Другі выпадак памілавання ў гісторыі незалежнай Беларусі

Другі выпадак памілавання ў гісторыі незалежнай Беларусі

Каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе стала вядома пра памілаванне братоў Косцевых. Пра гэта яму распавялі родныя асуджаных.

10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесеныя адразу два смяротных прысуды ў дачыненні да братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.

30 красавіка сваякі асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер хлопцы знаходзяцца ўжо не пад юрысдыкцыяй СІЗА-1, а адбываюць каранцін для этапавання ў турму №8 г. Жодзіна.


“Адмена вынесенага смяротнага пакарання маладым братам Косцевым, безумоўна, ўхваляецца намі. Мяркуем, гэта гістарычная падзея, вартая разгляду ў кантэксце сусветнай тэндэнцыі па адмене смяротнага пакарання.  Да гэтага было вядома толькі пра адзіны выпадак ( у 2003 годзе) памілавання асуджанага да смяротнага пакарання за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Разам з гэтым мы працягваем настойваць на поўнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі”,  пракаментаваў Савет “РАДА”.