Адукуй сябе пра Еўропу ў анлайне!

Далучайся да пятага патоку курса аб Еўропе для маладых беларусаў і беларусак ад Адукацыя.Інфо, Фонда Конрада Адэнаўэра ды Wilfried Martens Centre for European Studies.

Што гэта будзе?
Цягам курса ты даведаешся больш пра Еўропу ды Еўрапейскі саюз у лакальным ды глабальным кантэкстах, беларуска-еўрапейскія адносіны і сваё месца ў гэтай складанай структуры.
У гэтым годзе курс цалкам пераходзіць у анлайн і складаецца з трох кампанентаў: працы на анлайн-платформе, штотыднёвых тэматычных вэбінараў з экспертамі і эксперткамі і штомесячных арганізацыйных сустрэч.
А для каго?
Гэты курс разлічаны на маладых беларусаў і беларусак ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, якія цікавяцца еўрапейскай тэматыкай і хочуць структураваць свае веды пра гісторыю ўзнікнення, працу і структуру інстытутаў ЕС, а таксама паглыбіць сваё разуменне пра месца Беларусі ў сучаснай Еўропе.
Звярні ўвагу, што матэрыялы курса будуць давацца, у асноўным, на беларускай і рускай мовах, а некаторыя – на англійскай. Таму мы чакаем, што нашы ўдзельнікі і ўдзельніцы валодаюць англійскай мовай на ўзроўні, дастатковым для разумення прачытаных альбо праслуханых матэрыялаў.
Колькі часу гэта зойме?
Курс будзе доўжыцца 2,5 месяцы. Мы стартуем 18 ліпеня і скончым 26 верасня 2020. Курс будзе складацца з працы на анлайн-платформе, штотыднёвых вэбінараў з экспертамі і эксперткамі і штомесячных арганізацыйных анлайн-сустрэч. Цябе чакае шэраг разнастайных заданняў на платформе і персанальны фідбэк ад тутарак курса, што дазволіць паралельна з вывучэннем зместа пракачаць твае персанальныя кампетэнцыі.
Экспертныя вэбінары будуць займаць па паўтары гадзіны, арганізацыйныя – па тры. Праца на платформе і з міні-праектамі звычайна патрабуе не больш за 2-3 гадізны на тыдзень.
Якія ўмовы?
Удзел у курсе цалкам бясплатны. Удзельнікі і ўдзельніцы, якія паспяхова скончаць курс, атрымаюць сертыфікат.
Што кажуць?
Сябра РАДА Сяржук Дубіна з’яўляецца выпускніком дадзенай праграмы.
Я параіў бы падавацца на гэты курс па наступных прычынах:
1. Ты рэальна адукаўваешся пра Еўропу.
Цягам курсу ты з ахвотай вывучаеш багата карыснай і цікавай інфармацыі: эканоміка, палітыка, геаграфія, гісторыя, культура і г.д, што тычыцца Еўропы і ЕЗ.
2. У цябе ёсць магчымасць самастойна зладзіць мініпраекты ў межах курсу.
Абіраеш тэму, якую ты хацеў_ла бы падцягнуць і раскрываеш яе: запісваеш відэа, бярэш інтэрвію, робіш прэзентацыю, ствараеш інфаграфіку, – крэатыў так і прэць.
3. Вакол цябе фармуецца кола аднадумцаў.
Тая каманда новых людзей, з якой табе давядзецца працаваць і навучацца, будзе натхняць і матываваць штодня. А натхненне – гэта прыкмета развіцця і поспеху.
Шчыра раю падаваць заяўку, бо праграма сапраўды якасная і вартая таго, каб на ёй панавучацца.
Дзе пачытаць падрабязнасці і падаць заяўку?
Падрабязней аб курсе чытай на адмысловай вэб-старонцы. Каб далучыцца да курса, запоўні, калі ласка, форму.
Заяўкі на курс прымаем да 3 ліпеня ўключна, а аб выніках адбору паведамяць не пазней за 9 ліпеня. Калі маеш пытанні адносна курса, пішы на adukacyja@gmail.com з паметкай “Адукуй сябе пра Еўропу”.