Заява БНМС “РАДА” у сувязі з пратэстамі ў Турцыі

19 сакавіка ўлады Турцыі арыштавалі мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, галоўнага палітычнага апанента прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, абвінаваціўшы яго ў карупцыі. Экрэм Імамаглу і яго прыхільнікі_цы сцвярджаюць, што гэта справа мае палітычны характар. У межах гэтай справы былі таксама затрыманыя больш за 100 чалавек, у тым ліку палітыкі, журналісты і бізнесмены. У адказ на гэта тысячы людзей выйшлі на вуліцы, і ўжо сем начэй запар у краіне працягваюцца масавыя пратэсты. Улады назвалі дэманстрацыі «незаконнымі», і паліцыя жорстка разганяе пратэстоўцаў, выкарыстоўваючы гвалт. Паводле звестак МУС, было затрымана больш за 1 400 чалавек. Жорсткія дзеянні сілавікоў выклікалі рэзкае асуджэнне з боку праваабарончых арганізацый і міжнароднай супольнасці.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” выказвае глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў Турцыі ў сувязі з арыштам мэра Стамбула Экрэма Імамаглу і наступнымі мірнымі пратэстамі грамадзян_ак, якія выступаюць у абарону дэмакратычных каштоўнасцяў. Мы рашуча асуджаем любыя рэпрэсіўныя дзеянні з боку ўладаў, накіраваныя супраць мірных дэманстрантаў_к і незалежных журналістаў_к, якія асвятляюць гэтыя падзеі.
Свабода выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы з’яўляюцца неад’емнымі асновамі дэмакратычнага грамадства. Спробы падаўлення грамадзянскай супольнасці, пераслед апазіцыйных лідэраў_к і выкарыстанне сілы супраць мірных пратэстуючых недапушчальныя. Мы салідарныя з турэцкімі грамадзянамі_камі, якія выступаюць за справядлівасць, дэмакратыю і вяршэнства права.
РАДА заклікае ўлады Турцыі неадкладна спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў_к, гарантаваць іх бяспеку і дзейнічаць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Мы таксама патрабуем вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых удзельнікаў_ніц пратэстаў, у тым ліку прадстаўнікоў_ц СМІ, а таксама вызвалення спадара Экрэма Імамаглу .
РАДА падтрымлівае Турэцкі нацыянальны моладзевы савет GoFor у барацьбе за дэмакратыю і свабоду слова. Мы верым, што голас моладзі і грамадзянскай супольнасці адыгрывае вырашальную ролю ў пабудове будучыні, заснаванай на свабодзе, справядлівасці і павазе правоў кожнага чалавека. Міжнародная салідарнасць і падтрымка важныя як ніколі, і мы заклікаем міжнародную супольнасць звярнуць увагу на гэтую сітуацыю і выступіць у абарону правоў і свабод грамадзян_ак Турцыі.