Заява БНМС “РАДА” у сувязі са смерцю палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўтэра
1 лістапада 2024 года стала вядома, што 11 кастрычніка ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 22-гадовы палітычны зняволены Дзмітрый Шлетгаўэр. Малады чалавек быў грамадзянінам Расійскай Федэрацыі і быў асуджаны да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).
У сувязі з гэтым, мы, саюз сарака чатырох дэмакратычных моладзевых арганізацый, прадстаўнікі і прадстаўніцы Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”, рашуча асуджаем беларускія ўлады за бесчалавечныя ўмовы, у якіх трымаюцца палітычныя зняволеныя ў Беларусі. Адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі, перапоўненыя камеры, ціск і маральнае здзекванне — усё гэта стварае пагрозу жыццю і здароўю сотняў людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні толькі за сваю грамадзянскую пазіцыю, імкненне да свабоды і справядлівасці.
“РАДА” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Дзмітрыя Шлетгаўтэра. Дзмітрый стаў ужо сёмым палітвязнем, які памёр ва ўмовах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы з пачатку хвалі рэпрэсій у краіне.
Мы заклікаем міжнародную супольнасць звярнуць увагу на прамое парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць. Ніводзін чалавек не павінен паміраць у зняволенні за свае перакананні, і ніводзін народ не павінен цярпець рэпрэсіі і катаванні за сваё імкненне да справядлівасці і свабоды.
“РАДА” патрабуе неадкладнага расследавання смерці Дзмітрыя Шлетгаўтэра і іншых палітвязняў, якія загінулі ў беларускіх турмах, і прыцягнення вінаватых да адказнасці.