Беларусы не здадуцца, нягледзячы на рэпрэсіі

Тысячы беларусаў і беларусак былі арыштаваныя, але гэта не перашкодзіць беларускаму народу патрабаваць свабоды.
Фото автора Artem Podrez: Pexels
7 верасня Станіслава “Стася” Гусакова пачула стук у дзверы сваёй кватэры ў сталіцы Беларусі — Мінску. Калі яна адкрыла яе, у яе ўварваліся чацвёра мужчын — адзін у цывільным і трое, апранутыя ў вайсковую ўніформу і балаклавы. Яны выцягнулі Стасю з яе кватэры і запіхалі ў мінівэн, які чакаў звонку. Затым яе адвезлі ў бліжэйшы паліцэйскі ўчастак. Мужчыны не прадставіліся і не прад’явілі ніякіх дакументаў.
Стася, якая была сяброўкай Савета Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, саюза 27 дэмакратычных моладзевых арганізацый, з тых часоў прайшла праз некалькі слуханняў у кафкінскай судовай сістэме Беларусі, дзе нават асноўныя стандарты справядлівасці пастаянна ігнаруюцца. У цяперашні час яна адбывае пакаранне ў выглядзе 11 сутак адміністрацыйнага арышту (на момант выхаду артыкула 17.09 Рэд.) Яе адзіным “злачынствам” быў удзел у мірных акцыях пратэсту, якія ахапілі Беларусь з 9 жніўня, калі былі сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары.
Арышт Стасі не анамалія. З мінулага месяца ўсе ключавыя лідары і лідаркі апазіцыі былі выкрадзеныя або арыштаваныя, беглі або былі вымушаныя пакінуць краіну. Тысячы людзей былі дастаўлены ў паліцэйскія ўчасткі па фальшывых абвінавачваннях, і дзясяткі працягваюць арыштоўвацца кожны дзень. Пратэстоўцы падвяргаліся катаванням, зневажанням, гвалтоўным знікненням і нават забойствам.
Па меры таго, як увага міжнародных СМІ пачынае паступова згасаць, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не праяўляе ніякіх прыкмет адступлення. Ён працягвае заставацца ва ўладзе, нягледзячы на патрабаванні свайго народа аб правядзенні новых выбараў.
Без перабольшання можна сказаць, што вялікую частку часу я правёў паміж акцыямі пратэсту і судовымі слуханнямі. Стася — мая каляжанка з РАДА, дзе я зараз з’яўляюся міжнародным сакратаром. Мы былі ў авангардзе пратэстаў, і я бачыў, якая колькасць іншых сяброў і сябровак, актывістаў і актывістак была арыштаваная.
Людзі часта пытаюцца ў мяне, ці не стаміліся мы пратэставаць і ці не ўтрымае, у рэшце рэшт, страх затрымання і жорсткага абыходжання людзей ад выхаду на вуліцы. Мой адказ заўсёды адзін і той жа: мы не здадзімся. Гэтыя пратэсты — доўгая гульня, і мы павінны яе выйграць, каб забяспечыць лепшую будучыню для нашай краіны.
Прыемна, што людзі працягваюць пратэставаць тысячамі па ўсёй краіне, нягледзячы на жорсткую рэакцыю Лукашэнкі і яго сілавых структур. Міліцыя ўжывае слезацечны газ і гумовыя кулі для разгону пратэстаў. У першыя дні дэманстрацый у пачатку жніўня больш за 7000 чалавек былі арыштаваныя, а сотні людзей паведамілі праваабарончым арганізацыям, што падвяргаюцца жорсткаму біццю, сэксуальнаму гвалту і іншым формам катаванняў, знаходзячыся пад вартай. ААН ужо зарэгістравала 450 выпадкаў катаванняў у Беларусі.
У той час як самы жорсткія фізічныя згвалтаванні, мяркуючы па ўсяму, спыніліся, тэрор не спыніўся. Людзей працягваюць арыштоўваць за тое, што яны мірна выказваюць сваё меркаванне. Хоць большасць з іх былі вызваленыя, шмат каму таксама былі прад’яўлены абвінавачванні па законах, якія парушаюць міжнародныя стандарты і пагражаюць доўгім турэмным зняволеннем.
