Восем трэндаў беларускага моладзевага сектара сёння

Восем трэндаў беларускага моладзевага сектара сёння

Палітычны крызіс 2020 года ў Беларусі запусціў шэраг рэакцый, якія працягваюць негатыўна ўплываць на беларускі моладзевы сектар сёння.

Пратэстная актыўнасць моладзі выклікала сур’ёзныя рэпрэсіі з боку ўладаў. Гэта прывяло да рэальных наступстваў для шматлікіх маладых людзей, многія з якіх былі вымушаныя пакінуць краіну або прыпыніць сваю дзейнасць. Акрамя таго, гэты крызіс узмацніў страх і недавер, што ўскладніла арганізацыю любых грамадскіх ініцыятыў і палітычных дзеянняў, а таксама абмяжоўвае магчымасці для развіцця і самавыяўлення моладзі. 

Трэнд 1. Разрыў з аўдыторыямі

Актывісты_кі, якія знаходзяцца за мяжой, змагаюцца за тое, каб заставацца актуальнымі і рэлевантнымі для сваіх мэтавых груп. Актывісты_кі хочуць больш афлайн-працы ўнутры краіны, але пакуль для гэтага няма эфектыўных добрых маштабаваных рашэнняў. Гэты разрыў таксама адлюстроўвае зніжэнне разумення і ўсведамлення патрэб мэтавай групы, і актывісты_кі выказваюць неабходнасць правесці дадатковыя даследаванні па такіх тэмах:

  • дэкаланізацыя як спроба пазбаўлення расійскага ўплыву
  • маніторынг расійскага ўплыву на сістэму адукацыі
  • народнае ўспрыманне парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій як грамадскую праблему
  • актуальнасць трэнда на ахову здароўя
  • патрэбы ўразлівых груп

Трэнд 2. Крыміналізацыя працы ўнутры Беларусі

Гэта абмяжоўвае доступ да мэтавых груп, выклікае страх сярод актывістаў_ак, спрыяе выгаранню, якое перажыла большасць актывістаў_к.

Каб справіцца з гэтай праблемай, неабходна больш якаснае навучанне і інструкцыі па бяспецы. У адказ на крыміналізацыю працы НДА ў краіне адбываецца з’яўленне палітычна нейтральных супольнасцей, дзе людзі збіраюцца на сустрэчы розных фарматаў, але захоўваюць акцэнт на дэмакратычных каштоўнасцях. 

Трэнд 3. Скарачэнне праграм падтрымкі і ўдзелу для беларусаў_ак

Змяншэнне міжнароднай падтрымкі Беларусі, у тым ліку праграм мабільнасці, вядзе да таго, што цяжка атрымаць доступ да грантаў ад міжнародных донарскіх арганізацый, моладзевым арганізацыям ды ініцыятывам не хапае фінансавання, дубляванне функцый паміж арганізацыямі павялічвае канкурэнцыю за фінансаванне.

Ёсць патрэба ў большай дадатковай інфармацыі аб грантах, паляпшэнні збору сродкаў і навыкаў напісання праектаў.

На больш глабальным узроўні актывісты_кі бачаць змяншэнне прысутнасці Беларусі ў міжнародным парадку дня і непакояцца пра наступствы гэтага для магчымай трансфармацыі/пераходу ў будучыні.

Гэтыя праблемы таксама закранаюць моладзевую мабільнасць, у тым ліку акадэмічную (стыпендыі, міжнароднае прызнанне дыпломаў). Актывісты_кі бачаць магчымасці для адвакатавання праграм мабільнасці ў каардынацыі і праз Аб’яднаны Пераходны Кабінет  і Офіс Святланы Ціханоўскай.

Трэнд 4. Беларусізацыя сектара

Беларусізацыя, якая выражаецца ў пераходзе на беларускую мову ці ў больш актыўнай дзейнасці, скіраванай на папулярызацыю беларускай ідэнтычнасці і культуры, з’яўляецца вельмі прыкметнай тэндэнцыяй сярод моладзевых арганізацый. Яны нязмушана карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённых зносінах паміж сабой, а таксама ў камунікацыі са сваёй мэтавай аўдыторыяй.

