Палітзняволенага студэнта Арцёма Баярскага залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага

Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага стаў патронам палітзняволенага студэнта Арцёма Баярскага. Дзякуючы супрацоўніцтву Офіса па адукацыі і ўніверсітэта, Арцём залічаны на бакалаўрскую праграму «Біятэхналогія» і зможа працягнуць вучобу па сваёй спецыяльнасці, як толькі апынецца на волі.

Арцём Баярскі, студэнт другога курса хімічнага факультэта БДУ, знаходзіцца ў СІЗА-1 з 24 сакавіка 2021 года. У першы раз ён быў затрыманы 16 лістапада 2020 году пасля Маршу пажылых людзей. 24 сакавіка 2021-га, у дні прэвентыўных затрыманняў перад Днём Волі, за Арцёмам прыйшлі зноў. 25 сакавіка ў дзяржаўным тэлеграм-канале з’явілася відэа, дзе ён прызнаецца ў адміністраванні пабліка «Мая краіна Беларусь». У ходзе допыту 19 красавіка Арцём паведаміў адвакату, што яго білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах, каб прымусіць сказаць гэта на камеру. 16 красавіка бацькам Арцёма паведамілі, што ён затрыманы як падазраваны па арт. 361-1 ч.1 КК.
Патранаж над палітзняволенымі студэнтамі
Колькасць палітзняволеных студэнтак і студэнтаў у Беларусі дасягнула 41 — гэтыя маладыя людзі не толькі падвергліся незаконнаму крымінальнаму пераследу за свае палітычныя перакананні, але і пазбаўлены права на адукацыю.
Офіс па адукацыі запускае КАМПАНІЮ ПАТРАНАЖА — сімвалічнай акадэмічнай падтрымкі палітзняволеных студэнтаў і студэнтак. Каманда Офісу дамагаецца таго, каб кожны і кожная з іх былі залічаны ва ўніверсітэт ці атрымалі іншую форму патранажу ў залежнасці ад канкрэтных абставінаў.
Патранаж над палітзняволенымі студэнтамі і студэнткамі — гэта яшчэ адзін канкрэтны крок, з дапамогай якога ўніверсітэты па ўсім свеце могуць выказаць салідарнасць з беларусамі і беларускамі і дапамагчы канкрэтным людзям, якім як ніколі патрэбна наша падтрымка.
Больш падрабязную інфармацыю вы зможаце знайсці на сайце.
Па ўсіх пытаннях, звязаных з акадэмічнай падтрымкай палітзняволеных студэнтаў і студэнтак, вы можаце звязацца праз email: edu.by.2020@gmail.com.