“Прыйшлося распавесці, што такое фемінітывы”

Ганна Холад, старшынька моладзевай арганізацыі NSNL, на працягу тыдня кожны дзень праводзіла прамыя эфіры #откровенныйразговор у сваім акаўнце ў Instagram. Мы спыталі ў яе, чаму яна вырашыла гэта рабіць і які атрымала фідбэк.

“Калі здарылася сітуацыя з пандэміяй, мая маці нарэшце вырашыла завесці сабе Instagram і, паколькі мы з братам не надта дапамагалі ў ім разбірацца, маці вырашыла пайсці на курсы па Instagram! Дарэчы, сёння мая маці ўжо лепш за мяне разбіраецца ва многіх дэталях і нават робіць відэаролікі.
Адно з заданняў ў рамках курса было правесці прамы эфір на любую тэму. Мы правялі з ёй эфір, дзе казалі пра тое, чаму навучаемся адна ў адной кожны дзень. Паколькі ў гэтага эфіру было шмат водгукаў, я вырашыла рабіць эфіры з іншымі знаёмымі людзьмі — сябрамі і сяброўкамі, гісторыі і дзейнасць якіх мяне натхняе.
Навучаная эфірамі, якія мы рабілі ў рамках праекта RegiON “Актыўным быць можна/модна!”, пачала запрашаць у эфір тых людзей, з якімі асабіста знаёмая. У тым ліку і таму, што размовы атрымліваюцца больш душэўнымі і глыбіннымі.

Тэмы
У прамых эфірах падымаліся пытанні адукацыі, працы ў НКА, жыцця ў рэгіёнах, гаварылі і аб міграцыі, дыскрымінацыі на працоўным месцы, абмяркоўвалі выкарыстанне фемінітываў, былі размовы пра бізнес, гумар і рэкламу, сацыяльныя праекты і многае іншае.
Вынікі
Колькі б не было прамых эфіраў, амаль кожны суправаджаўся рознымі тэхнічнымі момантамі. Напрыклад з апошняга, даведалася, што калі падчас эфіру хтосьці тэлефануе ў месенджары арганізатару_цы эфіру, то прамая трансляцыя адключаецца. І трэба пачынаць зноўку!
Я ў эфірах убачыла шмат пазітыўных момантаў. Па-першае — гэта зносіны з сябрамі і сяброўкамі, з якімі няма магчымасці ўбачыцца, а праз прамыя эфіры можна падтрымліваць сувязь. Па-другое, я запытвалася ў гасцей эфіраў пра тое, што мне цікава і даведвалася шмат новага. Па-трэцяе, тыя, хто глядзяць гэтыя эфіры, пісалі, што атрымалі шмат новых ведаў. Пасля чарговага эфіру мне напісалі, што калі я прадстаўляюся, то кажу “председательница”, а ў рускай мове такога слова няма. А калі я распавяла пра фемінітывы, то чалавек сказаў, што не ведаў і папрасіў даць больш інфармацыі пра гэта. Вось такія вынікі прамых эфіраў”.
Паглядзець запісы эфіраў можна ў акаўнце Ганны ў Instagram.