Трэнд 5. Разрыў пакаленняў у грамадскім сектары

Новыя актывіст_кі часта не ведаюць аб працы, якая вялася раней, не кантактуюць з ужо створанымі групамі. Гэтыя дзве тэндэнцыі ўзаемазвязаны і востра адчуваюцца.

З аднаго боку, арганізацыі, якія забяспечваюць інфраструктурную падтрымку або парасонавыя органы, не маюць доступу да новых нізавых актывістаў_ак у краіне і не могуць іх падтрымаць.

З іншага боку, маладым арганізацыям не хапае магчымасці вучыцца. Гэта таксама павялічвае рызыкі для бяспекі маладых ініцыятыў і прыводзіць да паўтарэння, дублявання і дрэннай каардынацыі падобнай працы.

Актывісты_кі, якія займаюцца падтрымкай неабароненых груп насельніцтва, моладзевай актыўнасцю і правамі студэнтаў_ак, адзначылі неабходнасць сектаральнага адлюстравання і лепшай каардынацыі паміж рознымі ініцыятывамі, якія займаюцца адной тэматыкай, бо новыя ініцыятывы не ведаюць адна пра адну.

Трэнд 6. Ідэалагізацыя і мілітарызацыя адукацыі ўнутры краіны

Сектар не мае эфектыўных рашэнняў для вырашэння праблемы, улічваючы маштаб і ахоп дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Многія арганізацыі і актывісты_кі пераключылі сваю працу на нефармальную адукацыю афлайн і анлайн і зараз працуюць на прасоўванне нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускай мовы і культуры, але ахоп і маштаб непараўнальныя.

Сектар таксама мала ведае пра тое, як адбываецца гэта выхаванне і якія наступствы яно мае. Актыўная праца з моладдзю дыяспары — адзін са спосабаў працы ў напрамку захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Іншы — праз стварэнне забаўляльнага анлайн-кантэнту, падтрымку маладых беларускамоўных блогераў_ак, прадастаўленне ведаў пра беларускую культуру і гісторыю праз гейміфікаваныя, лёгкія фарматы.

Трэнд 7. Выгаранне і выхад з сектара

Нават вельмі маладыя актывісты_кі прызналі, што адчувалі сімптомы выгарання. У доўгатэрміновай перспектыве, калі актыўнасць людзей будзе вельмі кароткай, гэта прывядзе да недахопу кадраў і цяжкасцей у перадачы інстытуцыйных ведаў паміж рознымі пакаленнямі актывістаў_ак.

Трэнд 8. Разрыў паміж арганізацыямі ўнутры краіны і за мяжой

Паглыбленне разрыву паміж арганізацыямі ўнутры краіны і за мяжой выяўляецца ў розных станах існавання і адпаведна розных патрэбах арганізацый і актывістаў_ак. Праца з беларускай моладдзю ўнутры краіны з’яўляецца прыярытэтнай, таму неабходна думаць пра выбудоўванне мастоў і сталых пляцовак, каб моладзевы сектар мог эфектыўна супрацоўнічаць і працаваць на карысць дэмакратычных зменаў, выкарыстоўваючы перавагі розных геаграфічных лакацый.

Таксама вызначыліся дадатковыя трэнды, якія не ўвайшлі ў топ-8 галоўных:

Фокус на правы чалавека: многія моладзевыя актывісты_кі і моладзевыя арганізацыі прызнаюць важнасць правоў чалавека. Некаторыя з іх змянілі або пашырылі сваю ўвагу, каб уключыць правы чалавека, нават калі яны раней працавалі з іншымі тэмамі. Гэты зрух у пэўным сэнсе з’яўляецца адказам на грубыя парушэнні правоў чалавека пасля пратэстаў 2020 года.

