РАДА ў Парламенце Даніі

Як голас беларускай моладзі прагучаў на Моладзевых слуханнях пры Міністэрстве замежных спраў Даніі – распавядае Юлія Ралько, Міжнародная сакратарка РАДА.
Пра што гэта было?
У межах распрацоўкі новай стратэгіі знешняй палітыкі і палітыкі развіцця Міністэрства замежных спраў Даніі сумесна з Danish Youth Council (DUF) запрасіла моладзь з 10 краін да дыялогу. Удзельнікі_цы падзяліліся ідэямі і рэкамендацыямі аб тым, як зрабіць міжнародную палітыку Даніі больш справядлівай, устойлівай і арыентаванай на будучыню.

Спачатку – анлайн
У лютым адбылася маштабная анлайн-сустрэча: каля 100 маладых прадстаўнікоў_іц грамадзянскай супольнасці з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, абмеркавалі свае выклікі, прапанавалі рашэнні і выказалі чаканні ад Даніі. Вынікам стала стварэнне дакумента з канкрэтнымі рэкамендацыямі.
Затым удзельнікаў_іц запрасілі ў Капенгаген, у будынак Парламента, каб прадставіць свае прапановы наўпрост дэпутатам_кам. У дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі_цы розных палітычных партый.

Міжнародная сакратарка РАДА Юлія Ралько распавяла пра сітуацыю ў Беларусі: працяг ціску на грамадзянскую супольнасць, маладых палітвязняў і палітвязніц і важнасць падтрымкі з боку Даніі ў сферах міру і бяспекі.
Яна падкрэсліла неабходнасць узмацнення праграм супрацоўніцтва паміж Даніяй і Беларуссю – у галіне маладзёжнай мабільнасці, акадэмічных абменаў, дэмакратычнага дыялога і стажыровак.
Чаму гэта важна: голас моладзі ў глабальнай палітыцы
Стратэгія знешняй палітыкі вызначае, як Данія будзе выкарыстоўваць свае рэсурсы на міжнародным узроўні. DUF і іх партнёры па ўсім свеце штодня працуюць над тым, каб моладзь была ўцягнута ў працэс прыняцця рашэнняў і мела ўплыў на гэтыя пытанні.
Беларускі нацыянальны маладзевы савет РАДА і яго партнёры таксама кожны дзень працуюць над тым, каб гэтыя галасы былі пачутыя.