Заява БНМС “РАДА” аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2025 у Беларусі

26 студзеня 2025 года прайшлі выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у выніку якіх 70-летні Аляксандр Лукашэнка пераабраўся на сёмы срок, набраўшы 86,82% галасоў выбаршчыкаў_ц паводле ЦВК Беларусі. Выбарчая прэзідэнцкая кампанія суправаджалася шматлікімі парушэннямі правоў чалавека: да удзелу ў выбарах былі дапушчаны толькі лаяльныя ўладзе кандыдаты_кі; беларусы_кі замежжа не мелі магчымасць прагаласаваць, не вяртаючыся дадому, што звязана з рызыкамі палітычнага пераследу. Кабіны для галасавання на выбарчых участках былі празрыстыя, што супярэчыць прынцыпам таемнага галасавання, а бюлетэні было забаронена фатаграфаваць. З-за палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца пяты год супраць журналістаў, незалежныя СМІ не маглі асвятляць падзеі выбарчай кампаніі на тэрыторыі Беларусі.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” выказвае пратэст у сувязі з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў Беларусі. Мы заяўляем, што не прызнаем абвешчаную Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй перамогу Аляксандра Лукашэнкі і лічым абвешчаныя вынікі выбараў сфальсіфікаванымі.
Выбары 2025 года прайшлі ва ўмовах ігнаравання дэмакратычных стандартаў і парушэння базавых правоў грамадзян на свабоднае волевыяўленне. Збор подпісаў, правядзенне перадвыбарчай кампаніі і сам працэс галасавання адбываліся пад ціскам і кантролем уладных структур.
Мы ўдзячныя міжнароднай супольнасці, якая шчыра ацэніла вынікі гэтых выбараў, у першую чаргу Кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Каі Калас і еўрапейскай камісарке па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Марце Кос. Мы рады бачыць салідарнасць у агульнай заяве Еўрапейскага звяза, Аўстраліі, Канады, Новай Зеландыі і Аб’яднанага Каралеўства. Спадзяемся, што колькасць такіх ацэнак выбараў будзе толькі павялічвацца.
У той жа час мы падкрэсліваем, што фальсіфікацыі на выбарах ніколі не ўплывалі на нашу рашучасць і працу, і гэтая электаральная кампанія не з’яўляюцца выключэннем. Мы, Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА,” працягваем рэалізоўваць нашыя праекты, падтрымліваць моладзь і дапамагаць грамадзянскай супольнасці. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы працягваем сваю працу і будзем гэта рабіць і далей.
У дадзены момант мы заклікаем міжнародную супольнасць:
- Не прызнаваць вынікі выбараў, якія адбыліся з відавочнымі парушэннямі міжнародных стандартаў;
- Неадкладна адпаведна адрэагаваць на фальсіфікацыі і парушэнні правоў чалавека з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і стварэння ўмоў для правядзення новых дэмакратычных выбараў;
- Падтрымліваць беларускія грамадскія ініцыятывы, незалежныя медыя і моладзевыя арганізацыі, якія працуюць у складаных умовах рэпрэсій.