Медыятызацыя сектара НДА: з-за абмежаванага наўпроставага доступу да мэтавых груп многія ініцыятывы павялічылі сваю прысутнасць у сацыяльных сетках. “Экстрэмісцкая” ацэнка ўрадам сацыяльных сетак і каналаў моладзевых НДА адмоўна ўплывае і на гэтую працу. Актывісты_кі назіраюць за сегментацыяй аўдыторыі і каналаў. Вялікую, кансалідаваную аўдыторыю цяжка дасягнуць нават прафесійным СМІ. Актывісты_кі адзначаюць, што для беларускай моладзі па-ранейшаму не хапае якаснага, прывабнага і забаўляльнага кантэнту, што пагражае ўсё большым зрухам у бок спажывання расійскага кантэнту.

Згодна з вызначанымі трэндамі і выклікамі ў моладзевым сектары можна выдзяліць шэраг рэкамендацый, накіраваных на міжнародных і нацыянальных стэйкхолдэраў:

  1. БНМС “РАДА” і іншым беларускім моладзевым ініцыятывам неабходна засяродзіцца на бяспечнай рэалізацыі сваёй дзейнасці. Гэта ўключае ў сябе распрацоўку і ўкараненне эфектыўных захадаў па абароне ўдзельнікаў_ніц ад патэнцыйных пагроз. Моладзевыя ініцыятывы павінны забяспечыць, каб актывісты_кі атрымлівалі неабходныя веды і інструкцыі па бяспецы, у тым ліку кіраванне рызыкамі і захаванне канфідэнцыяльнасці.
  2. БНМС “РАДА” і іншым беларускім арганізацыям, якія спецыялізуюцца на пытаннях бяспекі, варта прапаноўваць кансультацыі і навучальныя курсы па лічбавай і фізічнай бяспецы для моладзевых ініцыятываў. Гэта дасць моладзевым ініцыятывам інструменты для больш бяспечнай працы і ўстойлівасці ў складаных умовах.
  3. Донарскім арганізацыям рэкамендуецца фінансаваць даследаванні, накіраваныя на выяўленне патрэб мэтавых груп у Беларусі. Гэта дапаможа лепш зразумець актуальныя праблемы і прыярытэты, што, у сваю чаргу, дазволіць моладзевым ініцыятывам больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць са сваімі мэтавымі аўдыторыямі ўнутры Беларусі.
  4. Беларускім і замежным даследчым цэнтрам варта праводзіць глыбінныя даследаванні па тэмах дэкаланізацыі, расійскага ўплыву на сістэму адукацыі, народнага ўспрымання праблем з правамі чалавека і рэпрэсіямі і аховы здароўя. Вынікі гэтых даследаванняў будуць садзейнічаць больш дакладнай адаптацыі стратэгій моладзевых ініцыятываў для працы са сваімі мэтавымі групамі ў Беларусі.
  5. Народным амбасадам і дыяспарам рэкамендуецца аказваць падтрымку мясцовым моладзевым ініцыятывам у працэсе рэгістрацыі ў замежных юрысдыкцыях, каб яны маглі атрымаць доступ да мясцовых фінансавых магчымасцей і грантаў. Гэта дапаможа ініцыятывам легалізаваць сваю дзейнасць і палепшыць фінансавую ўстойлівасць, забяспечваючы магчымасць прыцягнення рэсурсаў для рэалізацыі праектаў і ініцыятыў.
  6. Донарскім арганізацыям варта забяспечыць больш празрысты доступ да інфармацыі пра гранты, ствараючы рэсурсы з падрабязнымі звесткамі пра магчымасці фінансавання, патрабаванні і ўмовы падачы заявак для беларускіх арганізацый.
  7. Народным амбасадам і дыяспарам варта наладжваць камунікацыю з мясцовымі ўстановамі адукацыі для стварэння стыпендыяльных магчымасцей для беларускай моладзі. Гэта дасць доступ да адукацыі за мяжой, што асабліва важна ў умовах абмежаваных магчымасцей унутры краіны. 
