Пераслед актыўнага студэнцтва

Раніцай 12 лістапада адбыліся ператрусы ў сямі актывістаў і актывістак “Задзіночання Беларускіх Студэнтаў”, сярод якіх сяброўка Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрамарыям, а таксама прэс-сакратарка ЗБС Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўкі, Студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка. Таксама з ператрусам прыйшлі на офіс ЗБС.
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў — сяброўская арганізацыя “РАДА”, затрыманыя студэнты і студэнткі — нашы добрыя сябры і сяброўкі. ЗБС існуе з 1989 году, ад пачатку свайго існавання арганізацыя прымала актыўны ўдзел у штодзённым жыцці студэнтаў і студэнтак, арганізоўвала кампаніі супраць ідэалагізацыі адукацыі, акцыі пратэсту супраць вывучэння гісторыі камуністычнай партыі ў якасці абавязковага прадмету.
Што адбывалася 12 лістапада і што вядома зараз
Сырамалот Ксенія. Студэнтка 4 курса ФФСН БДУ, прэс-сакратарка Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Да яе ў кватэру прыехалі з ператрусам, потым адвезлі ў КДБ. Там Ксенія заставалася да раніцы, ёй не далі сустрэцца з адвакатам і не сказалі, у якім статусе яна знаходзіцца.
Ксенія Сырамалот
Зараз Ксенія знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яе падазраваная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх”).
Алана Гебрамарыям. Выпускніца БДМУ, сяброўка асноўнага складу Каардынацыйнай Рады і памочніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, чаліня Рады Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. Была затрыманая пасля ператрусу ў кватэры.
Алана Гебрамарыям
Алане Гебрэмарыям абралі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на два месяцы. Бягучы статус — падазраваная. Праз тыдзень ёй павінны выставіць абвінавачванне, у адваротным выпадку падазраванага павінны вызваліць. На гэты момант яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Ягор Канецкі. Студэнт 5 курса біялагічнага факультэта БДУ, актывіст Вольнага прафсаюзу і Задзіночання Беларускіх Студэнтаў. У яго быў праведзены ператрус, канфіскавалі тэхніку. Ягор знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Яна Арабейка. Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. У пакоі інтэрната быў ператрус, у яе суседкі былі канфіскаваныя тэлефоны. Цяпер Яна ў СІЗА КДБ.
Кася Будзько. Студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ. У кватэры, дзе яна жыве з бабуляй, прайшоў ператрус. Зараз Кася таксама ў СІЗА КДБ.
Марыя Каленік. Студэнтка БДАМ. За дзяўчынай ужо некаторы час сачылі, а 12 лістапада, выйшаўшы з дому, яна напісала сястры “мяне выкралі”. Праз некаторы час Марыя ў суправаджэнні 7 сілавікоў вярнулася ў кватэру, дзе прайшоў ператрус. На яе ўвесь час ціснулі і не казалі, у якім яна статусе. Канфіскавалі тэхніку, забралі ў КДБ, куды ні блізкіх, ні адвакатаў не пускалі. Зараз Марыя ў СІЗА КДБ, як і астатнія — праходзіць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на два месяцы.
Глеб Фіцнэр Студэнт МДЛУ. Быў затрыманы сілавікамі. 14 лістапада адвакату атрымалася трапіць на допыт, арышт студэнту працягнулі да 19 лістапада (чацвер) — ён застаецца ў СІЗА КДБ.
Анастасія Булыбенка. Экс-студэнтка БНТУ. У яе кватэры таксама прайшоў ператрус, цяпер яна ў СІЗА КДБ.
Вікторыя Гранкоўская. Адлічаная студэнтка БНТУ. 12 лістапада дзяўчына не выходзіла на сувязь, на наступны дзень пацвердзілася, што яна ў СІЗА КДБ. Вікторыя, як і Анастасія Булыбенка, застаецца пад вартай на два месяцы.

Былыя і цяперашнія студэнты і студэнткі, сяброўкі Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Ксенія Сырамалот, Алана Гебрэмарыям, Ягор Канецкі, Яня Арабейка і Кася Будзько прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Мы абураныя гэтымі падзеямі і расцэньваем іх як мэтанакіраваны пераслед актыўнага студэнцтва. Па спасылцы вы можаце знайсці Заяву Задзіночання Беларускіх Студэнтаў.
Жыве ЗБС!