Girl Power моладзевага Савета “РАДА”


8 сакавіка – Дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за роўныя правы і эмансіпацыю. З сакавіка 1975 года Міжнародны жаночы дзень адзначаецца ў ААН.
У Савеце “РАДА” зараз 7 прадстаўніц моладзевых арганізацый Беларусі, чым не girl power. Мы вырашылі запытацца ў іх, як яны прыйшлі ў актывізм і што дапамагае ім актыўнічаць, якія парады яны могуць даць маладым дзяўчатам (і не толькі ім), і канешне, што яны думаюць пра 8 сакавіка.

Я прыйшла ў актывізм, таму што там крутыя людзі! Спачатку трапляеш у кампанію, а потым гэта непрыкметна зацягвае і не адпускае.
Вакол мяне цудоўныя людзі, якія натхняюць, і я люблю праз тое, што я раблю, натхняць іншых. Гэта тое, што мне сапраўды падабаецца ў нашай працы! Актывізм – гэта змены да лепшага праз любоў да людзей.
Што мяне падтрымлівае? Мае калегі і каляжанкі! Разам мы сіла, выцягваем адзін аднаго з нерэсурснага стану і дапамагаем здаць усе справаздачы. Як бы цяжка не было, заўсёды ёсць адчуванне, што ў гэтым я не адна.
Таксама вельмі моцна зараджаюць вынікі нашых дзеянняў, тое, што мы прыдумалі ў галаве, становіцца рэальнасцю.
І любімае: удзельнікі і ўдзельніцы нашых мерапрыемстваў і іх пазітыўны фідбэк, цёплыя словы і прамяні любові.
Сёння 8 сакавіка, і я бы хацела звярнуць увагу на праблему хатняга гвалту і гвалту ў партнёрскіх адносінах, няроўную аплату працы і спіс забароненых прафесій для жанчын. Цюльпаны гэта прыемна, але вы нават не ўяўляеце, як прыемна адчуваць сябе ў бяспецы і атрымліваць годную зарплату на працы, якую ты выбрала сама!
Нядаўна выйшаў вельмі добры тэкст на Мakeout. Пра межы і тое, як іх адстойваць, не адчуваючы віну. Людзям з жаночай гендарнай сацыялізацыяй асабліва актуальна.
Мне здаецца, што я заўсёды была ў актывізме. То бок не было нейкай дакладнай кропкі ўваходу: у часы ліцэйства займалася журналістыкай, напачатку ўнівера прасоўвала мову і культуру ў студмедыя, далей ужо проста як далейшыя прыступкі здарыліся студактывізм і праваабарона.
Калі разважаю аб тым, а што было б, калі б не актывізм, то наўпрост не магу ўявіць сябе. Іншай. Таму што я раблю сапраўды тое, да чаго імкнецца маё сэрцайка і да чаго ляжыць душа: я дапамагаю людзям у крытычных момантах, ствараю прастору для рэалізацыі і ўзмацнення ўласнага патэнцыялу. Але ўсё яднае прага да свабоды і павагі каштоўнасцяў правоў чалавека.
Што натхняе? Каты з голасам Пахіцюшы Арамушы ў Інстаграме 🙂
8 сакавіка прапаную падумаць пра моц дзяўчат і жанчын, узгадаўшы кейсы ўласных матуль-бабуль-сёстраў, а таксама тысяч іншых, якія ў 2020 як ніколі паказалі сябе. Падумаць пра гендарныя стэрэатыпы і спіс забароненых прафесій, пра ўласную эмансіпацыю і чаму гэта варта браць прозвішча партнёра пры заключэнні шлюба. Ну і пра многае іншае, канешне!
Я раю да прагляду круцецкія стужкі:
- “Суфражыстка”. Там пра пераломныя моманты і шлях да простага чалавечага права галасаваць жанчынам.
- “Схаваныя фігуры”. Там у дадатак да змагання таленавітых жанчын тэма расізму і сегрэгацыі. Але круцейшае адлюстраванне змагання за свае правы.
- “Карона”. Там пра станаўленне адной моцнай жанчыны і ўплыў дзясятак іншых вакол, пра пераломныя падзеі і хвалі, а яшчэ пра кучу стэрэатыпаў.
Воля (у мэтах бяспекі часова сяброўства непублічнае)
Калісьці для мяне востра стаяла пытанне самарэалізацыі і пошуку сэнсаў. Многае з таго, што я шукала, даволі хутка знайшлося ў актывізме. Усё пачыналася з розных відаў разавага валанцёрства на мерапрыемствах у Мінску і не толькі. І вось ужо некалькі гадоў я займаюся тым, што для мяне вельмі важна і вельмі падабаецца – раблю так, каб свет вакол станавіўся лепш.
Мяне моцна падтрымліваюць людзі, у камандзе з якімі я працую. Гэта асаблівае асяроддзе, якое мяне натхняе. А яшчэ вельмі падбадзёрвае, калі я бачу няхай маленькія, але ўсё ж вынікі нашай сумеснай працы.
8 сакавіка, вядома, важна ўспомніць, аб чым на самай справе гэтае свята. Гэта не свята вясны і прыгажосці. 8 сакавіка – гэта пра салідарнасць жанчын, пра барацьбу за роўныя правы.
