“Правы чалавека — гэта не ўнутраная справа краіны”

“Правы чалавека — гэта не ўнутраная справа краіны”

Моладзевыя арганізацыі таксама пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. У Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. На цяперашні час больш за 10 000 чалавек былі арыштаваныя і асуджаныя ў ходзе сумнеўных судовых разглядаў. Выклікаюць трывогу выпадкі згвалтавання, нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў з мэтай прымусу да дачы асабістых дадзеных з мабільных тэлефонаў і паведамленні аб катаваннях у турмах. Гэта тычыцца і актывістаў  і актывістак моладзевых арганізацый.

Лявон Марозаў — юрыст-міжнароднік і міжнародны сакратар РАДА, парасонавай арганізацыі незалежных моладзевых арганізацый у Беларусі. IJAB гаварыла з ім аб бягучай сітуацыі.

ijab.de: Лявон, за што ты адказваеш як міжнародны сакратар РАДА?

Лявон Марозаў: Я клапачуся аб нашых міжнародных кантактах і аб кантактах нашых сяброўскіх арганізацый на міжнародным узроўні. Гэта ўключае ў сябе наша сяброўства ў Еўрапейскім моладзевым форуме (РАДА — паўнапраўны сябра) і ўдзел у круглых сталах і перамовах «ЕС-Беларусь». Важным напрамкам дзейнасці РАДА з’яўляецца маніторынг сітуацыі з правамі чалавека (моладзі) у Беларусі. РАДА паведаміла аб сітуацыі і становішчы правоў моладзі ў Савет ААН па правах чалавека. У кастрычніку 2020 года прадстаўлю ўніверсальны перыядычны агляд (УПА) — ад імя РАДА ў ААН. (У рамках універсальнага перыядычнага агляду ААН разглядаецца становішча ў галіне правоў чалавека ў краінах-сяброўках праз рэгулярныя прамежкі часу — кожныя 4 гады. Рэд.). Сёлета мы таксама падрыхтавалі Рэзалюцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі і прадставім яе на Еўрапейскім моладзевым форуме ў лістападзе.

ijab.de: У сувязі з пратэстамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі арыштаваныя тысячы чалавек. Закранула гэта сяброў  РАДА і сяброўскія арганізацыі?

Лявон Марозаў: Так, Ірына Сухій — сяброўка ГА “Экадом”. Яна зʼяўляецца заснавальніцай і лідаркай экалагічнага руху ў Беларусі, выбітнай лідаркай грамадзянскай супольнасці ў краіне. Яе арганізацыя “Экадом” — адна з нашых сяброўскіх арганізацый. Ірына была арыштаваная і прысуджаная да турэмнага зняволення (ужо адпусцілі. Рэд.).

Таксама была арыштавана Станіслава Гусакова — сяброўка Савета РАДА з 2017 па 2019 гг. Яна была вызваленая сёння. Адзін з нашых цяперашніх сяброў Савета, Уладзімер Булаўскі, таксама быў арыштаваны і асуджаны. Мы пакуль не ведаем падрабязнасцей судовага працэсу над ім (ужо ведаем Рэд.), але мы будзем сачыць за ўсімі судовымі працэсамі і паведамляць на нашым сайце, былі яны справядлівымі ці не. Наш вопыт паказвае, што гэтыя судовыя працэсы — цырк, яны не маюць нічога агульнага з міжнароднымі канстытуцыйнымі нормамі. Арышты закранулі і іншых актывістаў і актывістак нашых сяброўскіх арганізацый.

ijab.de: Дзяржаўная прапаганда і Лукашэнка кажуць, што пратэсты кантралююцца з-за мяжы. Часам згадваюцца Польшча, Літва, Германія, ЕС або НАТА. Як арганізацыя, у якой шмат кантактаў у заходніх краінах, вы падвяргаецца асаблівай небяспецы з-за гэтага?

Лявон Марозаў: Мы смяемся над такімі заявамі. Думаем, што прыйшоў час прэзідэнту знайсці новага сцэнарыста. Мы памятаем гэтыя прапагандысцкія гісторыі з кожных выбараў. Пастаянна вядуцца размовы пра замежны ўплыў. Часам гэта рускія найміты, часам украінскія нацыяналісты хочуць умяшацца. Толькі людзі, якія давяраюць дзяржаўнаму тэлебачанню, могуць у гэта паверыць. Але людзі ўжо даўно маюць доступ да іншых крыніц навін праз інтэрнэт. Мы гаворым пра тэлеграм-рэвалюцыю.

Але так, вядома, мы баімся. Калі я дакладваю аб правах чалавека, пра тое, што ў нас да гэтага часу выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, я адчуваю сябе ворагам краіны. Я працаваў выкладчыкам па правах чалавека і міжнароднаму праву ў адной з ВНУ Беларусі, у той перыяд там мяне наведалі супрацоўнікі КДБ і ў рэшце рэшт я страціў працу. Цяпер я часам выкладаю міжнароднае права за мяжой. Гэта абсурд. У нас тут сітуацыя ў Беларусі, як у кнігах Джорджа Оруэла.

ijab.de: Што павінна змяніцца ў міжнародных адносінах у найбліжэйшай будучыні?

Лявон Марозаў: Нам патрэбны больш эфектыўныя дзеянні ЕС. Яны павінны выразна выяўляць парушэнні правоў чалавека і рэагаваць на ўчыненыя тут злачынствы. Мы заклікаем да спынення афіцыйных партнёрскіх адносін. Нам таксама неабходна эканамічная падтрымка. Пуцін нядаўна заплаціў Лукашэнку 1,5 мільярда даляраў за выратаванне “свайго” рэжыму. Але і Пуцін не Супермэн і не можа проста купіць краіну. Важна стварыць міжнародную камісію па расследаванні ўсіх выпадкаў катаванняў, жорсткага абыходжання і забойстваў у Беларусі.

Нам патрэбны бязвізавы рэжым для тых, хто арыштаваны і падвергнуты катаванням. Свет павінен зразумець, што правы чалавека не зʼяўляюцца ўнутранай справай краіны. Свет павінен адкрыта казаць пра тое, што тут адбываецца, а не стаяць у баку і глядзець, як Беларусь ператвараецца ў другую Югаславію ці ў другую Украіну.

ijab.de: Што можа зрабіць грамадзянская супольнасць у Еўропе, у Германіі, каб падтрымаць вас?

Лявон Марозаў: У нас добрыя адносіны з Еўропай і з Германіяй. Тым не менш, нашы адносіны з моладзевымі арганізацыямі маглі б быць больш цеснымі, і мы былі б рады вялікім сумесным праектам.

Многія людзі не разумеюць, як мы жывём тут цяпер. Міліцыя можа прыйсці ў 5-й раніцы — без формы і пасведчання — і арыштаваць нас. Я ведаю многіх людзей, якія глытаюць таблеткі ці пʼюць алкаголь, каб наогул спаць. Калі ласка, не пытай нас, што вы можаце зрабіць. У нас шмат спраў, мы збіраем грошы, плацім штрафы ў судзе або размаўляем з адвакатамі. Проста зрабіце што-небудзь! Вы можаце дасылаць лісты пратэсту ў пасольства Беларусі ў вашых краінах. Вы можаце паведамляць аб тым, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Мы адчуваем вашу падтрымку! Да сустрэчы ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі!