Заява БНМС “РАДА” у сувязі з вынясеннем прысуда Марфе Рабковай
06.09.2022 Мінск
Мы, саюз трыццаці двух дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:
З 2020 года грамадскі сектар Беларусі пазбавіўся ўжо не менш як 965 інстытуцыяналізаваных форм некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб’яднанняў, прафесійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый). Акрамя таго, заканадаўчыя папраўкі да Крымінальнага кодэкса, прынятыя ў снежні 2021 года, аднавілі прымяненне крымінальнай адказнасці за “дзеянні ад асобы незарэгістраваных або ліквідаваных арганізацый”. Мы аднаўляем нашу заяву аб тым, што беларускі ўрад на працягу апошніх гадоў груба парушае правы на свабоду выказвання меркавання, асацыяцыі і мірных сходаў, якія мы, як аб’яднанне арганізацый грамадзянскай супольнасці, імкнемся бараніць. Мы таксама зноў выказваем сваю глыбокую занепакоенасць уплывам такой комплекснай палітыкі на стан грамадзянскага сектара.
Сёння, 6 верасня, быў агалошаны прысуд 27-гадовай праваабаронцы, каардынатарцы Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфе Рабковай, якая была затрымана 17 верасня 2020 году і абвінавачана па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі. Дадзены прысуд з’яўляецца адным з найвялікшых па тэрміне прысудаў актывістам_кам грамадзянскіх арганізацый. 30 красавіка 2021 года Марфу паставілі на прафілактычны ўлік як “схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”.
Нагадаем, кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый Марыя Рабкова прызнана палітычнай зняволенай; шэраг вядомых міжнародных праваабрончых арганізацый патрабуюць яе неадкладнага вызвалення з першага дня зняволення. Падобны пераслед Марфы носіць характар палітычна матываванага – гэта прамая спроба дзеючага рэжыму ціску на грамадскі актувізм дзеля спынення незалежнага руху.
Пры яе актыўным удзеле былі арганізаваны дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзян, праведзены маніторынгі больш як 100 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах над затрыманымі ўдзельнікамі мірных акцый, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў. У 2020 годзе Марфа Рабкова займалася наборам і навучаннем кароткатэрміновых назіральнікаў для кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Падчас і пасля выбарчай кампаніі актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам і іх сем’ям, прымала ўдзел у дакументаванні сведчанняў ахвяр катаванняў і здзекаў з боку сілавікоў у першыя дні пратэстных акцый.
За час зняволення Марфа неаднаразова паведамляла пра пагаршэнне фізічнага стану, некалькі разоў страчвала прытомнасць і патрабавала медыцынскай дапамогі. Толькі дзякуючы агалосцы і публічнай адвакацыі кампаніі #FreeViasna атрымалася дамагчыся візіта лекара. Мы сур’ёзна занепакоены станам яе здароўя і тым, як супрацоўнікі месцаў зняволення выкарыстоўваюць неаказанне дапамогі ў якасці дадатковага ціску на палітычных вязняў.
Рэпрэсіі супраць “Вясны” і яе сяброў з’яўляюцца часткай комплексу рэпрэсіўнай палітыкі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Такое становішча ў чарговы раз пацвярджаюць настрой беларускага рэжыму супрацьдзейнічаць існаванню грамадзянскай супольнасьці. Мы нагадваем, што грамадзянская супольнасць – асноўны ініцыятар фарміравання больш устойлівых сацыяльных структур, якія аказваюць падтрымку ўразлівым групам, прадстаўляюць інтарэсы грамадскіх груп, напрамую ўплываюць на вырашэнне вострых сацыяльных пытанняў.
У сувязі з гэтым мы:
- Выказваем салідарнасць і падтрымку каардынатарцы нашай членскай арганізацыі – Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” – і прызнаем дадзены факт ціску на моладзевую актывсітку, праваабаронцу недапушчальным;
- Асуджаем палітычна-матываваны крымінальны пераслед у яе дачыненні і патрабуем неадкаднага вызвалення, спынення любога пераследу ў яе бок;
- Заклікаем да салідарнасці з Марыяй Рабковай незалежныя беларускія моладзевыя арганізацыі, а таксама іншых актараў грамадзянскай супольнасці Беларусі;
- Заклікаем міжнародную супольнасць у тым ліку дэмакратычныя ўрады і міжнародныя арганізацыі, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, кансалідавана асудзіць вынесены прысуд і падтрымаць патрабаванне неадкладнага вызвалення Марфы Рабковай з неабгрунтаванага і незаконнага палітычна матываванага зняволення.