Call to action – міністры замежных спраў ЕС павінны стаць на бок народа Беларусі

Call to action – міністры замежных спраў ЕС павінны стаць на бок народа Беларусі

Міжнародны сакратар “РАДА” Лявон Марозаў паразмаўлял з Лінай Арвідсан, прэс-сакратаркай па пытаннях міжнароднага партнёрства Нацыянальнага моладзевага савета Швецыі (LSU).

«Еўропа моцная. Таму што Еўропа адзіная». Такім было пасланне старшыні Еўрапейскага Савета Шарля Мішэля, калі ён абвясціў, што лідары і лідаркі Еўрапейскага саюза ўзгаднілі пакет мер па аднаўленні ва ўмовах крызісу Covid -19. Аднак еўрапейскае адзінства і салідарнасць маюць вырашальнае значэнне не толькі ў дачыненні да стагнуючых эканомік. Еўрапейскі кантынент перажывае яшчэ адзін крызіс, які патрабуе салідарнасці не толькі для народаў ЕС, але і для народаў Еўропы.

У нядзелю, 9 жніўня, беларускі народ накіраваўся на выбарчыя ўчасткі.

З улікам таго, што асноўныя апазіцыйныя кандыдаты былі адхіленыя ад удзелу ў выбарах, а таксама 1500 пратэстоўцаў (рэд. на той момант) былі затрыманыя падчас прадвыбарчай кампаніі, перамога «апошняга дыктатара» Еўропы Лукашэнка не стала нечаканасцю. Паколькі назіральнікі і назіральніцы, якія збіраліся назіраць за выбарамі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, не былі дапушчаныя, справядлівасць беларускіх выбараў магла быць законна пастаўлена пад сумнеў яшчэ да іх правядзення.

Тое, што чакалася, таксама ажыццявілася. Пасля таго, як Лукашэнка абвясціў сябе прэзідэнтам Беларусі яшчэ на адзін тэрмін, успыхнулі мірныя пратэсты. Мірныя (з боку дэманстрантаў і дэманстрантак) пратэсты на наступным тыдні прынеслі ў ахвяру некалькі жыццяў беларускага народа, які змагаецца за дэмакратыю, і вымусілі галоўную кандыдатку ад апазіцыі Святлану Ціханоўскую бегчы з краіны і шукаць прытулку ў Літве.

Галасы за дэмакратыю ў Беларусі моцныя. Але ім патрэбныя саюзнікі і саюзніцы. Калі міністры замежных спраў Еўрапейскага саюза сабраліся на сваё пазачарговае пасяджэнне ў пятніцу, 14 жніўня, каб абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі, яны дамовіліся аб санкцыях, звязаных з развіццём падзей апошніх тыдняў на фоне беларускіх выбараў. Гэта вітаецца, аднак недастаткова.

Дэмакратычныя рэпрэсіі выходзяць за рамкі выбараў, закранаючы здольнасць беларускай грамадзянскай супольнасці выконваць сваю паўсядзённую працу і выкарыстоўваць свае грамадзянскія і палітычныя правы. Таму мы, арганізаваная моладзь Беларусі і Швецыі, заклікаем міністраў замежных спраў ЕС стаць за беларускім народам і патрабуем правядзення новых выбараў і яднання з беларусамі і беларускамі ў імкненні да свабоднай, справядлівай і дэмакратычнай будучыні Беларусі.

1. Прызнаць выбары несапраўднымі.

Механізм непрызнання выбараў неаднаразова выкарыстоўваўся лідарамі і лідаркамі ЕС для канстатацыі нездавальняючых вынікаў выбараў, праведзеных у розных кантэкстах. Зусім нядаўна мясцовыя і рэгіянальныя выбары ў Крыму праводзіліся Расіяй. У 2017 годзе лідары і лідаркі ЕС не прызналі вынікі выбараў у Венесуэле, якія, напрыклад, прывялі да таго, што амбасадарка ЕС Ізабель Брыльянтэ Педроса была абвешчаная персонай нон грата. Беларускі народ хоча дэмакратыі. Гэта пачынаецца са свабодных і справядлівых выбараў.

2. Патрабуйце правядзення новых выбараў.

Паколькі асноўныя апазіцыйныя кандыдаты і кандыдаткі альбо абвінавачваюцца ў эканамічных злачынствах, альбо падвяргаюцца пагрозам, альбо іх адціскаюць назад, а падчас выбараў не назіраецца дастатковай колькасці назіральнікаў і назіральніц, мы патрабуем, каб лідары і лідаркі Еўрапейскага Саюза прызналі вынікі выбараў несапраўднымі. За гэтым павінны рушыць услед першыя ў беларускай гісторыі свабодныя і справядлівыя выбары, якія сталі б адметнай рысай і неабходным крокам для Беларусі, якая пакідае самадзяржаўе і рэалізуе імкненне да дэмакратыі.

3. Санкцыі, абумоўленыя павагай да дэмакратычных каштоўнасцей.

Паколькі ЕС пагадзіўся ўвесці санкцыі, неабходна прыняць меры для забеспячэння таго, каб яны былі непасрэдна звязаныя з доўгатэрміновым развіццём сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. Як арганізаваны моладзевы рух Беларусі і Швецыі, мы бачым, як недэмакратычнае асяроддзе ў Беларусі ўплывае на магчымасці ажыццяўлення дзейнасці суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. Таму будучая адмена санкцый павінна быць абумоўлена патрабаваннямі сістэматычных змен у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў. Толькі калі беларускі ўрад зможа гарантаваць свабоду слова, вяршэнства закона і павагу асноўных правоў чалавека да свайго народа, санкцыі ЕС могуць быць знятыя.

Адзінства і салідарнасць, праяўленыя лідарамі і лідаркамі ЕС пры ўзгадненні фонду аднаўлення эканомікі, зараз павінны быць прадэманстраваны і беларускаму народу. Гэта павінна пачынацца з забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў, але таксама патрабуе доўгатэрміновай падтрымкі ў імкненні пратэстоўцаў да дэмакратыі для Беларусі. Падтрымка ЕС у імкненні да таго, каб Беларусь больш не заслугоўвала тытула «апошняй дыктатуры Еўропы», а хутчэй «самай маладой еўрапейскай дэмакратыі», мае вырашальнае значэнне.