Як паказвае выпадак Стасі, людзі падвяргаюцца небяспецы не толькі на вуліцах, але і ў сваіх дамах. Жудасна ведаць, што ў любы момант сілавікі могуць нанесці вам візіт і арыштаваць. Многія з людзей, з якімі я працую, ужо пераехалі са сваіх дамоў па меркаваннях бяспекі, і я таксама.
Беларуская судовая сістэма створана для абароны інтарэсаў улады. Усім маім сябрам і сяброўкам, якія былі арыштаваныя, было адмоўлена ў доступе да адвакатаў і членам сям’і, і яны былі асуджаныя пасля недарэчнага кароткага судовага разбору без якіх-небудзь істотных доказаў. Ім прад’яўлена абвінавачванне ва ўдзеле ў “незаконным масавым мерапрыемстве”, супярэчнаму міжнароднаму праву. Дзіўна, але ўлады выкарыстоўвалі пандэмію Сovid-19 у спробе апраўдаць некаторыя з гэтых абмежаванняў, нават нягледзячы на тое, што сам Лукашэнка пераменшыў пагрозу віруса і нават заявіў, што яго можна вылечыць гарэлкай.
Важна таксама адзначыць, што пратэсты — гэта не проста моладзевы рух, яны карыстаюцца падтрымкай беларусаў і беларусак усіх узростаў і з усіх слаёў грамадства. Адны беларусы расчараваныя адсутнасцю палітычных свабод, іншыя — загадкавай эканомікай, трэція — некампетэнтнасцю ўрада ў барацьбе з пандэміяй. Рабочыя некалькіх дзяржаўных прадпрыемстваў абвясцілі забастоўку, патрабуючы новых выбараў і спынення жорсткасці міліцыі.
Шырокая падтрымка звязаная з тым, як дыктатура паўплывала на кожную сферу нашага жыцця ў Беларусі. Мой уласны выпадак — толькі адзін з прыкладаў. Раней я чытаў лекцыі па правах чалавека і міжнароднаму праву ў Міжнародным універсітэце ў Мінску (MITSO), але я страціў працу ў 2016 годзе пасля таго, як пагаварыў аб тым, што ў Беларусі працягвае выкарыстоўвацца смяротнага пакарання, аб правах ЛГБТ-супольнасці і іншых табуяваных пытаннях. Супрацоўнікі КДБ — нацыянальнай спецслужбы — нават прыязджалі наведаць мяне і маю сям’ю, каб запалохаць. Адміністрацыя ВНУ вынесла мне папярэджання аб фіктыўных парушэннях.
Тое, што мы, у канчатковым рахунку, хочам для нашай краіны, проста: гэта свабода ад такога страху. Мы хочам, каб урад вызваліў удзельнікаў і ўдзельніц акцый пратэсту, якія знаходзяцца ў зняволенні, забяспечыў правасуддзе за злоўжыванні паліцыі і паважаў права людзей мірна выказваць сваё меркаванне. Мы хочам новых свабодных і справядлівых выбараў, якія могуць пракласці шлях да больш адкрытага і дэмакратычнага грамадства, дзе цэняцца Правы чалавека кожнага чалавека.
Мы просім міжнародную супольнасць, і ў прыватнасці Еўрапейскі Саюз, падтрымаць нас у гэтым. Гучна выступіце супраць злоўжыванняў у Беларусі і на карысць дэманстрантаў і дэманстрантак. Самае галоўнае, выкарыстоўвайце тыя рычагі, якія ў вас ёсць — фінансавыя ці палітычныя, каб аказаць ціск на ўрад Лукашэнкі і прымусіць яго правесці новыя выбары.
Пакуль гэтага не адбудзецца, я буду працягваць выходзіць на вуліцы, патрабуючы перамен. Ёсць усе шанцы, што ў бліжэйшы час мяне, як і Стасю, наведае міліцыя, але гэта рызыка, на якую я гатовы пайсці. Звяржэнне дыктатара — доўгая гульня, але я ўпэўнены, што мы пераможам.
Погляды, выяўленыя ў гэтым артыкуле, належаць аўтару і не абавязкова адлюстроўваюць рэдакцыйную пазіцыю “Аль-Джазіры”.