Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend прымае заяўкі

Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend прымае заяўкі

Каб сабраць усіх летуценнікаў і летуценніц разам, падтрымаць неабыякавых людзей, якія хочуць прынесці карысць Беларусі ўжо ў найбліжэйшай будучыні, арганізатары найбуйнейшага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend абвяшчаюць старт шаснаццатага сезона. Заяўкі прымаюцца да 28 лютага 2021 года.

Конкурс пройдзе пад слоганам “А ты паспрабуй!” — такім чынам каманда Social Weekend заклікае не апускаць рукі, а брацца за справу, нават калі здаецца, што ідэя занадта цяжкая для рэалізацыі.

Каб як мага больш задумак змаглі ўвасобіцца ў рэальнасць, тэрмін конкурсу гэтым разам падоўжаны. 

— Звычайна сезон конкурсу доўжыцца 5 месяцаў, і гэта вельмі інтэнсіўная праца і для ўдзельнікаў, і для нашай каманды, — распавядае пра новаўвядзенні конкурсу дырэктар мясцовага фонду “Добра”, кіраўнік Social Weekend Аляксандр Скрабоўскі. — У мінулым сезоне мы атрымалі 470 заявак і бачылі складанасць у тым, што людзі з незвычайнымі ідэямі не ўмеюць пра іх даступна расказаць на старце. Здольнасць растлумачыць сутнасць праекта за кароткі час, прэзентаваць вынікі і расказаць аб паспяховым вопыце не менш важная, чым сам вопыт. 

Цяпер мы будзем вырашаць праблему камунікацыі аўтараў ідэй і іх патэнцыйнай мэтавай аўдыторыі з першых дзён знаёмства. Нават для тых, хто не патрапіць у трэк навучання. Мы працягнулі сезон яшчэ на месяц і прысвецім гэты час пошуку дадатковых рэсурсаў і дапамогі кожнаму праекту. 

Прыняць удзел у Social Weekend могуць людзі з любымі ідэямі, якія накіраваны на развіццё культуры, грамадства, інфраструктуры, медыцыны, адукацыі, навукі і іншых сфер жыцця. 

Грошы ад мецэнатаў і кампаній праекты атрымаюць на першыя крокі праекта-фіналіста. У мінулым, пятнаццатым Social Weekend, каманды атрымалі падтрымку на суму больш за 100 000 BYN. 

Часта сацыяльны праект успрымаюць як рашэнне той ці іншай праблемы, аднак мы чакаем праекты, якія прадастаўляюць новыя магчымасці, якія адкрываюць новыя падыходы. Падаць заяўку можа любы чалавек ці арганізацыя. Няма і абмежаванняў па ўзросту. Акрамя таго, форма заяўкі спрашчаецца ад сезону да сезону, таму падзяліцца сваёй ідэяй з шырокай аўдыторыяй становіцца ўсё прасцей, — дапаўняе каардынатар Social Weekend Таццяна Траяновіч.

Да народнага галасавання і экспертнага адбору праектаў усе, хто падаў заяўку на конкурс, змогуць паўдзельнічаць у бясплатных семінарах, дзе даведаюцца базавую інфармацыю па запуску праекта, працы з супольнасцю і пошуку рэсурсаў для сваёй ініцыятывы. 

Арганізатар Social Weekend — Мясцовы сацыяльны фонд “Добра”, мэта якога — прыцягненне рэсурсаў бізнесу: інтэлектуальных, грашовых і іншых — для інвеставання ў сацыяльныя стартапы і дасягненне Мэт устойлівага развіцця. Фонд таксама з’яўляецца Офісам сеткі Глабальнага дагавора ААН у Беларусі.