Заява БНМС «РАДА» у сувязі з вызваленнем 52 зняволеных

Заява БНМС «РАДА» у сувязі з вызваленнем 52 зняволеных

11 верасня 2025 года стала вядома аб вызваленні 52 чалавек, сярод якіх 40 палітзняволеных: палітыкаў, журналістаў_к, актывістаў_к, грамадзян_ак еўрапейскіх краін, а таксама як мінімум сем прадстаўнікоў_ц моладзі. Памілаванне адбылося на фоне перамоў паміж Лукашэнкам і амерыканскай дэлегацыяй на чале з прадстаўніком Трампа Джонам Коўлам. Папярэдні раз Коўл прыязджаў у Беларусь 21 чэрвеня 2025 года, пасля чаго быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі. Вызваленых палітвязняў_ынак адразу вывезлі ў Літву.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» вітае навіну аб вызваленні 40 зняволеных па палітычных матывах з турмаў у Беларусі. Гэта крок, які дае надзею тысячам беларусаў_к на волю, справядлівасць і вяртанне да дэмакратычных каштоўнасцей.

Гэта вызваленне адбылося ў кантэксце перамоў паміж беларускім рэжымам і заходнімі партнёрамі, у тым ліку Злучанымі Штатамі Амерыкі і Літоўскай Рэспублікай. Мы шчыра ўдзячны дыпламатам_кам ЗША і Літвы за іх прынцыповую пазіцыю, настойлівасць і адданасць прынцыпам правоў чалавека. Гэты ўклад мае сапраўднае значэнне для лёсаў канкрэтных людзей і ўсёй дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

У той жа дзень лідар партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч, асуджаны на 14 гадоў, адмовіўся выязджаць на тэрыторыю Літвы і вярнуўся ў Беларусь. На дадзены момант яго месцазнаходжанне невядома. Акрамя таго, некалькі палітвязняў_ынак распавялі, што хацелі б вярнуцца дадому ці разглядаюць магчымасць вярнуцца. Мы лічым, што прымусовая высылка былых палітвязняў_ынак — гэта чарговае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Кожны чалавек мае права жыць у краіне, грамадзянінам_кай якой ён_яна з’яўляецца. Грамадзяне_кі Беларусі маюць права свабодна перамяшчацца па Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.

У той жа час мы нагадваем, што ў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца сотні палітычных зняволеных. Вызваленне ўсіх без выключэння — абавязковая ўмова для пачатку сапраўдных перамен у краіне.

БНМС «РАДА» працягвае настойваць на:

  • неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх несправядліва асуджаных вязняў_ынак у Беларусі з поўнай рэабілітацыяй;
  • аднаўленні магчымасцей для вольнай грамадскай і палітычнай дзейнасці ў Беларусі.

Беларуская моладзь заслугоўвае будучыні без турмаў, гвалту і страху. Разам з намаганнямі партнёраў мы зможам дамагчыся вольнай будучыні для беларускай моладзі.

Жыве Беларусь!