Прапаную пачытаць невялікі артыкул з парадамі, як адзначыць гендарныя святы (23 лютага, 8 сакавіка) на працы. Гэта артыкул ад дзяўчат, якія развіваюць карпаратыўную сацыяльную адказнасць у ІТ-сферы.
А паглядзець раю серыял “Місіс Амерыка”. Ён заснаваны на рэальных падзеях, распавядае пра феміністак “другой хвалі” у ЗША, аб іх барацьбе за прыняцце папраўкі аб роўных правах для жанчын. Гэта вельмі натхняльнае кіно пра жанчын, якія нягледзячы на ўсе складанасці, змагаліся за свае правы.
Першым крокам да актывізму стала валанцёрства, напэўна як і ў многіх. Ты ўсведамляеш, што ты – гэта не толькі ты, твае асабістыя клопаты, а цэлы свет, цэлае грамадства. Усведамленне гэтага не дазволіла далей проста сядзець і вельмі захацелася паспрыяць таму, каб нейкія праблемы вырашыць. Для мяне вялікая каштоўнасць знаходзіцца ў коле аднадумцаў.
Усе мы адчуваем абурэнне падзеямі, якія адбываюцца са жніўня, несправядлівымі законамі, якія ў тым ліку дыскрымінуюць жанчын. Актывізм дае мне магчымасць хоць бы невялікімі крокамі ісці да вырашэння гэтых пытанняў.
Мяне падтрымліваюць маленькія перамогі. Часам сядзіш і думаеш пра тое, што да цябе не проста 25 чалавек прыйшлі на мерапрыемства, а 25 чалавек, якія пазнаюць для сябе новае, якія панясуць гэта далей і будуць дзяліцца з іншымі. Мяне вельмі матывуюць людзі вакол мяне. Гэтыя людзі, нягледзячы на пагрозы бяспекі, ішлі і проста рабілі, і менавіта таму мы не можам спыніцца.
Цяпер, у тых рэаліях, у якіх мы знаходзімся, 8 сакавіка варта звярнуць увагу на тыя ж пытанні, якія важныя і 7 сакавіка і 9-га, 10-га і 11-га.
Для пачатку разабрацца і зразумець, чаму 8 сакавіка – гэта не свята “прыгажосці і кветак”, не дзень, калі адзін з падарункаў – гэта магчымасць для дзяўчыны адкласці працу па хаце.
Гэта ў першую чаргу дзень моцных людзей, якія паднялі пытанне аб дыскрымінацыі жанчын у сферы працы і выбарчага права, дзень салідарнасці ў імкненні здабыцця роўных правоў.
А замест куплі цюльпанаў можна адправіць паштоўку дзяўчатам/жанчынам палітвязням, знаёмым і знаёмым знаёмых, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, падтрымаць іх цёплымі словамі.
Было б вельмі выдатна, калі пасля гэтага матэрыялу людзі зазірнулі на старонку і азнаёміліся з дзейнасцю:
- ProWomenBy – арганізацыі, якая займаецца прасоўваннем жанчын у сферы бізнесу
- “Яе правы” – аказваюць падтрымку і юрыдычную кансультацыю жанчынам у складаных сітуацыях
- Ініцыятыва “Маршыруй, дзетка!” – прасоўваюць Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту
- “Радзіслава” – ужо многія гады займаюцца падтрымкай жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту ў Беларусі
Хочацца тут адзначыць і МГА “Гендарныя перспектывы” – арганізацыя, якая займаецца пытанням дыскрымінацыі па палавой прыкмеце і таксама, як і вышэйназваныя, працуюць з вострасацыяльнымі пытаннямі хатняга гвалту і дыскрымінацыі на рынку працы ў Беларусі.
Мая гісторыя ў актывізме пачынаецца з жанчыны, якая натхніла і дапамагла зразумець, што я хачу рабіць нешта карыснае для грамадства. Гэту жанчыну клічуць Мішэль Бос-Лун. Яна арганізавала збор сродкаў для невялікіх прыватных школ, каб даць голас людзям, якія жывуць у Непале (яе туды больш не пускаюць).
Я чытаю яе стужку ў Фэйсбуку і захапляюся тым, колькі ў яе энергіі і сіл на тое, каб дапамагаць велізарнай колькасці людзей. Яе гісторыі натхняюць мяне на новыя ўчынкі і новыя праекты.
Што мяне падтрымлівае? Я вельмі люблю людзей. Я люблю іх гісторыі. І я вельмі люблю слухаць, я трапятліва стаўлюся да ўсіх слоў, якія кажуць людзі. Мяне натхняе чуць, што мы мяняем жыццё людзей у лепшы бок, адчуваць, што твае дзеянні маюць нейкую вагу і прыносяць карысць грамадству і ўсім людзям, якія цябе атачаюць.
Мы змаглі ўбачыць на працягу 2020 году, што ў беларускіх пратэстаў жаночы твар. Беларускія жанчыны – гэта апагей сілы, імкнення і жадання змагацца. Таму, калі вы купляеце цюльпаны, памятайце, што дзяўчаты цудоўныя не таму, што яны ласкавыя , а таму што яны моцныя, яны ўпартыя, яны беларускі.