Сумесная справаздача «РАДА» і ЕМФ у межах УПА ААН раскрывае масавыя парушэнні правоў беларускай моладзі

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» і Еўрапейскі Моладзевы Форум падалі сумесную справаздачу ў Раду ААН па правах чалавека ў межах 4-га цыклу Універсальнага Перыядычнага Агляду Беларусі, у якой асвятляюцца сістэмныя і сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, асабліва моладзі. Cправаздача была падрыхтавана пры істотным удзеле сяброўскіх арганізацый «РАДА»: Задзіночанне беларускіх студэнтаў, «Экадом», «Моладзевы блок», «Маладая Грамада».
Макс Зафранскі, дарадчык па правах моладзі БНМС «РАДА», вылучае ключавыя моманты справаздачы:
- Рэпрэсіі ў адукацыі і палітычны удзел
Універсітэты Беларусі ператварыліся ў інструменты палітычнага кантролю: студэнтаў_к выганяюць, за імі сочаць супрацоўнікі_цы КДБ, а за мірныя пратэсты арыштоўваюць. Незалежныя студэнцкія аб’яднанні задушаныя, замест іх культывуюцца праўладныя структуры. Палітычнае выказванне крыміналізуецца, апазіцыйныя групы забаронены, а студэнцкіх актывістаў_ак запалохваюць і пераследуюць праз адміністрацыйныя і крымінальныя справы.
- Роўнасць пад пагрозай
Персоны з ЛГБТК+ супольнасці падвяргаюцца крыміналізацыі, катаванням і адмовам у медыцынскай дапамозе. Правы жанчын не абаронены: хатні гвалт па-ранейшаму не крыміналізаваны, дыскрымінацыя і гендарны разрыў у аплаце працы застаюцца. Студэнты_кі з інваліднасцю сутыкаюцца з бар’ерамі ў доступе да адукацыі.
- Здушэнне грамадзянскай супольнасці і свабоды выказвання
Больш за 200 НДА, уключаючы моладзевыя арганізацыі і «РАДА», абвешчаны «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі». Незалежныя медыя і культурныя ініцыятывы знішчаныя. Больш за 6800 чалавек, у тым ліку студэнты_кі, асуджаныя па палітычна матываваных справах, многія – у закрытых судах без права на абарону.
- Катаванні і адвольныя арышты
Катаванні сталі звыклай практыкай, асабліва адносна моладзі. Зафіксаваны выпадкі збіцця, псіхалагічнага ціску, прымусу да пакаянных відэа і смерцяў у зняволенні. Беларускую мову ў турмах высмейваюць, і караюць за яе ўжыванне.
- Эканамічны пераслед і прымус да працы
Палітычная лаяльнасць стала вызначальнай умовай працаўладкавання, а ўдзельнікаў_ц пратэстаў масава звальняюць. Студэнтаў_к бюджэтнай формы адукацыі прымушаюць адпрацоўваць 2–5 гадоў, а прадпрыемствы, што падтрымалі пратэсты, падвяргаліся ліквідацыі і штрафам.
- Экалагічная і культурная дэградацыя
Экаактывісты_кі пераследуюцца, арганізацыі ліквідаваны, інфармацыя пра навакольнае асяроддзе абмежавана. Беларусь выйшла з міжнародных экалагічных дамоўленасцяў. Адначасова беларускамоўныя і культурныя правы падвяргаюцца сістэмнаму знішчэнню: кнігі спальваюцца, помнікі знішчаюцца, а нацыянальныя сімвалы забаронены.
Справаздача паказвае, як Беларусь сістэмна парушае правы моладзі ва ўсіх сферах — ад адукацыі і самавыражэння да правасуддзя і культурнай самабытнасці — і заклікае міжнародную супольнасць да тэрміновых дзеянняў і адказнасці.
Тэкст справаздачы цалкам