“РАДА” пераможца прэміі Youth Rights Award

“РАДА” пераможца прэміі Youth Rights Award

20-22 лістапада міжнародны сакратар “РАДА” Лявон марозаў, полісі сакратар Зміцер Герыловіч і Старшынька “РАДА” Маргарыта Ворыхава прымалі ўдзел у Генеральнай асамблеі Еўрапейскага моладзевага форума.

Еўрапейскі моладзевы форум (ЕМФ) з’яўляецца платформай моладзевых арганізацый Еўропы, прадстаўляе больш за 100 моладзевых арганізацый, якія аб’ядноўваюць дзесяткі мільёнаў маладых людзей з усёй Еўропы.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” з’яўляецца паўнапраўным сябрам ЕМФ і ўжо другі год запар ініцыюе прыняцце важных дакументаў для ўсіх маладых людзей. У мінулым годзе “РАДА” была аўтарам Рэзалюцыі “Барацьба са звужваючайся прасторай з пашырэннем магчымасцей моладзевых арганізацый, нацыянальных моладзевых саветаў і міжнародных няўрадавых моладзевых арганізацый“.

Сёлета “РАДА” ініцыявала прыняцце новага дакумента — “Рэзалюцыя аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі”.

Рэзалюцыя была прынята аднагалосна!

Таксама ў гэтым годзе ў рамках Еўрапейскага моладзевага форума ўпершыню была ўзнагарода Youth Rights Award. “РАДА” — пераможца!

“Найважнейшым вынікам для нас стала безумоўная падтрымка Рэзалюцыі “РАДА” аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Дадатковым і вельмі прыемным сюрпрызам стала ўручэнне РАДА ганаровай узнагароды ў сферы правоў моладзі, з дапамогай якой ЕМФ выказаў актыўную ролю і мэтанакіраванасць Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, — кажа Зміцер Герыловіч.

На Генеральнай Асамблеі ЕМФ былі абраныя на 2021-2022 гады новыя прэзідэнтка — Сілья Маркула, 2 віцэ-прэзідэнта, 8 сяброў_вак Савета, фінансавая камісія, прынятыя праграмныя дакументы і рэзалюцыі. Мы віншуем усіх абраных і адыходзячых прадстаўнікоў і прадстаўніц органаў ЕМФ і жадаем эфектыўнай працы ў адстойванні і прасоўванні правоў моладзі ў Еўропе і ў свеце.

Сярод іншых важных дакументаў, прынятых падчас Генеральнай Асамблеі ЕМФ: 

  • Рэзалюцыя па барацьбе з гвалтам на гендэрнай глебе
  • Праграмны дакумент аб моладзі, свеце і бяспекі
  • Палітыка якаснага ўдзелу моладзі і прадстаўнічасці ў інстытуцыях
  • Дакумент аб праграме спадкаемцы Эразмус+
  • Рэзалюцыя па барацьбе з антыджыпсізмам і роўным удзеле моладзі рома

Усе дакументы ў хуткім часе будуць апублікаваныя на сайце Еўрапейскага моладзевага форума.