Як судзілі Станіславу Гусакову?

Як судзілі Станіславу Гусакову?

Станіслава Гусакова – сяброўка савета Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА» у 2017-2019 гг., кіраўніца выканаўчага бюро Асамблеі НДА.
Арыштаваная ў сябе дома ў Мінску 07.09.2020 г. а 12:30.

Затрыманне праводзілі чацвёра: мужчына ў цывільным і трое мужчын у камуфляжы і балаклавах. Не прадставіліся, не прад’явілі дакументы. Стасю пасадзілі ў «бус» і павезлі ў Маскоўскі РУУС. Пасля арышту ў яе кватэры быў праведзены ператрус: забралі камп’ютар, тэлефон, флэшкі.
Як мяркуецца, Стасю адвезлі на Акрэсціна, дзе яна правяла суткі.

Дзень 1

Суд быў прызначаны на 08.09.2020. Папярэдне, ёй інкрымінуюць ч. 1 арт. 23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Суд над Станіславай Гусаковай пачаўся а 17:15 08.09.2020 і доўжыўся 30 хвілін.

Рашэнне суда: адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку. Утрыманне Станіславы пад вартай пакінуць у сіле (72 гадзіны).

Хроніка судовага працэсу

Суд Маскоўскага раёна горада Мінска.
Суддзя Мотыль Таццяна Яраславаўна.
Сакратара судовага пасяджэння не прадставілі.
Адвакатка Якаўлева Вераніка Дзмітрыеўна.
Станіслава Гусакова ўдзельнічае ў пасяджэнні праз скайп-сувязь, знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

Пачата пасяджэнне. У залю паседжання пусцілі ўсіх жадаючых.

Суддзя апытвае Станіславу Гусакову. (Прозвішча, імя, адрас)
Дапусцілі адвакатку.
Адвакатка просіць індывідуальна пагутарыць 15 хвілін з падабароннай.
Абвешчаны перапынку 10-15 хвілін.
Пасяджэнне працягваецца.
Суддзя зачытвае прыкметы правапарушэння:
Станіслава Гусакова ў тэлеграм чаце размясціла інфармацыю аб месцы і часе масавага мерапрыемства – жаночага маршу «Свабода. Роўнасць. Сестрынства», які адбыўся 29 жніўня, да ўзгаднення з Мінгарвыканкамам, чым парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь.
Станіслава: прызнае, што размясціла інфармацыю пра марш да ўзгаднення з Мінгарвыканкамам. У арганізацыі самога маршу не ўдзельнічала. На момант рэпоста дадзенага паведамлення не ўсведамляла, што мерапрыемства не ўзгоднена з уладамі.
Суддзя: Вы скапіявалі інфармацыю аб правядзенні маршу з іншай крыніцы?
Станіслава: Не памятаю.
Адвакатка задае пытанні.
Станіслава кажа, што не праверыла інфармацыю пра марш. У Мінгарвыканкам за дазволап на мерапрыемства асабіста не звярталася.

Суд прымае рашэнне аб вяртанні справы для ліквідацыі недахопаў у той орган, які адправіў у суд на разгляд (РУУС Маскоўскага раёне г. Мінск). Утрыманне пад вартай пакінуць у сіле (затрымана на 72 гадзіны).

Пасяджэнне закрыта.

Дзень 2

Суд пачынаецца а 14:58 і доўжыцца 22 хвіліны.

Папярэдне, Станіславе інкрымінуюць ч.1 арт. 23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суткі пасля пасяджэння суда 08.09.20 Станіслава правяла ў ізалятары на Акрэсціна.

На пасяджэнне 09.09.20 не прысутнічае адвакатка, бо знаходзіцца на слуханне па іншай справе.

У зале прысутнічае каля 12 чалавек, мужа з хадайніцтвам аб выкліку адвакаткі не пускаюць у залу суда. Увесь працэс пачынаецца бязладна, без прадстаўлення суддзі і сакратаркі.

Хроніка судовага працэсу

Суд Маскоўскага раёна горада Мінска.
Суддзя Мотыль Таццяна Яраславаўна.
Сакратарка судовага пасяджэння – памочніца суддзі Кракасевіч М. А.
Адвакатка адсутнічае (яе не апавясцілі аб пасяджэнні а 15: 00)
Станіслава Гусакова ўдзельнічае ў пасяджэнні праз скайп-сувязь, знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

Пасяджэнне адкрыта.

Апытанне Станіславы (Прозвішча, імя, дата і месца нараджэння, месца пражывання, сямейнае становішча, месца працы).
Заявы і хадайніцтвы.
Станіслава просіць даць учорашняга адваката.
Суддзя: Адвакат не выходзіць на сувязь.
Суддзя прапанавала бясплатнага адваката.
Станіслава адмовілася.
Пасяджэнне працягнулася.
Суддзя: Пратакол вяртаўся, ці азнаёмілі вас з новым?
Станіслава: Так.
Пратакол аб размяшчэнні ў фем-чаце інфармацыі аб маршы 29 жніўня.
Суддзя зачытвае паведамленне з чата.

Што ставяць у віну: Станіслава дапусціла публічныя заклікі да масавых мерапрыемстваў.
Суддзя: Прызнаеце віну?
Станіслава: Не ведала, што мерапрыемства не ўзгодненае.
Суддзя: Вы ўдакладнялі?
Станіслава: Не, я не ўдакладніла, я не ўлічыла, што патрэбен дазвол. Пра мерапрыемства даведалася ў інтэрнэце пра марш.
Суддзя: Ёсць скрыншоты чата, на якіх ёсць тэкст і дата адпраўленага паведамлення.
Пералічваюць дакументы да справы.
Станіслава робіць заўвагу аб тым, што агляд у яе ў кватэры праводзіўся без яе.
Станіслава просіць суд даць ёй штраф, у сувязі з тым, што яна беспрацоўная, але ў яе ёсць зберажэнні.
Суддзя: Стаўленне да зробленага?
Станіслава: Шкадую, што не праверыла інфармацыю.
Суддзя выдаляецца для прыняцця рашэння.
Суддзя вярнулася і пачынае зачытваць пастанову.
Суддзя пачала зачытваць пастанову за ўчорашні дзень, выбачылася і пачала чытаць пастанову за 9 верасня.
Суд прымае рашэнне аб адміністрацыйным арышце на 11 сутак.

Пасяджэнне закрыта.