«Праз рэфлексію будаваць сувязі»: як беларуска аб’яднала людзей вакол працы з мінулым

«Праз рэфлексію будаваць сувязі»: як беларуска аб’яднала людзей вакол працы з мінулым

Як працаваць з цяжкім мінулым праз мастацтва, рэфлексію і цела? У чэрвені ў Ваймары (Германія) прайшоў міжнародны трэнінг Reflect to Connect, прысвечаны пытанням гістарычнай памяці і пошуку новых спосабаў гаварыць пра траўматычны досвед. Мы паразмаўлялі з ініцыятаркай і галоўнай натхняльніцай праекта пра тое, як нарадзілася ідэя Reflect to Connect, якія асабістыя прынцыпы ў працы дапамагаюць даводзіць справы да канца, што адбывалася падчас трэнінгу, і чаму супольнасць і давер сталі ключавымі яго вынікамі. 

Раскажы крыху пра сябе. Адкуль ты родам і дзе цяпер жывеш, чым займаешся?

Я беларуска, нарадзілася на Палессі. Маё дзяцінства і маладосць прайшлі там у атмасферы моцных традыцый і абрадаў — гэта вельмі паўплывала на мяне, сфармавала маё ўспрыманне свету і стаўленне да жыцця. Потым я пераехала ў Мінск, дзе вучылася і працавала ў сферы НДА, займалася валанцёрствам, удзельнічала ў міжнародных абменах — ездзіла ў Чэхію, Грузію, Іспанію.

У пачатку 2020-х я паехала ў Германію на валанцёрскі год. У Беларусі ў той момант я жыла ў пастаянных панічных атаках і нервовым напружанні. Валанцёрскі год стаў тады магчымасцю пераключыцца, паклапаціцца пра сябе і сваё ментальнае здароўе. За гэты час я ўбачыла, якая развітая сетка НДА існуе і колькі магчымасцяў для рэалізацыі праектаў у Германіі. Акрамя таго, я вучыла нямецкую мову ва ўніверсітэце. Таму я вырашыла застацца тут.

Як у цябе ўзнікла ідэя Reflect to Connect? Чаму ты вырашыла звярнуцца да такой няпростай тэмы – працы са складаным калектыўным мінулым?

Ідэя праекта Reflect to Connect узнікла, калі я чытала кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча». Кніга вельмі паўплывала на мяне. Яна паказвае, як людзі на Палессі пражывалі розныя гістарычныя эпохі — Другую сусветную вайну, рэпрэсіі савецкага перыяду, рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі. Мяне ўразіла, як гэтыя складаныя, пераплеценыя гісторыі фармавалі жыццё герояў.

Таксама, жывучы ў Германіі, я заўважыла, што ў пытаннях гістарычнай памяці на першы погляд тут шмат што здаецца добра арганізаваным і прадуманым: праводзяцца адукацыйныя праграмы, ствараюцца мемарыялы і ўмовы для працы з мінулым. Шмат беларускіх удзельнікаў_ц, якія прыязджаюць сюды на актыўнасці, кажуць: «Як тут усё добра і мудра арганізавана!» Аднак на ўзроўні сем’яў і асабістага досведу сітуацыя часта зусім іншая. Людзі ўсё яшчэ перажываюць наступствы Другой сусветнай вайны, у сем’ях не прынята абмяркоўваць мінулае, траўмы і эмоцыі застаюцца схаванымі.

Мне стала цікава паказаць, як можна працаваць з мінулым глыбей — не толькі праз гістарычныя факты, але і праз эмоцыі, цялесныя практыкі. Бо гэта вельмі важна для пражывання траўматычнага досведу і разумення яго ўплыву на асобу. Тады я падумала, што было б цікава стварыць нешта на мяжы розных сфер — мастацтва, гісторыі, псіхалогіі і, вядома ж, працы з моладдзю. 🙂 Менавіта так нарадзілася канцэпцыя Reflect to Connect.

Праграма Reflect to Connect аб’ядноўвае актыўнасці з вельмі розных сфер. І вынікі гэтых актыўнасцяў вельмі складана загадзя спланаваць і прадказаць. Адкуль у цябе з’явілася смеласць запускаць такі праект? І наколькі ты сама задаволеная тым, што ў выніку атрымалася?

Вау, смеласць? Шчыра кажучы, я пра смеласць не думала. Мне проста было цікава ператварыць сваю ідэю ў рэальны праект. Гэта было захапляльна і зусім не страшна. Больш за тое, калі я распісвала ідэю на паперы, мне здавалася, што рэалізаваць яе на практыцы будзе лёгка. Я проста раздам задачы — і ўсе будуць працаваць! 🙂 Але калі я пачала збіраць каманду — партнёрскія арганізацыі, трэнераў_к з розных краін, экспертаў_к для воркшопаў — я зразумела, колькі высілкаў і энергіі спатрэбіцца, каб падтрымліваць усю гэтую «машыну».

