«РАДА» прадставіла беларускую моладзь на EYE 2025 у Страсбургу

13-14 чэрвеня 2025 г. Лізавета Даўгулевіч (Старшыня «РАДА») і Георг Кванталіяні (сябра Савета) прадстаўлялі Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» на EYE 2025 – European Youth Event, які адбыўся ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу.
Івэнт, арганізаваны Еўрапейскім парламентам, Еўрапейскім моладзевым форумам і падраздзяленнем па працы з моладдзю (Youth Outreach Unit), кожныя два гады збірае тысячы маладых людзей з усяго Еўрапейскага Саюза і з-за яго межаў. У праграме мерапрыемства дзясяткі варкшопаў, семінараў і іншых актыўнасцяў на актуальныя для моладзі тэмы.
Як частка сеткі EaP Youth Councils Network, «РАДА» стала суарганізатарам варкшопа разам з:
– Нацыянальным моладзевым саветам Малдовы (CNTM)
– Нацыянальным моладзевым саветам Украіны (NYCU)
– Моладзевым саветам Даніі (DUF).


Сесія пад назвай «Bridging the Gap: EU Enlargement» запрашала маладых удзельнікаў_ц прымерыць на сябе ролі палітыкаў_ес ЕС, моладзевых актывістаў_к і прадстаўнікоў_ц краін-кандыдатак. Праз інтэрактыўную ролевую гульню і дыскусіі мы разглядалі наступныя пытанні:
– Што азначае пашырэнне ЕС на практыцы?
– Якія перашкоды ўсё яшчэ існуюць – палітычныя, культурныя, моўныя?
– Якую ролю могуць адыграць маладыя людзі ў фармаванні будучыні аб’яднанай Еўропы?
Як адзначыў Георг Кванталіяні:
«Гэта была адкрытая і натхняльная размова – з моладдзю і для моладзі. Дзякуй усім, хто далучыўся да узвядзення мастоў, а не межаў!»
