Вынесены прысуд па “справе студэнтаў”

Сёння, 16 ліпеня 2021 стала вядома, што беларускі рэжым працягнуў рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: чарговы несправядлівы прысуд быў вынесены прадстаўнікам і прадстаўніцам сяброўскай арганізацыі Беларускага нацыянальнага маладзевага савета “РАДА” – “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”.
Нагадаем, 12 лістапада 2020 прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь пачалі праверку ў дачыненні да прыхільнікаў і прыхільніц студэнцкай арганізацыі “ЗБС”, а таксама іншых актыўных студэнтак і студэнтаў. У офісе арганізацыі, а таксама кватэрах і пакоях інтэрнатаў маладых людзей прайшлі ператрусы. Як вынік у іх канфіскавалі тэхніку: кампутары, мабільныя тэлефоны і дакументы. Агулам па гэтай справе былі затрыманыя і арыштаваныя 12 чалавек: 10 студэнтак і студэнтаў, 1 выкладчыца і 1 выпускніца – чаліня асноўнага складу Каардынацыйнага Савета.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” ужо двойчы выступаў з заявамі у сувязі з крымінальным пераследам студэнцтва і палітычнымі рэпрэсіямі грамадзян Рэспублікі Беларусь (гл. 19.11.2020 і 13.05.2021).
Беларускі рэжым працягвае груба і мэтанакіравана парушаць існуючыя нормы і прынцыпы беларускага заканадаўства, а таксама па ранейшаму не прызнае прыярытэт прынцыпаў міжнароднага права.
У сувязі з гэтым, мы вельмі абураныя гэтым несправядлівым прысудам і канстатуем адсутнасць якога-небудзь дыялогу з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі. Як бачна з матэрыялаў справы, дзеянні ўсіх абвінавачаных былі мірнымі, негвалтоўнымі і не насілі ніякага супрацьзаконнага характару. Мы таксама прытрымліваемся пазіцыі, што ўсе ўдзельнікі дадзенай “справы студэнтаў” з’яўляюцца палітычнымі вязьнямі.
У сувязі з гэтым, мы:
- Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, а таксама сумленнага і незалежнага судовага разбору ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных па так званай “справе студэнтаў”;
- Рашуча настойваем і заклікаем беларускія ўлады спыніць рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да сваіх грамадзян, а таксама правесці неадкладнае расследаванне ўсіх выпадкаў грубага і беспрэцэдэнтнага парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь;
- Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці аказаць ўсю магчымую падтрымку ўдзельнікам дадзенага несправядлівага прысуду, а таксама іх сваякам;
- Мы заклікаем усіх неабыякавых людзей праявіць сваю салідарнасць з удзельнікамі дадзенага несправядлівага прысуду, іх сем’ямі, а таксама прыняць удзел у актыўнасцях якія праводзяцца арганізацыяй “ЗБС” у іх падтрымку;
- Мы заклікаем усе нацыянальныя і міжнародныя моладзевыя арганізацыі праявіць салідарнасць з кожным удзельнікам “справы студэнтаў” і распрацаваць план падтрымкі сяброўскай арганізацыі Беларускага нацыянальнага маладзёжнага савета “РАДА” – “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”.
