Агляд дзяржаўнага даклада пра моладзь: што застаецца за дужкамі

Агляд дзяржаўнага даклада пра моладзь: што застаецца за дужкамі

У жніўні 2025 года на сайце молодежь.бел з’явіўся «Даклад аб становішчы моладзі ў Рэспубліцы Беларусь 2024». Хто яго склаў — застаецца загадкай: у дакуменце няма ніводнага ўказання канкрэтных аўтараў_ак ці інстытуцый. Старшыня Савета «РАДА» Лізавета Даўгулевіч уважліва прааналізавала даклад і падрыхтавала змястоўны агляд.

Даклад аб становішчы моладзі ў Рэспубліцы Беларусь за 2024 год робіць уражанне старанна выверанага дакумента, у якім ёсць толькі прыгожыя лічбы і «дасягненні». Аднак за прадстаўленай статыстыкай і станоўчымі фармулёўкамі хаваюцца сур’ёзныя праблемы ўнутры краіны, аб якіх аўтары_кі гэтага дакумента замоўчваюць.

Па-першае, у дакладзе прыводзяцца падрабязныя звесткі пра колькасць моладзі па рэгіёнах, але цалкам адсутнічае інфармацыя пра тых, хто пакінулі краіну. Тым часам значная частка маладых людзей (асабліва з 2020 года) з’ехала вучыцца ці працаваць за мяжу, таму скажаецца сама дэмаграфічная карціна: дзяржава дае справаздачу аб моладзі, якая фізічна можа даўно знаходзіцца па-за Беларуссю. І размова тут не толькі пра міграцыю ў краіны Еўрапейскага Звяза, бо некалькі тысяч студэнтаў_к навучаецца і ў Расіі.

Па-другое, насцярожылі лічбы ў главе пра сферу адукацыі. Прыводзіцца лічба ў 224 тысячы студэнтаў_ак (уключаючы навучэнцаў_ак сярэдне-спецыяльных устаноў) за 2024/2025 гады, але супастаўляючы з дадзенымі БелТА, толькі студэнтаў_ак ВНУ ў 2019 годзе было 268 тысяч. Атрымліваецца, што колькасць студэнтаў_ак зніжаецца, але ў дакладзе гэта падносіцца як дасягненне, а не як трывожны сігнал. Больш за тое, у раздзеле гаворыцца пра «права выбару навучальных праграм і ўстаноў», і замоўчваецца рэальнасць: студэнты_кі пазбаўленыя магчымасці не толькі вучыцца на беларускай мове, але і выбіраць дэканаў_ак і рэктараў_ак, як гэта прынята ва ўніверсітэтах Еўропы. Іранічна гучыць і сама назва часткі «Даступнасць і якасць адукацыі»: ні слова не сказана аб тым, у якім стане знаходзяцца карпусы і інтэрнаты, наколькі яны даступныя для людзей з інваліднасцю.

Тэма занятасці моладзі таксама асвятляецца вельмі аднабакова. Робіцца акцэнт на часовай занятасці студэнтаў_ак, рабоце студатрадаў і падтрымцы прадпрымальніцтва. Але ў дакладзе не гаворыцца пра існаванне праславутага «закону аб дармаедстве», дзе маладыя людзі, якія не задзейнічаныя ў эканоміцы, сутыкаюцца з шэрагам абмежаванняў ад дзяржавы (напрыклад, адмена ільгот ці субсідый). У дакуменце не напісана пра сістэму абавязковага размеркавання выпускнікоў_ніц, якая фактычна ператвараецца ў форму сучаснага прыгоннага права: маладога_ую спецыяліста_ку абавязваюць два гады працаваць за мінімальны заробак без права выбару.

Яшчэ больш супярэчлівым выглядае раздзел аб сацыяльнай актыўнасці. Па афіцыйных даных, 71,5% моладзі ўдзельнічаюць у патрыятычна накіраваных мерапрыемствах «па ўласнай ініцыятыве», а больш за 90% знаходзяцца ў моладзевых грамадскіх арганізацыях. Аднак на практыцы размова ідзе аб прымусовым уцягванні праз адміністрацыйны ціск, абяцанні бонусаў або пагрозы санкцый. Так званыя моладзевыя грамадскія арганізацыі ў асноўным з’яўляюцца GONGO — структурамі, створанымі ўладай, членства ў якіх часта носіць прымусовы характар. Такім чынам, гаворка ідзе не пра сапраўдную актыўнасць і самакіраванне, а пра масоўку, якую выкарыстоўваюць для дэманстрацыі «падтрымкі» ўлады.

У блоку аб моладзі і сям’і адкрыта дэкларуецца курс на прапаганду традыцыйных каштоўнасцей. Незалежныя апытанні паказваюць, што большасць студэнтаў_ак БДУ падтрымліваюць ЛГБТ-правы і магчымасць аднаполых шлюбаў, але ў дакладзе пра гэта няма ні слова. Статыстыка разводаў, якая дасягае 55%, таксама застаецца за дужкамі, замест гэтага дэманструецца толькі колькасць новых шлюбаў.

Не менш дзіўна выглядае раздзел аб барацьбе з экстрэмізмам. У дакуменце выкарыстоўваецца тэрмін «радыкальныя ідэалогіі», аднак не тлумачыцца, што менавіта маецца на ўвазе. Зыходзячы з колькасці прызнаных «экстрэмісцкімі» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь матэрыялаў і фарміраванняў — пад гэтае паняцце падпадае ўсё, што звязана з патрабаваннямі дэмакратыі, сумленных выбараў або выкарыстаннем гістарычнай сімволікі. Такім чынам, моладзь, якая адважваецца заяўляць аб сваіх правах, аўтаматычна можа быць прылічана да «экстрэмістаў».

Агульнае ўражанне ад дакумента — штучнасць і дэманстратыўнасць. Аўтары_кі не згадалі, колькі моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці было ліквідавана за апошнія 5 гадоў. У дакладзе няма ні слова пра колькасць маладых палітычных вязняў_ніц. Адсутнічае глава аб моладзевай мабільнасці і абменах у іншыя краіны. Улады дзесяцігоддзямі спрабавалі завесіць заходнюю мяжу Беларусі, каб маладое пакаленне ведала менш пра тое, як жывуць людзі ў Еўропе і наколькі больш можа сабе дазволіць.

Не зусім зразумела, чаму ў дзяржаўным дакуменце не згадана супрацоўніцтва моладзі з рознымі сферамі жыцця краіны. Бо важна, каб моладзь не проста чакала, калі ім дадуць «магчымасці», а магла наўпрост казаць уладзе пра свае патрэбы і прапаноўваць рашэнні. Але ўсё тлумачыцца проста — такой сістэмы ў Беларусі ніколі не існавала. Сённяшняя сітуацыя выглядае так, быццам Беларусь для моладзі — гэта рэстаран, дзе ім кожны дзень падаюць адну і тую ж страву, нават не цікавячыся, чаго яны хочуць насамрэч.