Дзесяць трэндаў беларускага моладзевага сектара сёння

Дзесяць трэндаў беларускага моладзевага сектара сёння

Асноўныя трэнды, якія вызначаюць актуальнае палажэнне беларускага моладзевага сектара, былі акрэслены і сфармуляваны падчас стратэгічнага семінара «A Youth Agenda for Democracy and Human Rights in Belarus», арганізаванага Моладзевым Дэпартаментам Рады Еўропы сумесна з Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» ў красавіку 2025 года ў Страсбургу. Гэтыя трэнды падкрэсліваюць прыярытэты, выклікі і магчымасці, з якімі сутыкаецца моладзь сёння, і прапануюць бачанне ўмацавання дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Пратэстная актыўнасць моладзі справакавала сур’ёзныя рэпрэсіі з боку ўладаў. Гэта прывяло да рэальных наступстваў для многіх маладых людзей, многія з якіх былі вымушаныя пакінуць краіну або прыпыніць сваю дзейнасць. Акрамя таго, гэты крызіс узмацніў страх і недавер. Ён ускладняе арганізацыю любых публічных і палітычных акцый, а таксама абмяжоўвае магчымасці для развіцця і самавыяўлення моладзі.

Трэнд 1. Разрыў з аўдыторыямі

Актывісты_кі ў выгнанні сутыкаюцца з цяжкасцямі, каб заставацца актуальнымі і блізкімі да сваіх мэтавых груп. Ёсць запыт на павелічэнне афлайн-працы ўнутры краіны, аднак пакуль не існуе эфектыўных рашэнняў для гэтага. Гэты разрыў таксама адлюстроўвае зніжэнне разумення і інфармаванасці пра патрэбы мэтавых груп, і актывісты_кі адзначаюць неабходнасць далейшых даследаванняў на такія тэмы, як:

  • дэкаланізацыя як спроба пазбаўлення ад расійскага ўплыву,
  • маніторынг расійскага ўплыву на сістэму адукацыі,
  • сацыяльнае ўспрыманне парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій як грамадскай праблемы,
  • актуальнасць трэнду аховы здароўя,
  • патрэбы ўразлівых груп,
  • зніжэнне палітычнай удзелу сярод моладзі ў Беларусі.

Трэнд 2. Крыміналізацыя працы НДА ў Беларусі і інстытуцыяналізацыя ў ЕС

Крыміналізацыя праз прымусовую ліквідацыю НДА абмяжоўвае доступ да мэтавых груп, стварае страх сярод актывістаў_к і спрыяе выгаранню, якое перажыла і перажывае большасць актывістаў_к.

Новая заканадаўчая база ў Беларусі аказвае дадатковы негатыўны ўплыў на ЛГБТКІ+ ініцыятывы — цяпер «ненармальныя сэксуальныя адносіны» разглядаюцца як парнаграфія і падлягаюць крымінальнаму пераследу.

Для вырашэння гэтай праблемы неабходныя больш якаснае навучанне і інструкцыі па бяспецы. У адказ на крыміналізацыю працы НДА ў краіне з’яўляюцца палітычна нейтральныя супольнасці, дзе людзі збіраюцца на сустрэчы розных фарматаў, але захоўваюць акцэнт на дэмакратычных каштоўнасцях.

Адначасова беларускія моладзевыя НДА імкнуцца рэгістравацца за мяжой — у еўрапейскіх краінах і становяцца дыяспарнымі арганізацыямі. У такіх выпадках яны працягваюць працаваць з беларускай моладдзю як унутры, так і па-за межамі Беларусі. Працэс інстытуцыяналізацыі дапамагае маладым людзям развіваць кампетэнцыі і быць больш паслядоўнымі ў сваёй дзейнасці.

