Як судзяць студэнтаў_ак

Як судзяць студэнтаў_ак

У Мінску 14 траўня пачаўся працэс па “справе студэнтаў”. 12 фігурантаў судзяць за арганізацыю пратэстаў, якія пасля выбараў праходзілі ва ўніверсітэтах.

12 лістапада — у «Чорны чацвер» — прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь пачалі праверку ў дачыненні да прыхільнікаў і прыхільніц студэнцкай арганізацыі «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», а таксама іншых актыўных студэнтак і студэнтаў. У офісе арганізацыі, а таксама кватэрах і пакоях інтэрнатаў маладых людзей прайшлі ператрусы. У выніку ў іх канфіскавалі тэхніку: кампутары, мабільныя тэлефоны і дакументы. Агулам па гэтай справе былі затрыманы і абвінавачаны 12 чалавек: Яна Арабейка, Алана Гебрэмарыям, Ксенія Сырамалот, Кася Будзько, Глеб Фіцнер, Анастасія Булыбенка, Ілля Трахтэнберг, Ягор Канецкі, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Таццяня Якельчык, Вольга Філатчанкава. Усе яны прызнаны палітычнымі зняволенымі.

Ім інкрымінуюць “арганізацыю са жніўня па лістапад 2020 году ў Мінску групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне работы ўстаноў і транспарту”.

Судовыя пасяджэнні ў Беларусі праходзяць адкрыта — так гаворыцца ў Канстытуцыі. Але працэс па “справе студэнтаў” праходзіць з абмежаваннямі: у залу пасяджэння не пусцілі незалежную прэсу, сваякоў, сяброў і сябровак абвінавачаных.

Следчыя сабралі больш за 30 тамоў з матэрыяламі па “справе студэнтаў”, таму судовы разбор можа працягнуцца некалькі тыдняў.

Мы падрыхтавалі невялікі пратакол з першага дня паседжання.

«Справа студэнтаў» — дзень першы

Суддзя пачынае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да групы студэнтаў Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Кася Будзько, Глеб Фіцнер, Анастасія Булыбенка, Ілля Трахтэнберг, Ягор Канецкі, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Таццяня Якельчык, а таксама Алана Гебрэмарыям і Вольга Філатчанкава па артыкулах 17 і 242, частка 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Суддзя інфармуе, што на пасяджэнні прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ, у сувязі з чым пачынаецца апытанне бакоў аб забароне відэа і фотаздымках. Бок дзяржаўнага абвінавачвання супраць відэа і фота, бок абароны — за. Суддзя забараняе відэа і фотаздымкі.

У зале раздаецца смех, чуваць, як нехта са сваякоў абвінавачаных кажа «хто б сумняваўся», пасля чаго суддзя ўсім прысутным у зале тлумачыць, што звяртацца да яе трэба ў форме «Высокі суд» і стоячы, падпарадкоўвацца патрабаванням суда, а ў выпадку парушэння ўсталяванага парадку асобы, якія парушылі парадак, будуць выдаленыя з залі.

Справу разглядае суддзя Фёдарава Марына.

Далей суддзя высвятляе асобы абвінавачаных, апытанне пра факты судзімасці, грамадзянстве, месцы пражывання, наяўнасці адукацыі, сямейнае становішча, пра службу ў войску, месцы працы на момант арышту, а таксама ўдакладняюць, калі атрымалі копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ад пракурора (аўтар – існуюць працэсуальныя тэрміны азнаямлення са справай, у выпадку парушэння справа можа быць адпраўлена на дапрацоўку або зусім спынена).

Суддзя просіць устаць усіх абвінавачаных для таго, каб растлумачыць іх правы паводле крымінальнага працэсуальнага права.

Суддзя: Усім зразумелыя правы?

Абвінавачаныя маўчаць.

Суддзя: Не чуваць

Абвінавачаныя: Зразумела.

Суддзя пайменна ў кожнага абвінавачанага пытаецца пра наяўнасць адводаў і хадайніцтваў да суду.

Першыя абвінавачаныя кажуць, што не маюць адводаў і хадайніцтваў да суду.

Абвінавачаная Анастасія Булыбенка таксама кажа, што не мае, аднак суддзя зачытвае яе хадайніцтва да суда ад 12 красавіка 2021 года аб адмене меры стрымання.

Суддзя: Дадзенае хадайніцтва яшчэ заяўляеце?

Анастасія Булыбенка: Не.

Суддзя: Ілля Трахтэнберг, ад вас таксама было перададзена хадайніцтва ў суд ад 12 красавіка 2021 года аб спыненні крымінальнай справы з прычыны адсутнасці складу злачынства?

Ілля Трахтэнберг: Усё правільна.

Суддзя: Дадзенае хадайніцтва на дадзенай стадыі судовага расследавання падтрымліваеце?

Ілля Трахтэнберг: Падтрымліваю.

Суддзя пытаецца ў Вольгі Філатчанкаввай пра наяўнасць адводаў і хадайніцтваў да суду.

Вольга Філатчанкава: Высокі суд, я хачу заявіць хадайніцтва.

Суддзя: Слухаю вас.

