынку і рабіць гэта можна ў сваім раёне. Усё, што вам спатрэбіцца, гэта сродкі абароны і пакеты для смецця. Так, можна заняцца плогінгам — зборам смецця падчас прабежкі. Або сумясціць такую акцыю з велапрагулкай. Быць усвядомленым_ай і экалагічным_ай не так складана, як здаецца!