Трэнд 3. Скарачэнне праграм падтрымкі і ўдзелу для беларусаў_к

Скарачэнне міжнароднай падтрымкі Беларусі, уключаючы праграмы мабільнасці, прыводзіць да цяжкасцей з доступам да грантаў міжнародных донарскіх арганізацый; моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы сутыкаюцца з недахопам фінансавання; а дубляванне функцый сярод арганізацый павялічвае канкурэнцыю за сродкі.

Існуе неабходнасць у большай інфармацыі пра грантавыя магчымасці, паляпшэнні навыкаў фандрайзінгу і напісання праектных прапаноў.

На больш глабальным узроўні актывісты_кі адзначаюць змяншэнне прысутнасці Беларусі на міжнароднай парадку дня і выказваюць занепакоенасць наступствамі гэтага для магчымай трансфармацыі/пераходу ў будучыні.

Гэтыя праблемы таксама ўплываюць на моладзевую мабільнасць, уключаючы акадэмічную (стыпендыі, міжнароднае прызнанне дыпломаў). Актывісты_кі бачаць магчымасці для адвакатавання праграм мабільнасці ў каардынацыі і праз Аб’яднаны Пераходны Кабінет  і Офіс Святланы Ціханоўскай.

Трэнд 4. Беларусізацыя сектара і расіфікацыя ўнутры Беларусі

Беларусізацыя, якая праяўляецца ў пераходзе на беларускую мову або ў большай колькасці мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай ідэнтычнасці і культуры, з’яўляецца вельмі заўважным трэндам сярод моладзевых арганізацый. Яны свабодна выкарыстоўваюць беларускую мову ў паўсядзённых зносінах паміж сабой, а таксама ў камунікацыі з мэтавымі аўдыторыямі.

Адначасова беларускі рэжым супраціўляецца беларусізацыі праз русіфікацыю і пераслед маладых людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Колькасць адукацыйных праграм на беларускай мове нязначная. Моладзь імкнецца ўплываць на сітуацыю і становіцца агентамі_камі змен, але вельмі часта сутыкаецца з рэпрэсіямі з боку рэжыму.

Трэнд 5. Разрыў пакаленняў у грамадскім сектары

Новыя актывіст_кі часта не ведаюць аб працы, якая вялася раней, не кантактуюць з ужо створанымі групамі. Гэтыя дзве тэндэнцыі ўзаемазвязаны і востра адчуваюцца.

З аднаго боку, арганізацыі, якія забяспечваюць інфраструктурную падтрымку або парасонавыя органы, не маюць доступу да новых нізавых актывістаў_ак у краіне і не могуць іх падтрымаць.

З іншага боку, маладым арганізацыям не хапае магчымасці вучыцца. Гэта таксама павялічвае рызыкі для бяспекі маладых ініцыятыў і прыводзіць да паўтарэння, дублявання і дрэннай каардынацыі падобнай працы.

Актывісты_кі, якія займаюцца падтрымкай неабароненых груп насельніцтва, моладзевай актыўнасцю і правамі студэнтаў_ак, адзначылі неабходнасць сектаральнага адлюстравання і лепшай каардынацыі паміж рознымі ініцыятывамі, якія займаюцца адной тэматыкай, бо новыя ініцыятывы не ведаюць адна пра адну.

Трэнд 6. Ідэалагізацыя і мілітарызацыя адукацыі ўнутры краіны

Сектар не мае эфектыўных захадаў для вырашэння гэтай праблемы з улікам маштабу і ахопу дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Многія арганізацыі і актывісты_кі перанеслі сваю працу ў сферу нефармальнай адукацыі афлайн і анлайн і зараз працуюць над прасоўваннем нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускай мовы і культуры, але ахоп і маштаб такой працы непараўнальныя.

Сектар таксама мала ведае, як адбываецца гэтае навучанне і якія наступствы яно мае. Актыўная праца з моладдзю дыяспары — адзін са спосабаў захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Іншы спосаб — стварэнне забаўляльнага анлайн-кантэнту, падтрымка маладых беларускамоўных блогераў_к, перадача ведаў пра беларускую культуру і гісторыю праз гейміфікаваныя, лёгкадаступныя фарматы.

