Заява ў сувязі з прызнаннем БНМС “РАДА” экстрэмісцкім фармаваннем
16 верасня Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь дадаў Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” ў спіс “экстрэмісцкіх фармаванняў”. Гэта значыць, што за кіраўніцтва такім фармаваннем або ўдзелам у яго структурным падраздзяленнем пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
У сувязі з гэтым, мы, саюз сарака чатырох дэмакратычных моладзевых арганізацый, прадстаўнікі і прадстаўніцы Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, выказваем глыбокае расчараванне і асуджаем рашэнне ўладаў Рэспублікі Беларусь аб прызнанні нашай арганізацыі экстрэмісцкім фармаваннем. Гэтае дзеянне з’яўляецца чарговым ударам па асноўных прынцыпах свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
“РАДА” на працягу многіх гадоў актыўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў моладзі, прасоўвала дэмакратычныя каштоўнасці і імкнулася да ўмацавання грамадзянскай супольнасці. Мы бачым у дадзеным рашэнні ўладаў не толькі рэпрэсіі ў дачыненні да моладзевых ініцыятыў, але і імкненне да поўнага прыгнечання любой незалежнай думкі, што супярэчыць асновам дэмакратычнага развіцця краіны.
Нягледзячы на экстрэмісцкі статус арганізацыі, мы працягнем нашу працу па абароне інтарэсаў моладзі і падтрымцы моладзевых ініцыятыў. Гэта не спыніць нас ад узаемадзеяння з супольнасцю і працы над праектамі, якія важныя для людзей. Мы будзем знаходзіць новыя шляхі для рэалізацыі нашых мэтаў, захоўваючы вернасць нашым прынцыпам.
Гэтае рашэнне абмяжоўвае правы на свабоду выказвання і мірнае аб’яднанне, якія гарантаваныя у тым ліку Кастытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Падобныя меры ствараюць бар’еры для актыўнага ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці краіны і асабістага развіцця маладых людзей, абмяжоўваючы іх магчымасці для самарэалізацыі, творчасці і крытычнага мыслення, а таксама ўзмацняюць яе ізаляцыю на міжнароднай арэне.
Ізаляцыя моладзі ад удзелу ў міжнародных працэсах не толькі пагражае развіццю Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы, але і падрывае давер міжнароднай супольнасці.
Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі, урады і грамадзянскую супольнасць:
- звярнуць увагу на парушэнне правоў і свабод, якія працягваюцца, і пазбягаць супрацоўніцтва з дзяржаўнымі моладзевымі структурамі, якія падпарадкоўваюцца рэжыму А.Р. Лукашэнкі;
- дбаць аб большай бяспецы беларускіх ўдзельнікаў і ўдзельніц міжнародных моладзевых мерапрыемстваў, якія прадстаўляюць беларускі дэмакратычны рух;
- падтрымліваць БНМС “РАДА”, яго прадстаўнікоў і прадстаўніц у іх дзейнасці на карысць прасоўвання ідэй дэмакратыі і правоў чалавека сярод беларускай моладзі.