PRodvizhenie-2020: Заяўляйцеся!

PRodvizhenie – гэта праграма для актывістаў і актывістак некамерцыйных арганізацый, адукатараў і адукатарак, якія клапоцяцца пра папулярызацыю сваёй дзейнасці.

- Хочаце зрабіць сваю арганізацыю альбо ініцыятыву больш уплывовай і заўважнай у публічнай прасторы?
- Навучыцца асновам сувязяў з грамадскасцю (PR) і майстэрству правядзення трэнінгаў?
Тады заяўляйцеся да ўдзелу ў праграме PRodvizhenie-2020!
Школа PR і медыякампетэнцый

Тут вы атрымаеце асновы ведаў па сувязях з грамадскасцю (PR), пра розныя інструменты для працы з грамадскасцю (распрацоўка PR-кампаній, інфаграфікі, праца ў сацыяльных сетках і г. д.) для папулярызацыі сваёй дзейнасці, навучыцеся распрацоўваць планы медыякампаній, а таксама працаваць з журналістамі і журналісткамі. Для ўдзелу ў кожным з трэнінгаў у межах Школы на конкурснай аснове будуць адабраныя па 25 чалавек.
Дзе?
- Мінск, 25-27 верасня 2020 г.
- Гомель, 9-11 кастрычніка 2020 г.
Як запісацца на ўдзел у Школе?
Да ўдзелу ў Школе найперш запрашаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы некамерцыйных арганізацый з Мінскай і Гомельскай абласцей.
Заяўкі з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца!
Запоўніце да 20 верасня форму заяўкі і дачакайцеся адказу ад арганізатараў і арганізатарак!
Школа плюралізма

Трэнінг для трэнераў і трэнерак, пра які вы марылі!
Тут вы засвоіце асновы трэнерскага майстэрства: навучыцеся планаваць свае трэнінгі і асобныя заняткі.
Асаблівы фокус будзе зроблены на тое, як планаваць навучальныя праграмы, скіраваныя на пашырэнне дэмакратычных каштоўнасцяў (плюралізм, свабода слова і іншыя правы чалавека). Для ўдзелу ў трэнінгу на конкурснай аснове будуць адабраныя 20 чалавек.
Дзе?
- Мінск, 15-18 кастрычніка, 2020 г.
Як запісацца на ўдзел у Школе?
Да ўдзелу ў Школе найперш запрашаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы некамерцыйных арганізацый з Мінскай і Гомельскай абласцей.
Заяўкі з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца!
Запоўніце да 25 верасня форму заяўкі і дачакайцеся адказу ад арганізатараў і арганізатарак!
Беларуска-Нямецкі Форум Партнёрства PRodvizhenie-2020

Тут будуць прадстаўленыя цікавыя беларускія і нямецкія прыклады працы, скіраванай на папулярызацыю грамадскай дзейнасці, умацаванне іміджу грамадскіх ініцыятыў, а таксама на павышэнне здольнасці гэтых ініцыятыў вырашаць важныя мясцовыя пытанні і ўплываць на мясцовую павестку дня.
Да ўдзелу ў Форуме будуць запрошаныя актыўныя ўдзельнікі і ўдзельніцы праекта, а таксама прадстаўнікі і прадстаўніцы іншых беларускіх і нямецкіх НДА.
Дзе і калі?
- Мінск, 21-22 лістапада 2020 г.
У залежнасці ад эпідэміялагічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне будуць разглядацца таксама варыянты правядзення сустрэч па абмене досведам і планаванні сумесных праектаў з нямецкімі партнёрамі.
Праграму PRodvizhenie-2020 сумесна рэалізуюць:
- Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» (Гродна)
- Установа «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» (Гродна)
- Спажывецкі кааператыў «Майстэрня сацыяльных інавацый»
- Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне «Сацыяльныя праекты»
- Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Next Stop – New Life»
- Праектная група Coopforum International (Берлін, Германія).
«PRodvizhenie-2020: PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі» здзяйсняецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Германіі «Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін «Усходняга партнёрства» і Расіі».