Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад “Вясны”!

Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад “Вясны”!

Марфа Рабкова з’яўляецца сяброўкай ПЦ “Вясна”, каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі, а таксама з’яўляецца ўдзельніцай «Акадэміі Першых 2020».

17 верасня ў г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК Марфа разам з мужам Вадзімам Жаромскім была затрыманая. Вадзім Жаромскі пазней быў вызвалены.

У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Пры затрыманні Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч.3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці).

Марфа Рабкова змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Крымінальную справу супраць яе вядзе Упраўленне следчага камітэту па Мінску.

Сябры ПЦ “Вясна” выступаюць супраць непрыхаванага пераследу і ўціску сяброў арганізацыі за ажыцяўленне імі легітымнай праваабарончай дзейнасці. З заявай «Вясны» вы можаце пазнаёміцца на спасылцы.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» выказвае салідарнасць з праваабарончым цэнтрам “Вясна”, пераслед Марфы Рабковай у сувязі з яе легітымнай праваабарончай дзейнасцю мы расцэньваем як кампанію па запалохванню і ціску на праваабаронцаў.

Мы патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусі:

  • неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яе;
  • спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сяброў і сябровак ПЦ “Вясна” ды іншых беларускіх праваабаронцаў.