Як заставацца актывістам_кай, седзячы дома? Частка 2

Мы ведаем, што вы стаміліся працаваць і вучыцца анлайн. Але мы прапануем прытрымлівацца рэкамендацый СААЗ, тым болей, што актыўнічаць можна нават дома!
Падрыхтавалі для вас 10 парад, як не спыняцца ў сваім актывізме і павысіць свае кампетэнцыі.

1.Падпішыце петыцыю.
ГА “Экадом” запусцілі петыцыю з патрабаваннем адкласці фізічны запуск АЭС. Падпісаць яе можна па спасылцы.
“Грамадзянскі форум” запусціў петыцыю з патрабаваннем вынясення папярэджання газеце “СБ-Беларусь Сегодня” за публікацыю апошняй на сваёй старонцы ў сетцы Facebook паста, якая абражае гонар і годнасць грамадзян, якія сабраліся 30-31 траўня 2020 на пікетах у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

2. Арганізуйце бяспечную прыборку.
У Віцебску за сакавік і красавік 2020 года актывісты і актывісткі горада правялі больш за 10 прыборак Юр’евай гары ў бяспечных умовах. На кожную ўборку запрашалася некалькі валанцёраў і валанцёрак. Усе ўдзельнікі і ўдзельніцы прыборак экіпіраваныя маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі. Уборкі праводзіліся на бяспечнай дыстанцыі.
Бяспечныя прыборкі можна сумяшчаць практычна з любым відам дзейнасці і адпачынку і рабіць гэта можна ў сваім раёне. Усё, што вам спатрэбіцца — гэта сродкі абароны і пакеты для смецця. Так, можна заняцца плогінгам — зборам смецця падчас прабежкі. Або сумясціць такую акцыю з велапрагулкай.

3. Здыміце адукацыйны курс ці падкаст.
Усё, што вам трэба — добрая ідэя, усё іншае за вас зробіць каманда CO-vision!
CO-vision — гэта афлайн-пляцоўка і каманда тэхнічна падкаваных спецыяліста_к шырокага профілю, якія дапамогуць вам у цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыі зрабіць якасны аўдыё або відэакантэнт.
Калі кантэнт вашай сацыяльнай ці культурнай ініцыятывы актуальны і не можа чакаць — смела запаўняйце заяўку.

4. Валанцёрства на дыстанцыёнцы: 7 варыянтаў дапамагчы ад 34 mag.net.
“Ахова птушак Бацькаўшчыны” шукае творчых людей: перакладчыкі_цы, ілюстратары_кі, дызайнеры_кі. «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» шукае тых, каму блізкая тэма гендарнай роўнасці і ў каго ёсць навыкі мантажу і расшыфровак аўдыя або жаданне і магчымасць навучыцца гэтаму.
Хто хоча паспрабаваць сябе ў маркетынгу і PR або цікавіцца тым, як уладкаваная некамерцыйная арганізацыя знутры? Prowomen.by чакае цябе.
А яшчэ можна маніторыць нітраты ў вадзе, займацца кантэнтам для сацсетак і зрабіць афішы і мерч па тэме псіхаактывізму: стыкеры, брашуры, ілюстрацыі для кніг.

5. Рэалізуйце свой медыяпраект.
MediaDiving School дапаможа стварыць і рэалізаваць свой праект па рэкламе, тэкстам, кіно ці фота!
Ментары і ментаркі дапамогуць вам развіць праект ад ідэі да ўстойлівай формы, а ў фінале лепшыя медыяпраекты атрымаюць неабходную падтрымку для рэалізацыі: напрыклад, абсталяванне, сайт, экспертызу.

6. Пачытайце Дайджэст даследаванняў грамадзянскай супольнасці 2018-2019.
Дайджэст даследаванняў — першая спроба Асамблеі НДА сабраць інфармацыю пра даследаванні, праведзеныя арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 2018-2019 гадах. У выданні вы знойдзеце інфармацыю пра мэты даследаванняў, метады і методыкі, а таксама асноўныя вынікі.

7. Даведайцеся, як зрабіць працу ў анлайне інтэрактыўнай.
«Уберите эту говорящую голову» — запіс нясумнага варкшопа ад трэнеркі Ганны Агеевай, на якім вы даведаецеся пра некалькі інтэрактыўных анлайн фарматаў.
А калі вы плануеце перавесці мерапрыемствы ў анлайн, але не ведаеце якую праграму выбраць, ніколі не карысталіся Zoom, але хочаце асвоіць, чулі пра эфектыўнасць працы на дошках у Trello, але баіцеся згубіцца ў задачах — “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” пракансультуе вас індывідуальна (і бясплатна!), а калі запытаў па адной тэме будзе шмат, то зладзяць групавую кансультацыю. І яшчэ дапамогуць наладзіць праграмы:
- Zoom і Discorde для правядзення відэазванкоў у камандзе і мерапрыемстваў
- Trello і Doodle для арганізацыі працы ў камандзе
- Canva і Coggle для стварэння візуала
- Miro і Padlet для віртуальнай дошкі са стыкерамі і не толькі
- Stepik і Google Classroom для навучальных курсаў з матэрыяламі

8. Запішыцеся на курс для актывістаў_ак.
“How-to” — гэта нефармальная пляцоўка для абмену ідэямі і вопытам паміж тымі, хто дзейнічае для сацыяльных змен. Спікеры_кі дзеляцца вопытам, прыкладамі са сваёй практыкі, адказваючы на пытанне “Як зрабіць?”. У фокусе — інструменты, якія хочуць выкарыстаць усе, але не ва ўсіх атрымліваецца.

9. Пачніце пісаць для студэнцкага медыя.
Кожны і кожная з вас можа стаць часткай каманды “Студэнцкай Думкі”. Галоўнае — матывацыя, каштоўнасці і гатоўнасць мяшкі варочаць, а не балбатаць.

10. Падтрымайце #ByCovid19 — групу ініцыятыўных грамадзян, якія арганізавалі зборы ў падтрымку медыкаў.
Заставайцеся актыўнымі і беражыце сябе!