  8. Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету і Офісу Святланы Ціханоўскай неабходна актыўна прасоўваць і падтрымліваць адвакатаванне праграм акадэмічнай і прафесійнай мабільнасці, стыпендый, а таксама дабівацца міжнароднага прызнання беларускіх дыпломаў. Гэта дапаможа пашырыць магчымасці для беларускай моладзі атрымліваць адукацыю і досвед за мяжой, а таксама забяспечыць ім міжнародную падтрымку і прызнанне на рынку працы.
  9. Міжнародным партнёрам і донарскім арганізацыям рэкамендуецца падтрымліваць праекты, накіраваныя на культурныя ініцыятывы і беларусізацыю, праз фінансаванне праграм, якія спрыяюць развіццю беларускай мовы і культуры сярод моладзі. Гэта дапаможа ўмацаваць нацыянальную ідэнтычнасць і пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў актывізме і штодзённай дзейнасці моладзевых ініцыятываў, а значыць, і іх мэтавых аўдыторый.
  10. Беларускім парасонавым арганізацыям рэкамендуецца ствараць платформы і сеткі для наладжвання сувязяў паміж новымі і больш дасведчанымі актывістамі_камі. Гэта дапаможа моладзевым ініцыятывам засвоіць папярэдні досвед, пазбегнуць дублявання працы і палепшыць каардынацыю дзейнасці. Таксама важна наладжваць ментарскія праграмы, дзе больш дасведчаныя актывісты_кі могуць дзяліцца ведамі і практычнымі навыкамі з новымі ўдзельнікамі_цамі, што будзе спрыяць устойліваму развіццю моладзевага сектара.
  11. Моладзевыя лідары_кі меркаванняў унутры Беларусі (блогеры ў YouTube, Instagram і TikTok) маглі б стаць мостам для камунікацыі і асветы для моладзі ўнутры і па-за краінай. Блогерам рэкамендуецца  заахвочваць моладзь праз рэалізацыю бяспечнай актыўнасці: сумесных пастоў, выпускаў шоу, эфіраў, відэа-рылсаў у межах тэматыкі свайго блога. Прыкладам такой дзейнасці можа быць відэа ад беларускіх блогераў пра дэбатныя клубы ва ўніверсітэтах і аповед, чаму ўмець дыскутаваць – гэта стылёва.
  12. Беларускім медыя варта спрыяць павелічэнню прысутнасці моладзі ў публічнай прасторы. Гэта дапамагае дэманстрацыі добрых ролевых мадэляў, асвятленню актыўнасці моладзі і яе экспертнасці, а таксама дазваляе моладзі бачыць вынікі сваёй дзейнасці. Гэта могуць быць стажыроўкі ў рэгіянальных газетах; стварэнне тэматычных відэаэфіраў у TikTok, YouTube, рубрык з моладдзю на сайтах СМІ; дапамога моладзі ад СМІ ў рэкламе моладзевых блогаў на розных інтэрнэт-пляцоўках.
  13. Донарскім арганізацыям рэкамендуецца распрацоўваць праграмы інстытуцыйнай і псіхалагічнай падтрымкі для моладзевых ініцыятыў. Гэтыя праграмы павінны быць накіраваны на дапамогу ў справе з сімптомамі выгарання, павышэнне устойлівасці і падтрымку агульнага псіхічнага здароўя ўдзельнікаў_ніц моладзевых ініцыятыў.
  14. Донарскім арганізацыям важна падтрымліваць моладзевыя ініцыятывы, накіраваныя на стварэнне якаснага, прывабнага і забаўляльнага кантэнту для беларускай моладзі, якія могуць супрацьстаяць уплыву расійскага кантэнту і забяспечыць моладзевыя платформы цікавай і значнай інфармацыяй, якая спрыяе нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай самасвядомасці.