У выніку студэнты_кі схільныя ехаць вучыцца за мяжу. У апошнія гады павялічваецца колькасць студэнтаў_к, якія выбіраюць Расію, і яна амаль дасягнула колькасці тых, хто едзе ў Польшчу. Гэта адбываецца з-за абмежаванняў з боку краін ЕС (менш стыпендый, складанасці з візамі і лагістыкай), а таксама праз узмацненне расійскага ўплыву дзякуючы большай колькасці стыпендый для беларускіх студэнтаў_к. Гэта можа прывесці да павелічэння колькасці прыхільнікаў_ц «рускага свету» сярод моладзі.

Трэнд 7.  Выгаранне і выхад з сектара

Нават вельмі маладыя актывісты_кі прызнаюць, што сутыкаліся з сімптомамі выгарання. У доўгатэрміновай перспектыве, калі актыўнасць людзей вельмі кароткая, гэта прывядзе да дэфіцыту кадраў і цяжкасцей у перадачы інстытуцыйных ведаў паміж рознымі пакаленнямі актывістаў_к.

Адначасова моладзь і моладзевыя арганізацыі больш свядома ставяцца да праблем псіхічнага здароўя і прымаюць меры для прадухілення выгарання. Маладыя людзі становяцца амбасадарамі_камі прафілактыкі выгарання, але не заўсёды арганізацыі маюць магчымасці і палітыкі для падтрымкі такіх ініцыятыў.

Трэнд 8. Разрыў паміж арганізацыямі ўнутры краіны і за мяжой

Паглыбленне разрыву паміж арганізацыямі ўнутры краіны і за мяжой выяўляецца ў розных станах існавання і адпаведна розных патрэбах арганізацый і актывістаў_ак. Праца з беларускай моладдзю ўнутры краіны з’яўляецца прыярытэтнай, таму неабходна думаць пра выбудоўванне мастоў і сталых пляцовак, каб моладзевы сектар мог эфектыўна супрацоўнічаць і працаваць на карысць дэмакратычных зменаў, выкарыстоўваючы перавагі розных геаграфічных лакацый.

Трэнд 9. Фокус на правы чалавека

Многія моладзевыя актывісты_кі і моладзевыя арганізацыі прызнаюць важнасць правоў чалавека. Некаторыя змянілі або пашырылі свой фокус, каб уключаць правы чалавека, нават калі раней працавалі на іншыя тэмы. Гэтая змена ў пэўнай ступені з’яўляецца рэакцыяй на грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі пасля пратэстаў 2020 года.

Трэнд 10. Медыятызацыя моладзевага сектара і рост уплыву штучнага інтэлекту

З-за абмежаванага прамога доступу да мэтавых груп многія ініцыятывы павялічылі сваю прысутнасць у сацыяльных сетках. Прызнанне сацыяльных сетак і каналаў моладзевых НДА «экстрэмісцкімі» з боку ўладаў адмоўна ўплывае на гэтую працу. Актывісты_кі адзначаюць сегментацыю аўдыторый і каналаў. Вялікія, кансалідаваныя аўдыторыі цяжка дасягаць нават прафесійным медыя. Актывісты_кі адзначаюць, што беларускай моладзі ўсё яшчэ не хапае якаснага, прывабнага і забаўляльнага кантэнту, што пагражае павелічэннем спажывання расійскага кантэнту.

Маладыя людзі становяцца амбасадарамі_камі выкарыстання штучнага інтэлекту ў жыцці і працы. Рост уплыву гэтага трэнду на моладзь можа мець вельмі розныя наступствы: спрасціць некаторыя сферы (лічбавая творчасць, праца з інфармацыяй), але таксама ўскладніць ці ствараць перашкоды ў іншых, напрыклад, праз фэйкі і бот-фермы ў інтэрнэце.