Стан акадэмічных свабод і іх успрыняццё беларускімі студэнт_камі

Стан акадэмічных свабод і іх успрыняццё беларускімі студэнт_камі

Задзіночанне беларускіх студэнтаў правялі даследаванне стану акадэмічных свабод і іх успрыняццё беларускімі студэнт_камі ва ўніверсітэтах Беларусі і Польшчы.

Даследаванне было праведзена пры фінансавай падтрымцы European Students’ Union і Open Society Foundation у рамках праграмы малых грантаў па акадэмічнай свабодзе. Частка даследвання пра беларускае студэнцтва ў Польшчы было зроблена ў супрацы з Грамадскім Балонскім Камітэтам і Niezależne Zrzeszenie Studentów і Uniwersytet Warszawski. 


Акадэмічныя свабоды з’яўляюцца не толькі важным фактарам існавання сучаснага Універсітэта, але і развіцця дэмакратыі, прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцей. Для нашай арганізацыі гэтыя каштоўнасці асабліва важныя. 

Цяпер нам важна не губляць сувязь з беларускай акадэмічнай супольнасцю і разумець тое, што адбываецца ўнутры яе. З мэтай фіксацыі рэальнасці мы правялі гэтае даследаванне. Паколькі пасля 2020 года многія студэнт_кі паехалі вучыцца ў польскія ўніверсітэты, мы вырашылі таксама вывучыць іх досвед як частку цяперашняга кантэксту.

У дадзеным даследаванні мы абапіраемся на вызначэнні акадэмічных свабод, зафіксаваных у Рэкамендацыі ЮНЕСКА 1997 года аб статусе выкладчыцкіх кадраў вышэйшых навучальных устаноў і ў дакументах Балонскага працэсу.

У Рэкамендацыі ЮНЕСКА акадэмічная свабода разумеецца як “права вучоных, не абмежаванае прадпісанай дактрынай, на свабоду выкладання і дыскусій, свабоду правядзення даследаванняў, распаўсюджвання і публікацыі іх вынікаў, свабоду вольна выказваць сваё меркаванне аб установе або сістэме, у якой яны працуюць, свабоду ад інстытуцыйнай цэнзуры і свабоду ўдзелу ў прафесійных ці прадстаўнічых акадэмічных органах”.

У рамках Балонскага працэсу акадэмічная свабода дадаткова вызначаецца як “свабода акадэмічнага персаналу і студэнта_к займацца даследаваннямі, выкладаннем, навучаннем і зносінамі ў грамадстве і з грамадствам без умяшання або страху рэпрэсій” і як “фундаментальнае дэмакратычнае права, якое часткова заснавана на праве на адукацыю, і мае агульныя элементы са свабодай думкі, меркавання і выказвання”.

Улічваючы ўнікальнасць беларускага адукацыйнага кантэксту, у даследаванні мы таксама разглядалі тэмы арміі і размеркавання як фактары, якія ўплываюць на матывацыю і якасць адукацыйнага працэсу.

Асноўныя высновы:

  • Акадэмічныя свабоды практычна адсутнічаюць у беларускіх універсітэтах.
    У прамежку паміж 2020 годам і цяперашнім часам з’явіліся рэчы, якія разбураюць базавыя этычныя акадэмічныя прынцыпы, такія як стажыроўкі ў рэгіёне, закранутым вайной, — Данецкай і Луганскай абласцях Украіны і іншых тэрыторыях, акупаваных Расіяй.

    Свабода перамяшчэння была моцна абмежавана, маладыя людзі адчуваюць стрэс з-за рызыкі быць адлічанымі і патрапіць у войска. Аўтаномія ўніверсітэтаў цалкам адсутнічае. Студэнцкія аб’яднанні, як правіла, неактыўныя, не прадстаўляюць інтарэсы студэнта_к, максімум займаючыся правядзеннем мерапрыемстваў. Як следства, яны ператварыліся ў «спячыя інстытуты». Быў значна зменены выкладчыцкі склад ва ўніверсітэтах.
  • Тым не менш, нягледзячы на ўсю складанасць кантэксту, беларуская акадэмічная прастора не ператварылася ў цалкам выпаленае поле. Ва ўніверсітэтах з’яўляюцца новыя праекты і студэнцкія аб’яднанні, сярод беларускіх студэнта_к захоўваецца крытычная ацэнка рэальнасці і матывацыя на атрыманне ведаў і асобаснага развіцця.
  • Абапіраючыся на якасныя даныя, можна меркаваць, што ў некаторых рэгіянальных ВНУ прысутнічае крыху больш свабоды, чым у мінскіх: студэнцкіх аб’яднанняў больш і яны больш актыўныя, выкладчы_цы больш схільны да дыялогу і крытычнай камунікацыі, практыка курсаў па выбары больш распаўсюджаная, адміністрацыйны ціск менш.
  • Адсутнасць акадэмічных свабод у многім звязана з тым, што пасля распаду Савецкага Саюза на іх не быў сфарміраваны запыт.
    Мы засталіся ў парадыгме «хапай корачку — і бяжы на рынак працы». Такое стаўленне да вышэйшай адукацыі, у цэлым, з’яўляецца агульнасусветнай тэндэнцыяй.

    Універсітэт успрымаецца большасцю студента_к або як месца атрымання неабходных навыкаў і ведаў для развіцця кар’еры і паляпшэння ўмоў жыцця, або як месца, у якое ты трапіш па інерцыі пасля заканчэння школы.

    Для Беларусі ў большай ступені характэрна інерцыйная мадэль. Тут мы гаворым толькі пра стаўленне да інстытута вышэйшай адукацыі, а не пра фактычныя акадэмічныя свабоды. Але менавіта стаўленне ў значнай ступені вызначае трэк развіцця акадэмічных свабод ва ўніверсітэце.
  • У колькаснай частцы даследавання мы не выявілі прынцыповай розніцы паміж беларускімі студэнт_камі з Беларусі і з Польшчы ў большасці выпадкаў.

    Галоўнае адрозненне ў тым, што рэспандэнт_кі з Польшчы значна часцей выбіралі варыянт «не ведаю». Нягледзячы на тое, што ў Польшчы развіты інстытут акадэмічных свабод, беларускія студэнт_кі практычна не ўцягваюцца ў яго і не бачаць асаблівай каштоўнасці. Гэта можа быць вынікам нізкай інтэграцыі замежных студэнта_к у польскую сістэму адукацыі і адсутнасці папярэдняй сацыялізацыі да студэнцкага жыцця, якая ў мясцовага насельніцтва пачынаецца яшчэ ў апошніх гадах школы, у тым ліку праз удзел у органах школьнай рэпрэзентацыі і падрыхтоўкі на спецыяльных курсах.
  • Адсутнасць досведу аб’яднанняў і рэпрэзентацыі ў беларускіх студэнта_к (і часта ў іншых замежных студэнта_к з постсавецкіх краін) у Польшчы з’яўляецца праблемай.

    У адрозненне ад мясцовых студэнта_к, якія атрымліваюць досвед самаарганізацыі яшчэ ў школе, замежныя студэнт_кі часта пазбаўленыя такой магчымасці. Студэнцкія самакіраванні ўніверсітэтаў не заўсёды могуць задаволіць патрэбы гэтых студэнта_к з-за іх нізкай колькасці, і таму часта не здольныя даць адэкватную падтрымку і платформу для самавыяўлення.

Чытаць поўную версію па спасылцы