Праграма імя Кастуся Каліноўскага: гайд-дапаможнік ад ЗБС

Праграма імя Кастуся Каліноўскага: гайд-дапаможнік ад ЗБС

Задзіночанне беларускіх студэнтаў падрыхтавала дэталёвы гайд, які дапаможа разабрацца ва ўсіх этапах падачы на Стыпендыяльную праграму ім. Кастуся Каліноўскага — адну з найважнейшых магчымасцяў для беларусаў і беларусак, якія з палітычных прычын страцілі доступ да адукацыі на радзіме. Конкурс праводзіцца штогод. Дэдлайн падачы заявак на стыпендыю ў 2025 годзе ўжо хутка – 15 траўня!

Стыпендыяльная праграма імя К. Каліноўскага была ініцыявана ў 2006 годзе, пасля арыштаў і рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да беларусаў_ак, якія выступалі супраць фальсіфікацый на выбарах прэзідэнта. Тады – 30 сакавіка 2006 года – прэм’ер-міністр Польшчы Казімеж Марцінкевіч і прадстаўнік аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, рэктары_кі вядучых Польскіх ВНУ падпісалі ліст аб намерах ажыццявіць такую праграму. У тым жа годзе на праграму было прынята 244 асобы.

Кандыдатамі_камі могуць быць грамадзяне_кі Беларусі, якія не маюць грамадзянства ці сталага жыхарства РП, якія ў год набору ці ў папярэднім годзе былі па палітычных прычынах
адлічаныя з беларускіх ВНУ, і не могуць паступіць/працягнуць навучанне ў Беларусі. Сюды ўваходзяць выпускнікі_цы Ліцэя імя Якуба Коласа ў Мінску.

У 2020 годзе ў сувязі з павелічэннем колькасці рэпрэсаваных Дырэктар праграмы прыняў рашэнне аб запуску праграмы КК – І (ІІІ) Solidarni z Białorusią. Удзельнікамі_цамі гэтай праграмы могуць быць толькі грамадзяне_кі Беларусі, да якіх пасля 9 жніўня 2020 г. па палітычных матывах у выніку дзеянняў беларускіх уладаў адносіцца адна з наступных акалічнасцей:

  • іх затрымлівалі, арыштоўвалі, збівалі, катавалі;
  • іх звольнілі з працы;
  • яны падвяргаліся эканамічнаму ці псіхалагічнаму ціску, які зрабіў немагчымым працяг навучання альбо працы ў Беларусі.

Веданне польскай мовы не з’яўляецца ўмовай атрымання стыпендыі. Перш чым пачаць навучанне, усе асобы накіроўваюцца на гадавы курс польскай мовы (акрамя тых, хто ёй валодае і можа пацвердзіць гэта адпаведным сертыфікатам). Пасля заканчэння курса польскай мовы (альбо пацверджання яе ведання) кандыдаты_кі павінны паступіць на навучанне ва ўніверсітэт па свайму выбару.

У падрыхтаваным ЗБС гайдзе сабраныя: патрабаванні да кандыдатаў, спіс неабходных дакументаў, важныя тэрміны і этапы адбору, прыклады запоўненых анкет, агляд моўных курсаў.

Гайд складзены на падставе афіцыйных крыніц і досведу тых, хто ўжо прайшоў гэты шлях — таму ты знойдзеш у ім не толькі правілы, але і практычныя парады: як аформіць візу, зрабіць PESEL, падрыхтавацца да сумоўя і адаптавацца ў акадэмічным асяроддзі.

Каментуюць у ЗБС

Калі пасля вывучэння дарадніка застануцца пытаніі – каманда ЗБС гатовая адказаць на іх праз Telegram-бот @kalinouski_bot.

Дараднік ад Задзіночання беларускіх студэнтаў
PROGRAM STYPENDIALNY IM. K. KALINOWSKIEGO
FAQ для беларусаў і беларусак