Адлічэнне і “суткі” за адзіночны пікет

Адлічэнне і “суткі” за адзіночны пікет

18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева, сяброўка Савета “РАДА”, 29 кастрычніка зладзіла ў падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў адзіночны пікет. У той жа дзень дзяўчына была адлічаная з тэхналагічнага каледжа, яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА, дзе яна правяла трое сутак. 4 лістапада адміністрацыйную справу (ч.3 арт. 23.34 КаАП), заведзеную ў дачыненні да Сафіі Цярэнцьевай, разглядаў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Мы пагутарылі з Сафіяй пра мэты і вынікі яе адзіночнага пікета.

Ідэя і мэты пікета

— Я проста ўбачыла, што адбывалася 26 верасня, як затрымлівалі і разганялі студэнтаў і студэнтак. Я не магла на ўсё гэта глядзець, а асабліва, калі гэта тычыцца маіх знаёмых, сяброў і сябровак. Мне захацелася зрабіць хоць нешта, каб іх падтрымаць. Было занадта балюча ад бяссілля і злосці, пікет стаў выхадам гэтых эмоцый.

Было трохі страшна, я дакладна была гатовая да негатыву з боку адміністрацыі, але не да таго, што яны выклічуць на мяне міліцыю!

Мне праўда было складана паверыць, што яны паступілі так са мной. Яны былі не згодныя з маёй пазіцыяй, але частка тэзісаў усё ж падтрымлівалі. Дырэктарка распавядала свае асабістыя гісторыі з маладосці і сваю пазіцыю. У нас была цалкам мірная размова, але потым прыехала міліцыя.

Пікет

— Я выйшла ў залю з аднагрупніцамі, там размаўляла са студэнтамі і студэнткамі, яны запытваліся пра плакат, што гэта значыць. На плакаце было намалявана жорсткае затрыманне студэнткі медыцынскага ўніверсітэта з надпісам “Гэта нармальна?”

З гэтым пытаннем увогуле я і звярталася да студэнтаў і студэнтак. Пакуль мяне не было, мая куратарка правяла гутарку з маімі аднагрупніцамі пра мяне (асабліва ёй не спадабаліся мае фота ў Інстаграм) і пра пратэсты, яна выказала меркаванне, што гэта абсалютна нармальна, што пратэстоўцаў збіваюць, што студэнтам і студэнткам месца на парах і трэба іх усіх біць яшчэ больш, каб яны “не займаліся глупствамі”.

Пасля гэтага мне і захацелася даведацца, ці нармальна біць людзей, гэта пазіцыя толькі маёй куратаркі або ўсёй адміністрацыі. Ні адзін студэнт і ніводная студэнтка не пагадзіліся з тым, што так павінна быць.

Пазіцыю адміністрацыі я высветліла, калі пасля 15 хвілін, якія я правяла на пікеце, да мяне прыбегла сацыяльная педагагіня, вырвала плакат і адвяла да дырэктаркі.

Яны лічаць, што гэта ўсё нармальна, а міліцыя абараняецца і толькі адказвае на правакацыі. На іх думку відэа і скрыншот на маім плакаце вырваныя з кантэксту і нічога не даказваюць.

У тым жа кабінеце склалі загад на адлічэнне і там жа прайшло затрыманне.

Затрыманне і адлічэнне

— Мяне не спрабавалі пераконваць у каледжы, мяне ўжо затрымлівалі там два разы. Мне проста казалі, што мной хтосьці карыстаецца, хтосьці на гэтым зарабляе, а я дурная ахвяра пратэстаў.

У РАУС і СІЗА ўжо знаёмыя людзі з неразуменнем пыталіся, навошта мне гэта і ці варта яно таго. Варта.

У мяне ўжо быў суд. На яго прыйшлі людзі падтрымаць мяне і гэта вельмі важна — адчуваць падтрымку ў такія моманты. Справу адправілі на дапрацоўку і прызначылі паседжанне па маіх двух пратаколах (23.34 КаАП) на 12 лістапада.

Што пасля

— Адчуваю сябе вельмі стомленай, у мяне даўно знікла адчуванне бяспекі. Я прачынаюся па начах ад кашмараў пра АМАП і плачу.

Мне давялося вельмі хутка шукаць адпрацоўку, бо мяне адлічылі з другой ступені і за першую мне трэба было адпрацаваць год, інакш, як мне сказалі, я б паехала ў глухую вёску пад Міёрамі. Адпрацоўку ў Віцебску мне знайшлі дзякуючы нашым неверагодным людзям.

Я не моцна знервавалася з-за адлічэння, у нас з адміністрацыяй каштоўнасці трохі разыходзяцца. Але плакала ў РАУС з-за сваіх аднагрупніц і выкладчыцы англійскай мовы, дзеля іх усё і было. Цяпер я атрымала ад іх шмат падтрымкі і па іх я дакладна буду сумаваць.

З добрых навін: я паступіла ў Eclab на гендарныя даследаванні — цяпер буду вучыцца там.

За апошнія месяцы 18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева некалькі разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Агулам яна 5 сутак правяла за кратамі віцебскага СІЗА. У дадатак была аштрафаваная на 54 рублі. 

Мы патрабуем спынення гвалту, адлічэнняў і парушэння грамадскіх і палітычных правоў у дачыненні да студэнтаў і студэнтак навучальных устаноў з боку адміністрацый гэтых устаноў і прадстаўнікоў і прадстаўніц органаў унутраных спраў!

Заяву РАДА супраць ціску на студэнцкі рух і выкладчыкаў і выкладчыц у Беларусі можна пачытаць па спасылцы.