«РАДА» на IV Еўрапейскай канвенцыі па моладзевай працы

27 – 30 траўня 2025 года прадстаўніцы Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА», ад імя дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), паўдзельнічалі ў IV Еўрапейскай канвенцыі па моладзевай працы (4th European Youth Work Convention).
Еўрапейскія канвенцыі па моладзевай працы (EYWCs) ладзяцца раз на пяць год, пачынаючы з 2010 года, і з’яўляюцца важнай пляцоўкай перадусім для спецыялістаў_к у галіне моладзевай працы. Удзел у іх таксама прымаюць палітыкі_есы, даследчыкі_цы, прадстаўнікі_цы добраахвотных моладзевых арганізацый і службаў. Канвенцыя 2025 года прайшла пад старшынствам Мальты ў Радзе Еўропы.
Сёлета EYWC сабрала ў Валеце больш за 500 удзельнікаў_ц. Мерапрыемства было арганізавана ўрадам Мальты — Aġenzija Żgħażagħ (Нацыянальнае агенцтва па справах моладзі Мальты) і Еўрапейскім агенцтвам па праграмах ЕС (EUPA) — у супрацоўніцтве з платформай
Партнёрства паміж Радай Еўропы і Еўракамісіяй у моладзевай сферы.
Пад тэмай «Youth Work Xcelerate» Канвенцыя падкрэсліла ролю моладзевай працы як інструмента ўзмацнення ўдзелу моладзі, прасоўвання інклюзіі і актыўнага грамадзянскага ўдзелу. Юлія Ралко (Міжнародная сакратарка «РАДА») і Аляксандра Дойніч (сяброўка Савета «РАДА») прынялі ўдзел у насычанай праграме варкшопаў і сустрэч з калегамі і каляжанкамі з усяго Еўрапейскага рэгіёну. Яны далучыліся да распрацоўкі Еўрапейскай Дарожнай карты па павышэнні эфектыўнасці і ўстойлівасці моладзевай працы праз нацыянальныя і еўрапейскія палітыкі на наступныя пяць год.


Вынікі Канвенцыі будуць прадстаўленыя на Канферэнцыі міністраў еўрапейскіх краін па справах моладзі ў кастрычніку 2025 года.
Вынікі трох папярэдніх Канвенцый:
- I Еўрапейская канвенцыя па моладзевай працы адбылася ў Гентэ ў ліпені 2010 года
- II Еўрапейская канвенцыя па моладзевай працы адбылася ў Бруселі ў красавіку 2015 года
- III Еўрапейская канвенцыя па моладзевай працы прайшла ў анлайн-фармаце пад старшынствам Германіі ў снежні 2020 года.