І тым не менш я вельмі задаволеная вынікам. Я ўспрымаю трэнінг у Ваймары як пілотны, першы крок праекта Reflect to Connect. Мы ўжо рыхтуем наступную частку, якая адбудзецца ў Італіі. Там мы плануем папрацаваць з той жа камандай і тымі ж удзельнікамі_цамі. Мой досвед паказаў, што доўгатэрміновыя праекты даюць магчымасць будаваць давер, глыбокія сувязі і ўстойлівыя партнёрствы. Калі людзі ўжо знаёмыя адно з аднымі, з кожнай новай сустрэчай можна рухацца далей і працаваць глыбей. А вынікі, хай і не заўсёды вымяральныя колькасна, становяцца бачнымі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Ты згадала, што недаацаніла аб’ём часу і высілкаў, якія спатрэбяцца для рэалізацыі праекта. Што дапамагае табе даводзіць справу да канца?

Калі сутыкаюся з цяжкасцямі, мной у першую чаргу рухае ўсё той жа інтарэс: што будзе далей, які імпульс дасць праект людзям і як паўплывае на іх. Вядома, ёсць і момант эга — прыемна быць датычнай да нечага значнага, бачыць вынікі ўласных высілкаў.

Яшчэ я кіруюся прынцыпам: працаваць толькі з тымі, з кім мне камфортна. Я веру, што толькі так можна дасягнуць выніку.

Каманду гэтага праекта я збірала ў асноўным з людзей, з якімі ўжо працавала або пра якіх чула добрыя водгукі. Мы ўважліва абмяркоўвалі магчымасць супрацоўніцтва, перапісваліся, сустракаліся анлайн, каб зразумець, наколькі можам працаваць разам.

У выніку ўсё сышлося ў гэтай падтрымліваючай камандзе. І місіяй праекта для мяне стала не толькі стварыць карысную праграму для ўдзельнікаў_ц, але і сабраць людзей, якія ўмеюць добра працаваць, змогуць разам са мной будаваць кам’юніці Reflect to Connect і без мяне супрацоўнічаць у будучых сумесных праектах.

Ці ўдалося падчас трэнінгу сфармаваць з удзельнікаў_ц адну групу, закласці аснову кам’юніці?

Так, адна з галоўных мэт праекта — аб’яднаць удзельнікаў_ц, дапамагчы ім даведацца пра рэаліі і досвед адно адных. Назва Reflect to Connect адлюстроўвае гэтую ідэю — праз рэфлексію будаваць сувязі. Я сама шмат працую з псіхолагам і веру, што сумеснае пражыванне досведу і рэфлексія могуць збліжаць людзей.

Спачатку група была вельмі асцярожнай. Але ўжо ў першы дзень, пасля сесій, трэнеры_кі прапанавалі правесці Human Library: кожная асоба станавілася кнігай і расказвала сваю гісторыю.

Гэта было вельмі важна: удзельнікі і ўдзельніцы зразумелі, што гэта прастора створана не толькі для таго, каб даведацца пра падзеі гісторыі розных краін, але і дзеля таго, каб дзяліцца асабістымі перажываннямі, быць убачанымі і падтрыманымі.

У праекце былі вельмі розныя гісторыі: беларусы_кі дзяліліся нядаўнім досведам рэпрэсій, а ўдзельнікі_цы з Германіі і Італіі — сямейнымі гісторыямі або больш аддаленым гістарычным досведам. Наколькі розніца ў «цяжары» гэтых перажыванняў уплывала на атмасферу?

Так, розніца ў досведзе ўдзельнікаў_ц сапраўды адчувалася. Для многіх беларускіх удзельнікаў_ц гэта быў першы раз, калі яны апынуліся ў групе з такой колькасцю суайчыннікаў_ц і пачулі столькі асабістага і агульнага для ўсіх нас болю. У іх быў моцны запыт падзяліцца сваёй гісторыяй, быць пачутымі.

Ва ўдзельнікаў_ц з Германіі і Італіі запыт быў трохі іншы — больш слухаць і пазнаваць. Пры гэтым іх асабістыя гісторыі таксама былі моцнымі: у Германіі, напрыклад, цяпер назіраецца рост падтрымкі правых партый, і многія адчуваюць занепакоенасць і страх, што гісторыя можа паўтарыцца. У Італіі таксама падобная сітуацыя: уздым правых сіл, якія імкнуцца прыйсці да ўлады.

У выніку розныя перажыванні і запыты ўдзельнікаў_ц перасякліся і склаліся ў трывалую мазаіку. У гэтым, на маю думку, і заключалася сіла праекта: аб’яднаць, паказаць пункты судакранання і даць магчымасць зразумець адно адных, нягледзячы на розніцу ў досведзе.

