Сяброўскія арганізацыі «РАДА» сустрэліся з прадстаўнікамі_цамі ЕМФ у Вільні

Сяброўскія арганізацыі «РАДА» сустрэліся з прадстаўнікамі_цамі ЕМФ у Вільні

Еўрапейскі моладзевы форум (YFJ) – найбуйнейшая платформа моладзевых арганізацый у Еўропе, якая аб’ядноўвае больш за 100 арганізацый-удзельніц і прадстаўляе дзясяткі мільёнаў маладых людзей – правёў сустрэчу Савета 11–12 ліпеня ў офісе «РАДА» ў Вільні.

У рамках праграмы прадстаўнікі_цы Савета ЕМФ правялі сустрэчу з сяброўскімі арганізацыямі «РАДА» – «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», «Маладая Грамада», «Іншыя», «Майстэрняй паштовак салідарнасці» і Валанцёрскай службай ПЦ «Вясна». А таксама з Марго Ворыхавай, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і дарадцай Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцкіх пытаннях.

Мэтай гэтай сустрэчы было зразумець, як Еўрапейскі моладзевы форум можа эфектыўна адвакатаваць патрэбы беларускай моладзі ў еўрапейскіх інстытуцыях і сярод палітычных дзеячаў_к.

Асноўныя тэмы для абмеркавання ўключалі:

  • Становішча маладых актывістаў_к і моладзевых арганізацый у Беларусі, а таксама магчымыя формы падтрымкі з боку ЕМФ;
  • Актуальныя прыярытэты і бягучая дзейнасць «РАДА»;
  • Стан «РАДА» і яе сяброўскіх арганізацый пасля скарачэнняў фінансавання з боку USAID.

«Важна было падкрэсліць, што рэпрэсіі супраць беларускай моладзі працягваюцца і становяцца ўсё больш вынаходлівымі, набываюць новыя, тонкія формы. Гэта абмяжоўвае выбар моладзі і аддаляе яе ад еўрапейскай супольнасці.
Мы таксама абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца моладзевыя арганізацыі ў выгнанні і становішча беларускіх студэнтаў_к у еўрапейскіх краінах – праблемы мабільнасці і легалізацыі, фінансавыя цяжкасці і настрыфікацыю дыпломаў»

адзначае Юлія Ралко, Міжнародная сакратарка «РАДА».

«Кожны раз, калі я ўспамінаю пра беларускую моладзь, я адчуваю сум і вялікую трывогу. Для мяне гэта не проста тэма – гэта болі, якія я адчуваю разам з кожным маладым чалавекам, які вымушаны пакідаць родную зямлю або сутыкаецца з перашкодамі ў сваім развіцці на радзіме. Сустрэча ў Вільні для мяне стала магчымасцю крыкнуць у свет, што наша моладзь заслугоўвае лепшага. Мы гаварылі пра мабільнасць, пра адукацыю, але за гэтымі словамі стаяць гісторыі маладых людзей, якія змагаюцца за кожную магчымасць, за кожны крок да сваёй мары. Я не магу заставацца абыякавым да іх болю, да тых, хто адчувае адрыў ад роднай культуры, ад родных людзей. Гэта пра людскія лёсы. І калі мы зможам зрабіць так, каб нават у гэтых умовах нашы маладыя людзі не адчувалі сябе адзінокімі, каб кожны знайшоў сваю дарогу, – гэта будзе для мяне галоўная перамога,» – падзяліўся Уладзіслаў Арэшчанка, удзельнік сустрэчы і прадстаўнік арганізацыі «Маладая Грамада».

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» шчыра дзякуе Еўрапейскаму моладзеваму форуму і ўсім удзельнікам_цам за магчымасць правесці гэты важны дыялог. Для «РАДА» і беларускай моладзі гэта не толькі пра салідарнасць — гэта шанец быць пачутымі і дзейнічаць разам з еўрапейскай супольнасцю.