Вольга Філатчанкава: Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая не толькі здольная разумна думаць і аналізаваць інфармацыю, але і прыгожа і зразумела выкладаць свой пункт гледжання. Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі людзей пераследавалі, саджалі ў турмы або проста знішчалі толькі за тое, што іх меркаванне адрознівалася ад меркавання кіруючай эліты. Гэта мы назіраем у нашай краіне, у наш час і тая ж самая гісторыя выдатна паказвае, што …

Суддзя перабівае абвінавачаную, не дае гаварыць. Далей просіць заявіць хадайніцтва, а не даваць паказанні.

Вольга Філатчанкава: Высокі суд, я заяўляю хадайніцтва. Гэтае тлумачэнне да хадайніцтва … (аўтар – абвінавачаная працягвае) ​​… і тая ж самая гісторыя выдатна ілюструе, што бывае, калі нямая ахвяра кажа «не» сваім настаўнікам. На падставе выкладзенага, прашу па гэтай крымінальнай справе змяніць меру стрымання ўсім абвінавачаным і вынесці апраўдальны прысуд! Прашу ў хадайніцтва ў пісьмовым выглядзе далучыць да справы.

Суддзя: «Змяніць меру стрымання ўсім абвінавачаным»  — а вы ўпаўнаважаны за ўсіх абвінавачаных прасіць і заяўляць хадайніцтва?

Вольга Філатчанкава: Я ж не юрыст.

Суддзя: Не юрыст. Просіце змяніць меру стрымання на якую? Паведаміце, калі ласка, суду.

Вольга Філатчанкава: Напрыклад, на хатні арышт.

Суддзя пытаецца далей у пракурора аб наяўнасці адводаў і хадайніцтва. Іх няма.

Суддзя: Абаронца Іллі Трахтэнберга, у вас маюцца адводы і хадайніцтвы?

Абаронца: Адводаў не маю. Просім далучыць да справы хадайніцтва аб допыце сведак, у тым ліку аб далучэнні двух копій матэрыялаў і фотаздымкаў з інтэрнэт-крыніц, якія абвяргаюць высновы абвінавачвання.

Суддзя: Хадайніцтва падтрымліваецца.

Суддзя: Абвінавачаны Ілля Трахтэнберг, хадайніцтва абаронцы падтрымліваеце?

Ілля Трахтэнберг: Падтрымліваю.

Суддзя: У іншых абаронцаў абвінавачаных няма пярэчанняў па хадайніцтве абаронцы Іллі Трахтэнберга?

Адвакаты: Не, не маем.

Ілля Трахтэнберг: Высокі суд, дазволіце?

Суддзя: Так.

Ілля Трахтэнберг: Хадайніцтва было пададзена мной яшчэ на момант знаходжання справы ў Следчым камітэце і не было разгледжана ва ўстаноўленым парадку.

Суддзя: Хадайніцтва Іллі Трахтэнберга задаволена. Пастаўлена, забяспечыць яўку сведак па гэтым хадайніцтве на судовае пасяджэнне.

Суд ідзе ў дарадчы пакой.

Супрацоўнікі міліцыі просяць пакінуць залу судовага паседжання.

15 мая — другі дзень разгляду справы.

На пасяджэнні Яне Арабейка, студэнтцы БДПУ, становіцца дрэнна з сэрцам. Прыязджае хуткая дапамога.

Адвакат Яны Арабейка падае хадайніцтва аб змене меры стрымання на хатні арышт. Пярэчыць толькі пракурор. Суддзя выдаляецца для прыняцця рашэння.

У змяненні меры стрымання на хатні арышт Яне Арабейка адмаўляюць.

Пасля абеду працягваюць чытаць падобныя абвінавачванні для ўсіх адвінавачаных.

Гучаць адрасы карпусоў універсітэтаў і месц, дзе праходзілі студэнцкія акцыі, час правядзення акцый, называецца прыкладная колькасць удзельнікаў і ўдзельніц гэтых акцый, у прыватнасці апісваюцца акцыі 26 кастрычніка 2020 года.

Па версіі следства, адбывалася «парушэнне нармальнай работы ўстаноў адукацыі і адукацыйнага працэсу», «блакіроўка праходу ва ўстановы адукацыі», «стварэнне шуму, які замінае адукацыйнаму працэсу». Што з’яўляецца нармальнай працай ўстановы адукацыі — не ўдакладняецца. Свае дзеянні абвінавачаныя ажыццяўлялі у тым ліку «пасродкам мэсэнджара Telegram», у прыватнасці Вольга Філатчанкава нібыта «размяшчала заклікі ў Telegram-канале “Мірны БДУІР”. Таксама ў тэксце абвінавачвання незразумелым чынам фігуруе Святлана Ціханоўская.

Судовае пасяджэнне сканчаецца.

17 траўня — трэці дзень разгляду справы.

Усё гэтак жа прапускаюць толькі сваякоў, прычым памяняцца з імі ўжо не атрымліваецца: калі раней маглі прайсці і сябры з сяброўкамі (не больш за два на аднаго абвінавачанага), то сёння не пусцілі сяброўку Таццяны Якельчык, якая прыйшла замест бацькоў. Усё яшчэ не пускаюць сяброў і сябровак Вікторыі Гранкоўская — дзяўчына сірата, яе выхоўвае бабуля. Каля будынку дзяжурыць аўтазакам, але затрыманняў не было.

У праграме быў допыт сведак — адміністрацыі БДУ. Прысутныя называлі гэта не інакш, як фарсам, і шмат смяяліся.

Храналогію чытайце на старонцы Студэнцкай думкі