«РАДА» далучылася да падрыхтоўкі Альтэрнатыўнай справаздачы па МУР

«РАДА» далучылася да падрыхтоўкі Альтэрнатыўнай справаздачы па МУР

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» падрыхтаваў раздзел, прысвечаны моладзі, для Альтэрнатыўнай справаздачы грамадзянскай супольнасці Беларусі аб выкананні Мэт устойлівага развіцця (МУР).

18 ліпеня беларускія ўлады прадставілі трэці Добраахвотны нацыянальны агляд на Форуме высокага ўзроўню ААН па ўстойлівым развіцці (HLPF). У адрозненне ад інклюзіўных працэсаў падрыхтоўкі аглядаў, якія адбываюцца ў многіх іншых краінах, беларуская грамадзянская супольнасць — цяпер у значнай ступені ў выгнанні — ізноў была выключана з афіцыйнай справаздачнасці. Распавядаем, што адлюстроўвае Альтэрнатыўная справаздача і якім чынам «РАДА» была задзейнічана ў яе падрыхтоўцы.

Што такое МУР?

З 2015 года Беларусь узяла на сябе абавязацельствы па Мэтах устойлівага развіцця ААН (МУР) — комплексу з 17 глабальных мэтаў, накіраваных на паляпшэнне здароўя, адукацыі, справядлівасці, эканомікі і аховы навакольнага асяроддзя. Краіны справаздачацца пра свой прагрэс праз Добраахвотныя нацыянальныя агляды (ДНА), якія прадстаўляюцца на Форуме высокага ўзроўню ААН па ўстойлівым развіцці (HLPF). У 2025 годзе Беларусь заняла 32-е месца сярод 167 краін у Справаздачы па ўстойлівым развіцці, апусціўшыся на восем пазіцый у параўнанні з 2021 годам. Нягледзячы на афіцыйныя заявы, намаганні ў галіне МУР у Беларусі былі падарваныя шырокім рэпрэсіям пасля 2020 года. Незалежная грамадзянская супольнасць, якая цяпер пераважна працуе ў выгнанні, працягвае займацца маніторынгам і адвакатаваннем па пытаннях МУР, у тым ліку праз падрыхтоўку Альтэрнатыўных справаздач.

Ірына Панядзелак, каардынатарка Альтэрнатыўнай справаздачы беларускай грамадзянскай супольнасці па выкананні МУР, адзначае:

«Нягледзячы на ўсе выклікі, кааліцыя беларускіх НДА у выгнанні, незалежных даследчыкаў_ц і грамадзянскіх экспертаў_к аб’ядналася, каб зрабіць гэту справаздачу магчымай. Больш за 20 спецыялістаў_к узялі ўдзел у падрыхтоўцы — многія ананімна праз пагрозы рэпрэсій.

Сярод ключавых момантаў Альтэрнатыўнай справаздачы:

  • Тэматычны аналіз асноўных праблем у межах кожнай з МУР;
  • Дакументаванне парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку асобныя раздзелы, прысвечаныя моладзі, культурным правам і праву на здаровае навакольнае асяроддзе;
  • Канкрэтныя рэкамендацыі – як для беларускіх уладаў, так і для міжнародных зацікаўленых бакоў.

Нават у выгнанні беларуская грамадзянская супольнасць застаецца ключавым рухавіком устойлівага развіцця. Мы працягнем сваю працу, каб ніхто і нішто не засталося па-за ўвагай.

Максім Зафранскідарадчык па правах моладзі БНМС «РАДА», і каардынатар раздзела справаздачы, прысвечанага моладзі, каментуе:

“Як аб’яднанне беларускіх моладзевых арганізацый, мы зноў указваем на тое, што паўнавартаснае выкананне Мэт устойлівага развіцця патрабуе поўнага ўключэння моладзі і незалежных галасоў грамадзянскай супольнасці.

Беларуская моладзь стабільна дэманструе стойкасць, творчасць і глыбокую прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям і ўстойліваму развіццю. Аднак працяглыя рэпрэсіі, скарачэнне прасторы для грамадзянскай актыўнасці і прымусовая эміграцыя па-ранейшаму абмяжоўваюць нашу здольнасць удзельнічаць у фарміраванні будучыні краіны.

Мы былі рады ўнесці свой унёсак у Альтэрнатыўную справаздачу беларускай грамадзянскай супольнасці па выкананні МУР. У справаздачы падкрэсліваецца важная ісціна: устойлівае развіццё немагчыма без захавання правоў чалавека, дэмакратычнага кіравання і ўдзелу моладзі. Прызнанне гэтых элементаў з’яўляецца неабходным для разумення рэальнай сітуацыі з выкананнем МУР у Беларусі.”

Частка «РАДА»: Беларуская моладзь ва ўмовах рэпрэсій і ізаляцыі (2022–2025)

Альтэрнатыўная справаздача грамадзянскай супольнасці Беларусі

ТЭКСТ ЦАЛКАМ

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» выказвае падзяку ўсім аўтарам_кам, экспертам_кам і партнёрскім арганізацыям, дзякуючы якім гэтая справаздача стала магчымай! «РАДА» працягвае змагацца за тое, каб голас моладзі быў пачуты, правы — прызнаныя, а будучыня дэмакратычнай Беларусі — стваралася разам з маладымі людзьмі.