Якія моманты праекта Reflect to Connect сталі для цябе найбольш запамінальнымі?

Адна з самых моцных актыўнасцяў праграмы — воркшоп What I Witnessed from the Witness. Удзельнікі_цы праз арт-практыкі расказвалі гісторыі сведак дыктатур і людзей, якія перажылі рэпрэсіі. Хтосьці вырашаліся падзяліцца ўласнымі гісторыямі, хтосьці — сведчаннямі з кніг і ўспамінаў. Некаторыя самі ўдзельнічалі ў здымках, іншыя выкарыстоўвалі цені і абстрактныя вобразы. 

Трэнерка правяла велізарную работу, кансультуючыся з калегамі_яжанкамі і экспертамі_камі, каб воркшоп быў бяспечны для ўдзельнікаў_ц і не прывёў да паўторнага траўміравання. Удзел у воркшопе быў добраахвотным, але ўся беларуская група ўключылася. Паказ гатовых відэа стаў для мяне хіба адным з самых эмацыйных момантаў усёй праграмы: хтосьці плакаў, хтосьці не мог дагледзець і выходзіў з залі. Але гісторыі былі прамоўленыя і пачутыя — гэта давала важнае адчуванне, што эмоцыі і перажыванні тут прызнаюцца і цэняцца. Воркшоп атрымаўся вельмі тэрапеўтычным.

А што адбывалася пасля такіх эмацыйных, цяжкіх актыўнасцяў? Ці праводзіліся нейкія сесіі рэфлексіі, падтрымліваючыя практыкі?

Мы заўсёды клапаціліся пра тое, каб удзельнікі_цы маглі бяспечна пражываць свае эмоцыі. У праекце актыўна выкарыстоўваліся цялесныя практыкі: вытрасанні, прастукванне, танец, рухі, якія дапамагалі «разгружаць» цела і выпліснуць назапашаны боль.

Акрамя таго, мы надзялялі вялікую ўвагу асабістым межам — пастаянна казалі пра тое, што кожны і кожная маюць свабоду выбару: калі хтосьці эмацыйна не спраўляліся, прапаноўвалі альтэрнатыўныя варыянты ўдзелу, стваралі прастору для адпачынку і рабілі ўсё, каб асоба адчувала сябе ў бяспецы. Для многіх удзельнікаў_ц гэта было важным адкрыццём: можна слухаць сябе і выбіраць, калі і як удзельнічаць у актыўнасцях. Такі падыход дазваляў ствараць давер і атмасферу падтрымкі ў групе.

Ад адной з запланаваных актыўнасцяў мы зусім адмовіліся. Спачатку па праграме былі запланаваныя дзве паездкі — у мемарыяльны комплекс Бухенвальд і на былую фабрыку Topf & Söhne, якая вырабляла печы для крэматорыяў канцлагераў. У Бухенвальдзе ўдзельнікі_цы правялі тры гадзіны ў вельмі ўцягнутым, насычаным дыялогу з гідам. Пасля экскурсіі групе спатрэбілася шмат часу, каб пераасэнсаваць убачанае і пачутае.

У гэты момант нам стала відавочна, што прытрымлівацца першапачатковага плана будзе няправільна і можа нашкодзіць удзельнікам_цам. І мы проста адмянілі другую паездку.

Для нас было важней захаваць бяспеку і давер удзельнікаў і ўдзельніц, чым выканаць фармальны план. Чуйнасць да групы і падтрымка — вось самае галоўнае для каманды Reflect to Connect.

Адно с пытанняў, з якім прапануе працаваць праграма, — што мы можам зрабіць цяпер, каб несправядлівасці ў свеце станавілася менш, а памяць пра падзеі і досвед, якія фармуюць нас сёння, захоўвалася? Як бы ты сама адказала на гэтае пытанне?

Я думаю, што ключавое — будаваць супольнасці і сувязі паміж людзьмі. Напрыклад, я сама жыву ў House Project — гэта супольнасць з васемнаццаці чалавек і двух сабак, дзе мы самаарганізоўваемся, дапамагаем адно адным, будуем сістэму салідарнасці. Тое самае я бачу ў працы з моладдзю: важна ствараць праекты — такія, як Reflect to Connect — і ўмовы, у якіх маладыя людзі будуць вучыцца эмпатыі і дыялогу, прыдумляць і развіваць ініцыятывы ў сваіх супольнасцях — каб досвед, які яны атрымліваюць, і ідэі, якія распрацоўваюць разам, маглі рэалізоўвацца і прыносіць сапраўдныя пазітыўныя змены.

Я ўпэўнена, што такія сувязі, падтрымка і ўзаемны ўдзел ствараюць фундамент, каб не дапусціць паўтарэння несправядлівасці і траўм мінулага.

* Размова публікуецца без указання імёнаў з меркаванняў бяспекі.