Правы і мары: адвакацыя «РАДА» за правы беларускай моладзі

Правы і мары: адвакацыя «РАДА» за правы беларускай моладзі

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» падрыхтаваў аналітычную справаздачу пад назвай «Rights and Dreams: Advocacy for Belarusian Youth», у якой раскрываецца сітуацыя з правамі чалавека, грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі рэпрэсіямі, што закранаюць беларускую моладзь. Справаздача адлюстроўвае стан на канец 2024 года і дэманструе эфект чатырох гадоў сістэмных пераследаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Пакуль беларускія ўлады працягваюць палітычныя рэпрэсіі і вынішчэнне грамадзянскай супольнасці, справаздача фіксуе гэтую жорсткую рэчаіснасць і нязломную мужнасць беларускай моладзі.

Асноўныя тэзісы справаздачы:

  • Звужэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці 

З 2020 года было ліквідавана больш за 1800 грамадскіх арганізацый, што прывяло да знішчэння цэлых сектараў грамадзянскага жыцця: ад студэнцкіх ініцыятыў і незалежных медыя да экалагічнага актывізму і моўных школ. Гэта асабліва балюча адбіваецца на моладзі, якая страчвае магчымасці для развіцця, самавыражэння і міжнароднага абмену.

  • Пастаянны рост палітычных пераследаў

Колькасць палітвязняў працягвае расці — на канец 2024 года 351 асоба ва ўзросце да 35 гадоў знаходзілася за кратамі па палітычных матывах. Многія з іх асуджаныя на працяглыя тэрміны за ўдзел у пратэстах ці дзейнасць у грамадзянскай супольнасці. Адным з самых гучных прыкладаў з’яўляецца справа Марыі Рабковай — маладой праваабаронкі, асуджанай амаль на 15 гадоў па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яе зняволенне прывяло да сур’ёзнага пагаршэння здароўя і асуджаецца міжнароднай супольнасцю.

  • Дыскрымінацыя за мяжой

Акрамя ўнутраных рэпрэсій, беларуская моладзь сутыкаецца з перашкодамі на міжнародным узроўні. Дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі ўсё выключаюцца з еўрапейскіх праграм мабільнасці, такіх як Erasmus+ і European Solidarity Corps, з-за свайго юрыдычнага статусу (ліквідацыі) або асацыяцыі з Беларуссю. Пры гэтым, больш за 3400 маладых беларусаў_к ужо ўдзельнічалі ў праграмах ЕС, што падкрэслівае іх важнасць для развіцця дэмакратычнага грамадства і міжнароднай салідарнасці.

Дзякуючы намаганням працоўнай групы «РАДА», былі дасягнутыя важныя вынікі:

– Аднаўленне правоў удзелу ў праграмах для некторых арганізацый, якія раней мелі акрэдытацыю;
– Публікацыя сумеснай заявы на платформе SALTO EECA;
– Палітычныя сустрэчы ў Бруселі з інстытутамі ЕС і SALTO Inclusion & Diversity.

  • Моладзевы сектар у выгнанні

Ціск унутры краіны вымушае беларускую моладзь з’язджаць за мяжу — з 2020 года краіну пакінулі каля 300 000 чалавек, у тым ліку больш за 18 000 студэнтаў_к. Аднак за мяжой яны часта не могуць прадстаўляць Беларусь у афіцыйных праграмах ЕС, што штучна блакуе ўдзел у грамадзянскім жыцці.

  • Барацьба за будучыню без смяротнага пакарання

«РАДА» таксама ўзмацніла сваю дзейнасць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. З 1994 года ў краіне былі пакараныя смерцю больш за 300 чалавек, сярод іх і маладыя людзі. Новыя змяненні ў заканадаўстве дазваляюць прызначаць смяротнае пакаранне нават у выпадках, калі не было чалавечых ахвяр — што стварае трывожныя прэцэдэнты.

«РАДА» разам з партнёрамі, у тым ліку Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Радай Еўропы, праводзіць адвакацыйныя хакатоны, медыякампаніі і міжнародныя сустрэчы дзеля дасягнення мараторыя на смяротнае пакаранне і павышэння інфармаванасці грамадства.

«На жаль, вялікая колькасць маладых людзей мяркуе, што смяротнага пакарання ў нашай краіне не існуе. Мы назіраем істотны дэфіцыт ведаў пра гэтую праблему на розных узроўнях. Мы ўжо распрацавалі бачанне таго, як уплываць на сітуацыю і як падтрымаць кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ў дасягненні яе мэты — мараторыя на смяротнае пакаранне.»

Зміцер Герыловіч, полісі-сакратар «РАДА»

Поўны тэкст справаздачы: